У Мсціславе ідэолаг, міліцыя і суд не даюць баптыстам праводзіць набажэнствы

141337438199635-i0

3 снежня ў час набажэнства ў Мсціславе ў прыватны дом, гаспадаром якога з’яўляецца баптысцкі вернік Сяргей Бобр, з праверкай пажарнай бяспекі прыйшла камісія з райвыканкама: начальнік аддзела ЖКГ Дзмітрый Ткачоў, начальнік аддзела па ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Наталля Біскуп, участковыя інспектары Д. Баварэнка і Яўген Зуеў.

Перапыніўшы служэнне, яны пачалі дапытваць прысутных і весці фотаздымку. Сяргея Бабра абвінавацілі ў тым, што ён праводзіць рэлігійны сход незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі і выкарыстоўвае не па прызначэнні жылое памяшканне, паведамілі ў служэнні заступніцтва цэркваў Міжнароднага саюза цэркваў Евангельскіх хрысціян-баптыстаў «Голос страждущего».

15 снежня суддзя Сяргей Марозаў вынес пастанову, у якой сказана, што Сяргей Бобр у сябе дома «праводзіў сход рэлігійнай арганізацыі (баптысты), колькасцю тых, хто сабраўся ў 15 чалавек… чым дапусціў ажыццяўленне рэлігійнай дзейнасці, названай рэлігійнай арганізацыі, без узгаднення парадку карыстання названым жылым памяшканнем». За выкарыстанне жылога памяшкання не па прызначэнні ён быў аштрафаваны па ч.1 арт.21.16 КаАП (Парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканням…) на 23 рублі.

Сяргей Бобр вінаватым сябе не прызнаў і 20 снежня падаў апеляцыйную скаргу. У ёй ён патлумачыў, што згодна з артыкулам 31 Канстытуцыі, кожны мае права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, аднаасобна і сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя са стаўленнем да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, незабароненых законам. Арт.1 закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» абвяшчае аб гарантаваным праве кожнага на свабоду аб’яднання ў рэлігійныя арганізацыі. Прымус грамадзян аб’ядноўвацца ў рэлігійныя арганізацыі не з’яўляецца свабодай, адзначыў ён.

Між тым 17 снежня ўчастковыя Баварэнка і Зуеў, начальнік аддзела па ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Наталля Біскуп зноў наведалі набажэнства і трыма днямі пазней на Сяргея Бабра склалі яшчэ адзін пратакол. Пры гэтым яны папярэдзілі, што будуць і надалей наведваць сходы і штрафаваць за правядзенне набажэнстваў.

На падставе гэтага пратаколу 28 снежня адбыўся другі судовы працэс. Той жа суддзя Сяргей Марозаў прызнаў Сяргея Бабра вінаватым у парушэнні той жа ч.1 арт.21.16 КаАП і аштрафаваў на 345 рублёў.

Сяргей Бобр просіць падтрымаць яго ў малітвах і хадайнічаць перад прэзідэнтам Беларусі, Магілёўскім абласным судом і старшынёй Мсціслаўскага райвыканкама аб тым, каб адмянілі вынесеныя рашэнні суда і каб вернікі маглі бесперашкодна праводзіць набажэнствы.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі