Першаіерарх БАПЦ: Хрыстова вучэнне прынесла любоў і роўнасць паміж людзьмі

52B567B0-5695-44BA-B1E4-D48DD6391516_w650_r0_s

Архіепіскап Наваградскі, першаіерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Святаслаў звярнуўся з калядным зваротам. Яго тэкст 7 студзеня прыводзіць афіцыйны сайт БАПЦ.

“Болей за дзве тысячы гадоў таму адбылася падзея, якая падзяліла гісторыю чалавецтва на час да і пасля Нараджэння Ісуса Хрыста – цуда прыходу Сына Божага, аднаго з трох асобаў Прасвятое Тройцы, на Зямлю дзеля збаўлення ўсіх людзей. Ён, Святое Дзіцятка, у яслях зволіў ляжаць, і зоркаю быў пазначаны, як Творца зорак. Нават хрысціянам не цалкам зразумелая тайна беззаганнага зачацця і нараджэння Дзевай Марыяй Сына Божага, хаця пра гэта пісалі прарокі за стагоддзі да прыходу Месіі. Але гэтае вялікае свята, званае ў Беларускім народзе – Калядамі, паказвае нам, што бачны матэрыяльны свет мае сувязь з нябачным духоўным светам.

Хрыстова вучэнне прынясло любоў і роўнасць паміж людзьмі. На Законах Божых грунтуюцца законы маральныя і дзяржаўныя цывілізаванага свету. Калі б усе, хто святкуе Нараджэнне Хрыстовае, яшчэ б і жылі па Запаветах Божых, то ў свеце было б значна меней зла й хлусні, і значна болей павагі й любові.

Беларуская Царква заўсёды моліцца за свой Беларускі народ, каб ён будаваў сваё нацыянальнае жыццё на падмурках Хрысціянства, стаўся народам святым, сцвяржаўся ў вечнасці і сваё пасланства выканаў.

Жадаю ўсім беларусам, якія жывуць на Бацькаўшчыне і ў Замежжы, вясёлых Калядаў і шчодрага новага 2018 года ад Нараджэння Хрыстовага, і Ласкі Божае для вас і вашых блізкіх. І каб радасна й шчыра віншавалі адзін аднаго”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі