Царква як трыбуна: Лукашэнка прыйшоў у Свята-Духаў сабор

2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на свята Божага Нараджэння 7 студзеня прыйшоў у праваслаўны ў Свята-Духаў кафедральны сабор, дзе запаліў калядную свечку ля Мінскай іконы Божай Маці, падарыў Беларускай Праваслаўнай Царквы ікону Раства Хрыстова, напісаную ў тэхніцы васковай тэмперы ў стылі Полацкай фрэскі, традыцыйнай для беларускай школы іканапісу XII стагоддзя, а сам храм у чарговы раз выкарыстаў у якасці палітычнай трыбуны.

Кіраўніка дзяржавы сустрэў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павал, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, які падарыў яму абраз «Збаўца», прывезены з Іерусаліма і асвячоны на Труне Госпада. У храме таксама прысутнічалі прадстаўнікі праваслаўных брацтваў і сястрыцтваў, навучэнцы нядзельнай школы, прыхаджане, паведамілі ў Адміністрацыі прэзідэнта.

Падчас выступу Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў жыцці ёсць шмат розных святаў, якія па-рознаму ўспрымаюцца людзьмі. Хтосьці адзначае Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі цi 1 Мая, а хтосьці выкарыстоўвае гэтыя дні, каб заняцца сваімі справамі. «Але ёсць святы, якія святкуем усе мы. Гэта ўсеагульныя святы — і сямейныя, і агульнанародныя. І на вуліцу мы выходзім для таго, каб іх адсвяткаваць. Гэта і свецкія святы, і, як у нас прынята казаць, духоўныя. Хоць і свецкія святы, пра якія я скажу, працятыя высокай духоўнасцю. Дапусцім, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці, 8 Сакавіка», — сказаў ён.

Па словах прэзідэнта, духоўныя святы, як Раство Хрыстова або Вялікдзень, святкуе ўвесь народ, а самі яны служаць для натхнення і натхнення ўсяго народа незалежна ад веравызнання, «бо яны належаць адной адзінай нашай краіне, гэтаму камяку зямлі, імя якому — Беларусь».

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што асноўная мэта яго візіту ў царкву на Раство — падзякаваць мітрапаліту Паўла, святарам, «усім, хто нясе гэты Божы крыж у імя духоўнасці нашага народа, за служэнне нашаму народу і дзяржаве». Пры гэтым, як і ў калядным пасланні, ён працягнуў спекуляваць на пытаннях міру і бяспекі: «У міралюбнасць, спакой і стабільнасць, якія існуюць на гэтым няпростым камяку зямлі, на скрыжаванні ўсіх дарог, вялікі ўклад нашай царквы. Усіх нашых канфесій, асабліва святароў Праваслаўнай Царквы. Усё ж такі гэта самая вялікая канфесія ў нашай дзяржаве. Адпаведна, і народ вам адказвае мірам і дабром. Давайце гэта дабро, гэты мір будзем берагчы як зрэнку вока».

1

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўная каштоўнасць — гэта мір і спакой, якія не бяруцца ніадкуль, а грошы заўсёды можна знайсці і зарабіць. Чаму беларусы ніяк не могуць за час яго амаль 24-гадовага кіравання зарабіць нават у сярэднім 500 даляраў заробку, ён так і не ўдакладніў. «І ён (Гасподзь) бачыць усё. Калі мы не будзем гэта берагчы, пакарае абавязкова. Таму давайце берагчы гэты мір. Ён для нас вельмі важны», — сказаў прэзідэнт.

Галоўнай падзеяй 2017 года ў Беларусі ён назваў пераадоленне негатыўных тэндэнцый у эканоміцы, што «неадкладна паўплывала на ўсё наша грамадства». «Жыццё ў нас не выдатнае, я гэта разумею, яно прымальнае. У гэтым годзе мы павінны зрабіць крок наперад, падняцца на прыступку вышэй, каб гэтое жыццё было не проста прымальным, а нармальным. Асаблівасць сёлетняга моманту ў тым, што ў нас усё для гэтага ёсць. І мы абавязкова павінны разам з вамі зрабіць гэты крок, на гэтую прыступку падняцца. І тады ў нас праз год будзе пра што гаварыць, і ў нас зусім іншы будзе настрой», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Якое эканоміка мае дачыненне да святкавання Каляд, не ўдакладняецца.

«Мы жывем надзеямі на будучыню, і я ўпэўнены, што гэтыя надзеі ў маючым адбыцца годзе спраўдзяцца», — падкрэсліў ён.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі