Мітрапаліт Кандрусевіч: Чынячы Сына ўразлівым, Бог праявіў салідарнасць з чалавецтвам

Кондрусевич
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да беларускіх каталікоў з адмысловым пастырскім пасланнем на Божае Нараджэнне.

«Падобна Мудрацам з Усходу, якія прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Збаўцу і потым вярнуліся дадому іншай дарогай, таксама і мы, якія прыйшлі пакланіцца Езусу, што знаходзіцца ў яслях, павінны вярнуцца да нашых дамоў, месцаў працы, вучобы і адпачынку дарогай, поўнай Божай ласкі і любові», – гаворыцца ў пасланні, паведамляе catholic.by.

Разважаючы пра сутнасць Нараджэння Хрыстова, мітрапаліт Кандрусевіч нагадвае: “Калі мы разважаем пра Нараджэнне Езуса ў бэтлеемскіх яслях з перспектывы Божага плану, то трэба падкрэсліць, што ў ім праявілася Яго бязмежная любоў да чалавека. Чынячы свайго адзінароднага Сына ўразлівым, Бог праявіў салідарнасць з усім чалавецтвам. Яго любоў не абмяжоўваецца тымі, хто нарадзіўся ў багатай і знатнай сям’і. Яна не залежыць ад легальнага і сацыяльнага статусу чалавека. У вачах Бога кожны з нас з’яўляецца найбольшай каштоўнасцю, створанай па Яго вобразу і падабенству асобай”.

Прыгадваючы словы Папы Францішка аб тым, што Еўропа не з’яўляецца зборам лічбаў і інстытуцый, да чаго імкнуцца сучасныя свецкія прагматычныя тэндэнцыі, але складаецца з асобаў, арцыбіскуп Кандрусевіч дадае: “Божая любоў – гэта не сентыментальная любоў, а любоў, якая выяўляецца ў ахвяры сябе чалавецтву. Уцелаўленне Сына Божага – гэта першы крок такой любові, якая потым праявілася ў абвяшчэнні Божага слова, справах міласэрнасці, адпушчэнні грахоў і дасягнула свайго апагею ў пасхальнай таямніцы крыжовай смерці і ўваскрасення”.

“Свята Божага Нараджэння – гэта свята жыцця. У той жа час мы з’яўляемся сведкамі ўкаранення культуры смерці. Гэта найперш практыка забойства ва ўлонні маці ненароджанага жыцця, якая ўзаконена і распаўсюджваецца і вядзе да пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі, з усімі вынікаючымі з гэтага негатыўнымі наступствамі. Да яе далучаецца ўсё яшчэ не вырашаная праблема смяротнага пакарання.Усё гэта заклікае ўсіх нас, найперш бацькоў, урачоў і заканадаўцаў, дазволіць быць перамененымі бязмежнай Божай любоўю, якую мы сёння святкуем і якая вядзе да таямніцы жыцця, як самага каштоўнага Божага дару. Яго даў Бог, і толькі Ён адзін мае права ім распараджацца”, – узгадвае арцыбіскуп Кандрусевіч пра актуальныя праблемы сучаснасці, дадаючы: .” калі нашы гарады ззяюць ілюмінацыямі і адначасова пануе духоўная цемра, мы як быццам пераносімся ў часы прарока Ісаі. Засяроджваючыся на святле і цемры, ён прадстаўляе парадокс чалавечага існавання. Знаходзячыся ў цемры, мы больш свядома ацэньваем святло”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі