Якія ёсць міжканфесійныя аб’яднання і што гэта можа даць Беларусі

Каталіцкі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на прэс-канферэнцыі 19 снежня заявіў, што быў бы не супраць стварэння ў Беларусі незалежнай міжканфесійнай арганізацыі па прыкладзе суседніх Расіі і Украіны.

Krynica.info вырашыла бліжэй паглядзець на гэтыя арганізацыі, іх склад і дзейнасць, каб зразумець, што гэта можа даць і Беларусі, і канфесіям.

IMG_8150

У Расіі (і не толькі) з 1993 года дзейнічае Хрысціянскі міжканфесійны кансультатыўны камітэт краін СНД і Балтыі (ХМКК), які быў створаны для развіцця супрацоўніцтва паміж хрысціянамі на постсавецкай прасторы.

На сённяшні дзень у яго склад уваходзяць Армянская Апостальская Царква, Грузінская Праваслаўная Царква, Руская Праваслаўная Царква (і асобна яе складовыя часткі: Віленска-Літоўская епархія, Латвійская Праваслаўная Царква, Праваслаўная Царква ў Малдове, Украінская і Эстонская Праваслаўныя Цэрквы Маскоўскага Патрыярхата), Евангелічны- лютэранскія Цэрквы ў Літве, у Расіі, Украіне і іншых краінах, у Інгрыі і ў Латвіі, Эстонская Евангелічна-Лютэранская Царква. Таксама членамі ХМКК з’яўляюцца Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі, Латвіі, Літве, Расіі і Украіне, Расійская царква хрысціян веры евангельскай, Расійскі аб’яднаны саюз хрысціянаў веры евангельскай, Расійскі саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў і Царква хрысціян-адвентыстаў сёмага дня.

Сустаршынямі арганізацыі на сённяшні дзень з’яўляюцца мітрапаліт Валакаламскі, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату Іларыён, ардынарый рымска-каталіцкай архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пеццы і старшыня АЗЦС Расійскага саюза ЕХБ Віталь Уласенка.

Мэтай ХМКК з’яўляецца каардынацыя сумеснай дзейнасці хрысціянскіх канфесій у справе садзейнічання грамадзянскай міру, прадухілення міжнацыянальных, міжрэлігійных і іншых канфліктаў, забеспячэння згоды і стабільнасці ў грамадстве.

ХМКК праводзіць даследаванні і распрацоўвае рэкамендацыі ў галіне сучасных міжканфесійных і міжрэлігійных адносін, шукае новыя падыходы ў справе ўмацавання міру, дасягнення грамадскага згоды і прадухілення канфліктаў на міжнацыянальнай і рэлігійнай глебе, распрацоўвае прапановы па ўдасканаленню заканадаўства аб свабодзе сумлення.

Таксама, паводле статуту, ён займаецца развіццём грамадскіх сувязяў з навукоўцамі, экспертамі і спецыялістамі, даследчымі цэнтрамі, дзяржаўнымі ведамствамі і ўстановамі, няўрадавымі арганізацыямі і аб’яднаннямі; праводзіць міжнародныя канферэнцыі, семінары, сімпозіумы; інфармуе грамадскасць аб вопыце ўрэгулявання міжрэлігійных канфліктаў і развіцці канструктыўнага дыялогу; садзейнічае правядзенні двухбаковых і шматбаковых міжканфесійных кансультацый і гэтак далей.

Апошняе буйное мерапрыемства МХКК — V Пленум — прайшоў 26 красавіка ў Санкт-Пецярбургу. Праўда, канкрэтных рашэнняў на ім прынята не было. А ўвянчала пленум выніковы Зварот у сувязі са стагоддзем рэвалюцыйных падзей 1917 года.

img001

Ва Украіне дзейнічаюць адразу дзве буйныя міжканфесійныя арганізацыи. Так, створаная ў 2005 годзе як міжканфесійны кансультатыўна-дарадчы орган Рада Евангельскіх пратэстанцкіх цэркваў Украіны (РЕПЦУ) аб’ядноўвае Усеўкраінскі Саюз Цэркваў хрысціян веры евангельскай — пяцідзясятнікаў (Царква хрысціян веры евангельскай Украіны), Усеўкраінскі Саюз Цэркваў евангельскіх хрысціян-баптыстаў, Украінскую Хрысціянскую Евангельскую Царква, Брацтва цэркваў і місій евангельскіх хрысціян-баптыстаў Украіны, Саюз свабодных цэркваў хрысціян евангельскай веры Украіны, Украінскую Лютэранскую Царкву, Асацыяцыю місіянерскіх цэркваў евангельскіх хрысціян Украіны, Украінскую Уніённую Канферэнцыю Царквы адвентыстаў сёмага дня, Цэнтр незалежных харызматычных хрысціянскіх цэркваў Украіны (Поўнага Евангелля), Духоўны цэнтр хрысціян веры евангельскай «Збаўленне», Аб’яднанне Евангельскіх рэфарматарскіх Цэркваў Украіны і Сабор Незалежных Евангельскіх Цэркваў Украіны. Старшынёй РЕПЦУ ў 2017 годзе з’яўляецца кіраўнік Усеўкраінскага саюза цэркваў ЕХБ Валерый Антанюк.

Асноўнымі задачамі РЕПЦУ з’яўляюцца распаўсюджванне дыялогу сярод Цэркваў, наладжванне брацкіх адносін і супрацоўніцтва ў распаўсюдзе хрысціянскіх евангельскіх ісцін і адраджэнні хрысціянскай маралі ў грамадстве; каардынацыя і ўзгадненне агульнай пазіцыі евангельскіх пратэстанцкіх Цэркваў Украіны на міжканфесійным, дзяржаўным і міжнародным узроўнях; садзейнічанне міжканфесіянальнаму ўзаемаразуменню і згодзе ў грамадстве; усталяванне партнёрскіх адносін паміж дзяржавай і царквой дзеля духоўнага адраджэння ўкраінскага грамадства; абмеркаванне актуальных пытанняў рэлігійнага жыцця і падрыхтоўка ўзаемаўзгодненых прапаноў па ўдасканаленні дзеючага заканадаўства ў першую чаргу па пытаннях, якія тычацца рэлігіі, духоўнасці і маралі; арганізацыя і правядзенне канферэнцый, семінараў, нарад па пытаннях духоўнасці, прымянення і выканання заканадаўства; наладжванне супрацоўніцтва з органамі дзяржаўнай улады і органамі мясцовага самакіравання, грамадскімі арганізацыямі ў сферах агульнай адказнасці перад Богам і грамадствам.

Для забеспячэння выканання сваіх задач РЕПЦУ звяртаецца ў органы дзяржаўнай улады і органы мясцовага самакіравання, а таксама ў кіруючыя органы няўрадавых і рэлігійных арганізацый з адпаведнымі прапановамі, сацыяльнымі ініцыятывамі, а таксама для атрымання інфармацыі, неабходнай для работы Рады; прыцягвае да працы экспертаў і спецыялістаў па пытаннях, якія ўносяцца на разгляд Рады; можа прымаць звароты да грамадскасці і да органаў дзяржаўнай улады і органаў мясцовага самакіравання.

Актыўнасць Рады ў параўнанні з расійскім МХКК больш арыентавана на практыку і на канкрэтныя падзеі ў рэлігійным і грамадска-палітычным жыцці Украіны. У якасці прыкладаў нядаўняй дзейнасці РЕПЦУ можна прывесці падрыхтоўку да правядзення маштабных дзён Падзякі, святкавання 500-годдзя Рэфармацыі, арганізацыя ўсеўкраінскага паста і малітвы супраць правядзення ЛГБТ-маршу, абмеркаванне і падтрымка заканадаўчых ініцыятыў адносна дзейнасці рэлігійных арганізацый у Украіне.

2016.04.23-1b-meeting-President-Poroshenko-UCCRO-Council-Churches-Kyiv-Ukraine-irs.in.ua

Найбольш жа буйной і шырокай па сваім складзе міжканфесійнай арганізацыяй Украіны з’яўляецца Усеўкраінская рада Цэркваў і рэлігійных арганізацый (УРЦіРА), створаная ў 1996 годзе. У Раду уваходзяць як хрысціянскія Цэрквы (Усеўкраінскі Саюз Цэркваў Евангельскіх хрысціян — баптыстаў, Украінская Царква хрысціян веры евангельскай, Закарпацкая Рэфармацкая царква, Нямецкая Евангеліцка-Лютэранская Царква Украіны, Рымска-Каталіцкі Касцёл на Украіне, Саюз свабодных цэркваў хрысціян евангельскай веры Украіны, Украінская Аўтакефальная Праваслаўная царква, Украінскае Біблейскае Таварыства, Украінская Грэка-Каталіцкая царква, Украінская епархія Армянскай Апостальскай Царквы, Украінская Лютэранская Царква, Украінская Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату, Украінская Праваслаўная Царква Кіеўскага Патрыярхату, Украінская Уніённая Канферэнцыя Царквы адвентыстаў сёмага дня, Украінская Хрысціянская Евангельская Царква), так і нехрысціянскія рэлігійныя арганізацыі (Аб’яднанне юдэйскіх рэлігійных арганізацый Украіны, Духоўная ўправа мусульман Крыма і Духоўная ўправа мусульман Украіны). Старшыня апошняй муфтый Ахмед Тамім старшынюе ў УРЦіРА з чэрвеня. У цэлым Рада Цэркваў прадстаўляе больш за 90% усіх рэлігійных арганізацый Украіны.

Мэтай УРЦіРА з’яўляецца аб’яднанне намаганняў канфесій у справе духоўнага адраджэння Украіны і каардынацыі міжцаркоўнага дыялогу ва Украіне і за яе межамі, а таксама ўдзел у распрацоўцы праектаў нарматыўных актаў па пытаннях дзяржаўна-канфесійных адносін і ажыццяўлення комплексных мерапрыемстваў дабрачыннага характару.

Рада Цэркваў функцыянуе на прынцыпах роўнасці і раўнапраўя, павагі да унутраных правілаў і традыцый усіх дзеючых у рамках Канстытуцыі Украіны рэлігійных арганізацый і з’яўляецца незалежнай ад органаў дзяржаўнай улады Украіны, палітычных партый, іншых грамадскіх фарміраванняў і іх кіруючых органаў.

Сакратарыят УРЦіРА, які складаецца з прадстаўнікоў кожнай канфесіі, створаны ў 2005 годзе для папярэдняй прапрацоўкі актуальных пытанняў перад іх вынясеннем на пасяджэнне для разгляду членамі Рады. Таксама ў складзе УРЦіРА функцыянуюць профільныя групы — Камісія па пытаннях сацыяльнага служэння, Камісія медыйнага служэння, Працоўная група па пытаннях рэстытуцыі маёмасці рэлігійных арганізацый.

Усеўкраінская Рада Цэркваў і рэлігійных арганізацый падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з міністэрствам здароўя Украіны, ініцыявала супрацоўніцтва з Міністэрствам адукацыі і навукі. Пры гэтых і іншых міністэрствах былі створаны адмысловыя грамадскія рады для дыялогу і супрацоўніцтва дзяржавы з рэлігійнымі арганізацыямі. Так, пры Мінабароны з 2009 года дзейнічае Рада па справах пастырскай апекі, пры МЗС — з 2015 года дзейнічае Грамадская рада па пытаннях супрацоўніцтва з рэлігійнымі арганізацыямі, а пры Дзяржаўнай пенітэнцыярнай службе была створаная пастырская рада.

Члены Усеўкраінскай Рады Цэркваў і рэлігійных арганізацый праводзяць рэгулярныя рабочыя сустрэчы з прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам Украіны, кіраўніцтвам профільных міністэрстваў і парламенцкіх фракцый. На гэтых мерапрыемствах выпрацоўваюцца рашэнні па далейшым развіцці партнёрскай мадэлі дзяржаўна-канфесійных адносін, пры якой патэнцыял рэлігійнай супольнасці можа лепш паслужыць украінскаму грамадству ў справе маральнага аздараўлення, развіцця дабрачыннасці і вырашэння многіх надзённых грамадскіх выклікаў.

На міжнародным узроўні прадстаўнікі УРЦіРА сустракаліся ў 2001 годзе з Папам Рымскім Янам Паўлам II, у 2009 годзе — міністрамі замежных спраў і па справах рэлігій Ізраіля, у 2012 годзе — з дэпутатамі і прэм’ер-міністрам Канады, са службовымі асобамі, грамадскімі і рэлігійнымі дзеячамі ЗША . У 2013 годзе члены Рады Цэркваў здзейснілі шэраг візітаў у Брусель, падкрэсліваючы еўрапейскі выбар украінскага грамадства і адстойваючы традыцыйныя для Украіны сямейныя і маральныя каштоўнасці, а ў 2014-м правялі шэраг сустрэч у Осла з рэлігійнымі дзеячамі Расіі, спрабуючы данесці сведчанне аб падзеях ва Украіне і прадухіліць далейшую эскалацыю супрацьстаяння на Усходзе Украіны. На працягу 2015 года члены Усеўкраінскай Рады Цэркваў сустрэліся ў Кіеве з дэлегацыяй Сусветнай Рады Цэркваў і правялі шэраг афіцыйных сустрэч у Берліне з прадстаўнікамі ўлады, грамадскімі дзеячамі і мясцовымі журналістамі, у 2016-м яны сустрэлася ў Кіеве з рэлігійнымі дзеячамі Швецыі.

Рада Цэркваў актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці краіны, рэагуючы на ​​грамадскія выклікі публічнымі заявамі, міратворчымі і іншымі мерамі. Асаблівую ўвагу Рада Цэркваў звяртае на неабходнасць зацвярджэння ў грамадстве справядлівасці, забеспячэння свабоды веравызнання і іншых фундаментальных правоў чалавека, абароны грамадскай маралі, барацьбы з карупцыяй, належнай сацыяльнай абароны уразлівых і малазабяспечаных слаёў насельніцтва, правядзенне сумленных і празрыстых выбараў.

Так, у 2015-2017 гадах УРЦіРА падрыхтавала прапановы па законапраекце аб супрацьдзеянні дыскрымінацыі, падтрымала законапраект супраць хатняга гвалту і адносна рэгістрацыі рэлігійных арганізацый, выступала супраць замаху на сямейныя каштоўнасці ў новай Канстытуцыі Украіны, пратэставала супраць ліквідацыі Камісіі па абароне грамадскай маралі і гэтак далей.

Як бачым, у суседніх краінах ёсць мінімум тры варыянты для магчымага аб’яднання беларускіх канфесій у самастойную арганізацыю. Адрозненні маюцца як па якасным складзе арганізацый (пратэстанцкія, хрысціянскія, міжрэлігійныя), так і ў залежнасці ад характару іх дзейнасці (больш дыскусійныя ці больш практычныя). Пры гэтым, як уяўляецца, усе варыянты будуць мець карысць для беларускіх канфесій і грамадства. Хоць канцэнтрацыя выключна на дыскусійным характары дзейнасці наблізіць магчымую арганізацыю да рады, існуючай пры Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

Таксама варта адзначыць, што і ў МХКК, і ў РЕПЦУ і УРЦіРА прадстаўлены практычна ўсе канфесіі, афіцыйна зарэгістраваныя ў Беларусі. Зарэгістраваныя ў Беларусі рэлігійныя аб’яднанні цесна супрацоўнічаюць з шэрагам з прадстаўленых у названых арганізацыях аб’яднаннях, а то і з’яўляецца іх часткай (як Беларуская Праваслаўная Царква). Пры гэтым Каталіцкі Касцёл у Беларусі нават удзельнічае ў дзейнасці МХКК. Усё гэта паказвае на магчымасць іх супрацоўніцтва і ў рамках падобнай арганізацыі ў Беларусі. Фармат жа супрацоўніцтва яны могуць выбраць найбольш прымальны для сябе.

Досвед працы міжканфесійных аб’яднанняў у Расіі і Украіны паказвае на важнасць яго перанясення і ў беларускія рэаліі.

Па-першае, гэта ўмацуе дыялог у краіне як паміж канфесіямі ў цэлым, так і прадстаўнікамі асобных канфесій у прыватнасці, а значыць і паміж рознымі групамі беларускага грамадства. Больш за тое, украінская сітуацыя паказвае, што нават у выпадку відавочнага супрацьстаяння (як у выпадку з рознымі праваслаўнымі юрысдыкцыямі — УАПЦ, УПЦ КП і УПЦ МП) падобная арганізацыя можа стаць пляцоўкай для дыялогу і прыняцця сумесных рашэнняў, нават насуперак існуючым рознагалоссям.

Па-другое, міжканфесіянальнае аб’яднанне можа ўзмацніць падзелены голас розных Цэркваў і рэлігійных арганізацый у пытаннях абароны хрысціянскіх і сямейных каштоўнасцяў, у тым ліку выхавання дзяцей, сям’і, шлюбу, абароны зачатага жыцця.

Па-трэцяе, міжканфесіянальнае аб’яднанне дапаможа аб’яднаць разрозненыя намаганні беларускіх рэлігійных арганізацый у вырашэнні спрэчных момантаў у адносінах з дзяржавай, якія ў той ці іншай меры тычацца ўсіх беларускіх канфесій. Гэта і пытанне рэлігійнага служэння замежнікаў; і рэлігійнай адукацыі; і доступу ў школы, бальніцы, пенітэцыярныя ўстановы і вайсковыя часткі; і рэстытуцыі царкоўнай маёмасці; і распаўсюджвання рэлігійнай літаратуры і пропаведзі свайго вучэння; і рэгістрацыі рэлігійных арганізацый; доступу да дзяржаўных СМІ; распаўсюджвання гуманітарнай дапамогі. Пакуль жа паміж рэлігійнымі аб’яднаннямі ў гэтых пытаннях каардынацыя дзеяння адсутнічае. Вопыт жа мінулага закона, звязаны са спробамі Міністэрства аховы здароўя абмежаваць медыкам магчымасць выкарыстоўваць рэлігійную атрыбутыку, паказвае, што новыя заканадаўчыя выклікі могуць паўстаць у любы момант.

Па-чацвёртае, вопыт супрацоўніцтва царкоўных лідараў на вышэйшым узроўні можа стаць стымулам для аб’яднання розных грамадскіх ініцыятыў (гуманітарных, дабрачынных, грамадскіх) і на нізавым узроўні. Сёння ж мы маем сітуацыю, калі нават у невялікіх гарадах у адной і той сферы могуць дзейнічаць зусім розныя арганізацыі, якія могуць нават не ведаць пра існаванне адзін аднаго або свядома ігнараваць магчымасці супрацоўніцтва.

Пры гэтым варта адзначыць, што ніводная з адзначаных арганізацый не мае на мэце царкоўнай (дагматычнай, літургічнай, структурнай і іншай) уніфікацыі ці стварэння нейкай супольнай Царквы альбо ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы любой Царквы альбо арганізацыі, якая ўваходзіць у яе склад.

Разам з тым чакаць, што стварэнне незалежнай міжканфесійнай рады зможа рэзка і кардынальна змяніць сітуацыю ў грамадска-рэлігійнай сферы, не варта. Аднак першыя крокі ў гэтым кірунку яно адназначна дапаможа зрабіць.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі