У Беларусі патрабуюць забараніць вобразы напаўголых людзей у рэкламе

5

Больш за 1,3 тыс. грамадзян Беларусі падпісаліся пад калектыўным зваротам з патрабаваннем забараніць выкарыстанне ў рэкламе напаўаголеных мужчын і жанчын. У якасці прыкладаў прыведзена рэклама сеткі супермаркетаў спартыўнага харчавання Fizcult, вытворцы парфумерыі Dilis і брэнда жаночай бялізны Verally.

Калектыўныя звароты Нацыянальны сход, Савет міністраў, Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам пераадрасавалі ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, паведамляе Marketing.by.

У звароце патрабуюць прызнаць неналежнай вонкавую рэкламу і рэкламу ў метро і гандлёвых цэнтрах, якая змяшчае вобразы напаўаголеных мужчын і жанчын (перш за ўсё ў рэкламе жаночай бялізны, калготак і салярыяў) і скарэктаваць закон «Аб рэкламе», забараніўшы выкарыстанне ў рэкламе напаўаголеных мужчын і жанчын.

Падпісанты адзначаюць, што такая рэклама дыскрэдытуе Беларусь у вачах грамадзян з устойлівымі маральна-этычнымі нормамі; ганіць гісторыка-культурныя каштоўнасці; прапагандуе сэксуальную распушчанасць; негатыўна ўплывае на фармаванне каштоўнасцяў у дзяцей; фармуе вобраз жанчыны выключна як сэксуальнага аб’екта.

Эксперты Мінкульта павінны вызначыць, ці ёсць сярод дасланых рэклам змяшчаючыя эротыку ці яе элементы. Без гэтага МАРГ не можа зрабіць выснову, ці парушаюць яны патрабаванні закона “Аб рэкламе”. Між тым на пасяджэнні рабочай групы Міжведамаснага савета па рэкламе парушэнне патрабаванняў закона ўбачылі толькі ў некалькіх рэкламных макетах.

МАРГ таксама рэкамендаваў гульцам рэкламнага рынку “не выкарыстоўваць у рэкламе вобразы, падобныя прадстаўленым”. Акрамя таго, міністэрства просіць рэкламныя асацыяцыі выказацца пра пазіцыю незадаволеных грамадзян і разгледзець пытанне ўвядзення забароны на выкарыстанне ў рэкламе напаўаголеных мужчын і жанчын.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі