“Мы ажыццявілі вялікую праграму святкаванняў” – гутарка з Аляксеем Фраловым

5K4I5510 — копия

Напярэдадні свята Божага Нараджэння мы пагутарылі з выдатным папулярызатарам музыкі і дырыжорам Аляксеем Фраловым.

– Спадар Аляксей, Вы правялі шмат мерапрыемстваў у юбілейны год 500-годдзя беларускай друкаванай Бібліі. Плённа працавалі, каб далучыць больш людзей да Скарынаўскай эпохі. Што для Вас было самым галоўным? Якая падзея пакінула найбольшы след у Вашай душы?

Сам факт, што мы жывем у Год вялікага 500-годдзя і ёсць галоўным! І мы імкнуліся да таго, каб усе тыя праекты, якія задумваліся з нагоды славутай даты, рэалізоўваліся, былі галоўнымі, мелі такую значнасць. Мы запланавалі і ажыццявілі вялікую праграму святкаванняў. Гэта быў цыкл мерапрыемстваў. Мы ўцягнулі ў святкаванне тысячы людзей, актуалізавалі для іх тэму і моцна зацікавілі. Першы наш манументальны Скарынаўскі канцэрт на Беларусі “На Пачатку было Слова” прагучаў у Вялікай канцэртнай залі Белдзяржфілармоніі 12 лютага з удзелам цудоўных салістаў Дзяржаўнага камернага хора і сімфанічнага аркестра “Capella Academia”. Наступным быў канцэрт Духавога аркестра Акадэміі музыкі “У Златай Празе”, які мы прысвяцілі чэшска-беларускім сувязям. Дадатковай атракцыяй падчас канцэрта, якая парадавала і чэшскага амбасадара, і ўсю публіку, быў “візіт сярэднявечнага рыцара”, які нагадаў пра паход 5-тысячнага айчыннага войска на чале з князем Жыгімонтам Карыбутавічам на дапамогу Чэхіі і яе героям – гусітам, якія змагаліся за веру і незалежнасць у XV ст. Сардэчная падзяка пану Юр’ю Усціновічу за рыцарскі даспех з ягонай калекцыі, які так гожа аздобіў гэты наш канцэрт!

Далей на гэту тэму былі камерныя канцэрты ў Мірскім замку, у зале імя Александроўскай Вялікага тэатра Беларусі, у розных навучальных установах. Быў і канцэрт нашага Ансамбля салістаў “Вытокі” ў Палацы Вялікіх князёў літоўскіх у Вільні.

Манументальнае аркестрава-харавое завяршэнне юбілеяў – 500-годдзя беларускай Бібліі і кнігадрукавання і 500-годдзя нямецкай і еўрапейскай царкоўнай Рэфармацыі адбылося ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі роўна ў дзень, калі Марцін Лютэр аб’явіў “гораду і свету” свае славутыя 95 тэзісаў. Праграму “Дзень Лютэра” 31 кастрычніка мы прадставілі з тымі ж удзельнікамі, як і самы першы канцэрт-адкрыццё, стварыўшы своеасаблівую музычную арку. І ўжо 8 лістапада адбыўся як бы “духавы postscriptum” нашых святкаванняў – канцэрт “Tuba Mirum” у выкананні Духавога аркестра “Няміга”, Мінскага квартэта трамбаністаў і спецыяльнага госця з Францыі-Швейцарыі – прафесара Жака Мажэ (трамбон). Літаральна кожная праграма ўключала як вядомыя музычныя творы, так і прэм’еры, у тым ліку нашы архіўныя знаходкі. Прыемна, што гэта ўсё збылося, і манументальныя планы рэалізаваліся. За ўсё дзякуем Богу. Soli Deo gloria. Калі робіцца важная для краіны справа, гэта павінна быць галоўнай мэтай. Нашы сёлетнія святкаванні праз музыку мелі ў сваёй аснове Скарынавы тэзісы: “Богу ко чти, людям посполитым к научению”.

– Вы ажыццявілі шэраг захапляльных падарожжаў з асветніцкімі мэтамі.

– Мы ўключалі ў вандроўкі музычны і навуковы аспекты. У нас была культуралагічная паездка ў Нямеччыну па мясцінах жыцця і дзейнасці Марціна Лютэра. Мы пабывалі ва ўнікальных мясцінах! Падобная паездка ў нас адбылася і ў Чэхію, дзе мы агледзілі 10 з 12-і аб’ектаў ЮНЭСКА, пабывалі ў Скарынавых мясцінах. Дадалі элемент экспедыцыі ў нашу паездку ў пошуках магілы асветніка, таму што ёсць навуковае дапушчэнне, што першадрукар мог быць пахаваны ў чэшскім Крумлаве, а не ў Празе на Градчанах. Мы знайшлі там пахаванні, датаваныя 1549, 1550 гадамі, так блізкімі да часу смерці самога Скарыны. Але яго надмагілля анідзе не было выяўлена, не ўсе загадкі яшчэ пакуль разгаданыя.

– Якую музыку мог слухаць Францішак Скарына ў Венецыі, Падуі? Каго мог чуць з кампазітараў 16-га стагоддзя?

Гэта эпоха росквіту венецыянскай музыкі. У гэты ж час нарадзіўся і жыў Вінчэнца Галілеі, бацька вялікага астранома і ягонага брата-лютніста Мікелянджэла Галілеі. Таксама і іншыя аўтары 16-га стагоддзя. Пазней, на першы план выйшлі Джавані Габрыэлі і Клаўдыё Монтэвэрдзі. Яны далі імпульс усёй еўрапейскай музыцы. Але знакамітая фларэнтыйская камерата – арыстакратычны “гурток музыцыравання” пры двары Медзічы з’явіўся ўжо ў XV стагоддзі! Такія культурныя цэнтры, як Фларэнцыя і Венецыя былі светачамі ў Сярэднявеччы і давалі новыя імпульсы, ідэі, жанры для развіцця рэнэсанснай ідэі на кантыненце. Яны былі галоўнымі гарадамі ў Эпоху Адраджэння. Летась мы наведвалі гэтыя гарады, калі вандравалі шляхамі Міхала Клеафаса Агінскага і Францішка Скарыны. І наш ансамль “Вытокі” з гэтай мэтай адправіўся ў Падую і Фларэнцыю. У “Санта-Кроче” мы ігралі канцэрт непасрэдна побач з магілай Міхала Клеафаса, а ў Падуанскім універсітэце пасядзелі на тых жа лавах, што і “студзіёзус” Францішак, які абараняў свае дактараты.

DSCF0396

– Вы папулярызуеце музыку многіх хрысціянскіх кампазітараў, распавядаеце пра малавядомыя творы і факты. На адным з канцэртаў Вы нагадалі пра тое, што Вівальдзі быў святаром і што яму прыходзілі пад час служэння музычныя ідэі. Дзе Вы знаходзіце такія звесткі?

Цікаўлюся, чытаю, вывучаю… У савецкіх музычных школах, усё, што датычалася царкоўнага жыцця рэтушывалася. Рабіўся “прыгожы выгляд” класіка. З пункту гледжання савецкай ідэалогіі царкоўнасць кампазітара замінала “прывабнай карціне”. Безумоўна, царкоўная культура была спачатку найвышэйшай, а свецкая плыла ў яе фарватары. Але паступова пачаўся працэс узаемадзеяння і ўзаемапранікнення.

– Вы ўзгадвалі з павагай пра Вашых выкладчыкаў па дырыжыраванні, якія на Вас паўплывалі ў Акадэміі музыкі – пра Барыса Чудакова і Аляксандра Сасноўскага.

– Барыс Чудакоў – выдатнейшы педагог па дырыгаванні, цудоўны чалавек, энцыклапедыст, які шчодра дзеліцца з вучнямі сваімі ведамі. Аляксандр Сасноўскі – майстар, носьбіт вялікай школы… У Вільні я вучыўся таксама ў прафесара Ёзаса Дамаркаса, народнага артыста СССР, легенды літоўскай і еўрапейскай музыкі. Неаднойчы бываў я і на ўнікальных майстар-курсах выдатнага дырыжора сучаснасці – Алпаслана Эрцюнгялпа, які доўгі час працаваў разам з геніяльным Клаўдыё Абадо. Мне пашчасціла параўнаць школы, узяць у кожнага педагога нешта ўнікальнае.

– Які Ваш досвед як верніка?

– Я належу да традыцыйнай Евангелічна-Рэфармацкай царквы. Але я лічу, што мы павінны быць проста хрысціянамі і следаваць за Хрыстом.

– Аснову Вашай любові да музыкі заклалі менавіта бацькі. Ці не так?

– Сапраўды, гэта так. Мой бацька – заслужаны артыст Беларусі, адзін з заснавальнікаў ансамбля “Кантабіле”, саліст Сімфанічнага аркестра габаіст Валерый Фралоў. Ён перадаў мне гены і імпульс. Па мамінай лініі родныя таксама былі музычна адоранымі. Прадзед па маме граў на скрыпцы, бабуля мела абсалютны музычны слых. Мама з самага ранняга дзяцінства вадзіла мяне ў філармонію, ў оперны тэатр на сур’ёзную класічную музыку.

-Дзе яшчэ збіраецеся выступаць? Як далучыцца да Вашых вандровак?

Пажывем – пабачым! Сачыце за абвесткамі…

– Шчыры дзякуй ад усіх слухачоў!

Гутарыла Эла Дзвінская,

фота з архіва А. Фралова

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі