«Порах» і «Змова супраць кароны» – фільмы пра хрысціянскі тэрор і тэрарызм
Хрысціянства, паводле шматлікіх справаздач, сёння з’яўляецца самай пераследуемай рэлігіяй у свеце. Але былі часы, калі значную долю ў гэтых пераследах складалі пераследы з боку саміх хрысціянаў.
Пік хрысціянскіх ганенняў на хрысціян выпаў на XVI-XVII стагоддзі, калі адны хрысціяне пераследвалі іншых на тэрыторыі ўсёй Еўропы – ад Брытанскіх астравоў і да Салавецкіх. Адным з эпізодаў гэтага трагічнага перыяду хрысціянскай гісторыі прысвечаны міні-серыял «Порах», які распавядае пра падзеі знакамітай парахавой змовы, у гонар перамогі над якой у Вялікабрытаніі да гэтага часу ладзяць ноч феерверкаў і вогнішчаў, таксама вядомую як ноч Гая Фокса – змоўшчыка, які мусіў падарваць бочкі з порахам пад англійскім парламентам, калі там сабраліся дэпутаты і кароль. Пры гэтым сам вобраз Гая Фокса дзякуючы фільму-антыўтопіі «V – значыць вендэта» стаў сусветным сімвалам барацьбы з тыраніяй.
Трохсерыйны «Порах» апавядае пра падзеі самага пачатку XVII стагоддзя, калі ў пратэстанцкай Англіі набылі асаблівы размах пераследы каталікоў, калі каталіцкіх святароў і манахаў, як і хаваючых іх вернікаў каралі смерцю, а тых, хто адмаўляўся прымаць удзел у англіканскіх набажэнствах ці ж быў заўважаны за удзелам ў каталіцкіх, сурова штрафавалі. У гэтых умовах і выспела каталіцкая змова супраць уладаў і асабіста супраць караля Якуба І Сцюарта (таго самага, пад патранажам якога быў выкананы афіцыйны пераклад Бібліі на ангельскую мову). На чале яго стаў англійскі дваранін Роберт Кейтсбі.
Характэрна, што Кіт Харынгтан, сапрадусар серыяла і акцёр, які выканаў у ім галоўную ролю Роберта Кейтсбі, па бацькоўскай лініі з’яўляецца нашчадкам караля Якуба І, а па матчынай – сваяком як раз Роберта Кейтсбі. Больш за тое, поўнае імя зоркі «Гульні тронаў» гучыць як Крыстафэр Кейтсбі Харынгтан. Прэм’ера серыяла ў Вялікабрытаніі адбылася 21 кастрычніка 2017 года за некалькі дзён да чарговай гадавіны парахавой змовы (5 лістапада 1605 гады), але таксама і напярэдадні гадавіны Акту аб супрэматыі (3 лістапада 1534 году), які абвесціў ангельскага караля кіраўніком Англіканскай Царквы, і афіцыйнага святкавання 500-годдзя еўрапейскай Рэфармацыі (31 кастрычніка 1517 года). Ці з’яўляецца гэта супадзеннем, невядома.
Фільм паказвае ўсе жахі пратэстанцкага дзяржаўнага тэрору ў дачыненні да іншадумцаў, а дакладней іншаверцаў, і гераізм кіданых на пакутніцкую і здзеклівую смерць каталіцкіх святароў і свецкіх, адказам на што становіцца каталіцкі тэрарызм. Разам з тым самі ўдзельнікі змовы, прынамсі па фільме, не з’яўляюцца ўзорам верацярпімасці і ў выпадку поспеху маюць намер не ўсталяваць свабоду сумлення, а забяспечыць поўны трыумф каталіцкай веры.
Пра тое, што дзяржаўны тэрор быў характэрны не толькі для пратэстантаў, але і для каталікоў, у фільме сведчаць кадры з Іспаніі, да караля якой па ваенную дапамогу выправіліся ўдзельнікі змовы. Тут яны сталі сведкамі расправы ўжо з боку іспанскай інквізіцыі ў дачыненні да габрэяў, мяркуючы па ўсім, марранаў – ахрышчаных іспанскіх юдэяў, якія часта таемна працягвалі практыкаваць сваю веру, за што і станавіліся ахвярамі пераследу як вераадступнікі ад хрысціянства. Больш за тое, у Іспаніі змоўшчыкі даведаюцца, што самую магутную каталіцкую манархію ў свеце больш турбуюць эканамічныя інтарэсы, чым лёс іх пераследуемых адзінаверцаў.
«Замежныя каралі ніколі не дадуць нам таго, што мы шукаем. Трэба падымаць сваіх суайчыннікаў. Рашэнне побач, яно тут, у нашых сэрцах», – адзначае пасля няўдалай паездкі ў Мадрыд Роберт Кейтсбі. Разуменне гэтага будзе карысна і для многіх беларусаў.
Вычарпаўшы легальныя метады барацьбы, каталіцкія дваране і арыстакраты вырашаюцца забіць караля і дэпутатаў парламента. Пры гэтым меркаванне блізкіх да змоўшчыкаў святароў з’яўляецца дыяметральна процілеглым: калі адзін з іх далучаецца да змовы, другі – заклікае пайсці «іншым шляхам», бо забойствы супярэчыць хрысціянству.
Фільм ставіць перад намі пытанні аб мерах, якія могуць быць прымальнымі ў выпадку прыгнёту і рэлігійных ганенняў, а уладным людзям паказвае, да чаго могуць прывесці іх непрадуманыя дзеянні. Такі досвед, калі адказам на занадта старанна закручванне гаек з’яўляюцца акты тэрарызму, мецяжы або рэвалюцыі, мелі і маюць у свеце шматлікія дыктатуры і тыраніі, а не толькі кароль Якуб І. Таксама, спадзяюся, фільм дапаможа хрысціянам розных канфесій па-новаму зірнуць на сваю гісторыю і задумацца, ці не ўжо ў гэтым свеце мы не можам знайсці магчымасці для супрацоўніцтва адно з адным.
Пра гэтыя ж падзеі распавядае і другая частка двухсерыйнага фільма «Змова супраць кароны», які выйшаў у 2004 годзе з маладым Майклам Фасбендерам у ролі Гая Фокса. Тут значна больш месца нададзена раскрыццю асобы караля Якуба і прычын, якія падахвочвалі яго да ганенняў на каталікоў. Ёсць тут месца і здрадзе, пра якую не гаварылася ў «Пораху».
Заканчэнне фільмаў раскрываць не буду, хоць, хто абазнаным у гісторыю Англіі і так усё зразумела. Магу толькі сказаць, што ўсе тыя, што ведаюлі пра змову, у тым ліку і тыя, хто адгаворваў ад яе, сустрэлі свой лёс годна. Англію ж у бліжэйшыя 100 гадоў чакалі яшчэ дзве рэвалюцыі, пакаранне аднаго караля і выгнанне іншага, кароткае рэспубліканскае кіраванне, а таксама кароль-каталік на англійскім троне.
І самі фільмы:
«Порах» / Gunpowder
Краіна / год – Вялікабрытанія, 2017
Рэжысёр – Джэй Блейксан
У ролях – Кіт Харынгтан, Пітэр Малан, Марк Гэтыс, Ліў Тайлер і іншыя.
«Змова супраць кароны» / Gunpowder, Treason & Plot
Краіна / год – Вялікабрытанія, 2004
Рэжысёр – Гіліс Макінан
У ролях – Цім Макінэрні, Эмілія Фокс, Роберт Карлайл, Майкл Фасбендэр і іншыя.
Максім Гацак
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Сайт Krynica.info часова спыняе сваю працу 21.09.2022 17:18
- Пастару Вячаславу Ганчарэнку штраф 100 базавых 20.09.2022 14:55
- Затрыманы Вячаслаў Ганчарэнка 20.09.2022 11:53
- Адзін з самых пазнавальных беларускіх календароў ужо ў продажы 19.09.2022 12:11
- “Стаміліся ўсё ад хлусні”. Белгарадскі мітрапаліт лічыць, што ў Расіі з-за вайны можа паўтарыцца 1917 год 19.09.2022 10:43
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)