Запарожская трагедыя і паводзіны Маскоўскага Патрыярхату

12

31 снежня ў Запарожжы (Украіна) адбылася страшная трагедыя. Самазабойца выскачыў з акна і ўпаў прама на двухгадовае дзіця. Загінуў сам і забіў хлопчыка. Не выратавалі. Але смерць стала толькі пачаткам пакут бацькоў. На пахаванні дзіцяці, прама на пахаванні, святар Маскоўскага Патрыярхату адмовіўся адпяваць мёртвага хлопчыка, бо яго ахрысцілі ва Украінскай Праваслаўнай Царкве Кіеўскага Патрыярхату. Прама каля труны. Нават калі маці хлопчыка стала прад ім на калені… Пры гэтым Запарожскі архірэй Маскоўскага патрыярхату замест таго, каб папрасіць прабачэння ды пакараць святара, падтрымаў падобную пазіцыю ды, як кажуць крыніцы, нават пахваліў яго за прынцыповасць. Падзея ўзняла ўсю Украіну, у знак пратэсту ды асуджэння да храмаў Маскоўскага патрыярхату людзі пачалі прыносіць лялькі…

У багацёх хрысціян, асабліва па-за межамі Украіны, падзея выклікала шок ды неразуменне. Дык што ж сапраўды адбываецца з архірэямі ды святарамі Маскоўскага патрыярхату?

Напраўду, для большасці ўкраінцаў нічога новага ў паводзінах маскоўскага святара няма. У сваёй барацьбе за “рускі мір”, дзе асноўным ворагам ёсць не толькі Кіеўскі Патрыярхат або ўніяты, а і сама незалежная Украіна, некаторыя прадстаўнікі Маскоўскага Патрыярхату “прабілі дно” не толькі праваслаўных догматаў і канонаў, а і наогул хрысціянскай ды чалавечай маралі. Выпадак з загінуўшым хлопчыкам – гэта толькі квінтэсенцыя нянавісці ды бесчалавечнасці. Вядома багата прыкладаў, калі маскоўскія архірэі ды святары выказвалі непавагу да загінуўшых абаронцаў Украіны, адмаўлялі ў іх адпяванні ды памінанні пад час багаслужбаў… Але павернемся да апошняга выпадку ды асэнсуем усю абсурднасць дзей святара ды словаў ягоных абаронцаў.

Па версіі Маскоўскага патрыярхату, УПЦ КП не ёсць Праваслаўнай Царквой, знаходзіцца ў расколе і таму яе архірэі – не архірэі, а святары – не святары. Праз гэта Таямніцы нядзейсныя, у тым ліку і хрышчэнне… а святар не мае права адпяваць нехрышчонага.

Мы пакінем за “дужкамі” той факт, што хрышчэнне можа здзяйсняць нават просты вернік і яно будзе сапраўдным (пасля святар толькі робіць дапаўненне – мірапамазанне, але, калі чалавек да гэтага памёр, ён усе адно лічыцца хрысціянінам). Не будзем разглядаць і той факт, што у будзь-якому выпадку Кіеўскі Патрыярхат ёсць хрысціянскай дэнамінацыяй, адпаведна ягоныя вернікі – хрысціянамі, а для гэтага ва ўсіх праваслаўных Трэбніках ёсць адпаведны “Чын адпявання інаслаўнага хрысціяніна”. Зрэшты, нават забудзем аб тым, што сам Маскоўскі патрыярхат 141 год знаходзіўся ў статусе “раскольнікаў”, але чамусь не толькі вызнае праваслаўнымі хрысціянамі сваіх вернікаў часоў “расколу”, а нават лічыць іх частку святымі ды асвячае ў імя іх саборы (найбольш вядомы – Сабор Васіля Блажэннага (+1550) у Маскве)…

Давайце проста звернемся да праваслаўных канонаў.

Мусім вызнаць той факт, што для Праваслаўя, як і агулам для Хрысціянства, раскол і спрэчкі — не новая з’ява. Яны паўставалі яшчэ з апостальскіх часоў. Сітуацыя Украіны не проста не ўнікальная – усё гэта было дзясяткі разоў, паколькі ў праваслаўі няма адзіна прынятай працэдуры аддзялення нацыянальнай царквы; у большасці выпадкаў пры такім аддзяленні царква некаторы час знаходзіцца ў нявызначаным статусе, пакуль усе астатнія не вызнаюць, што яе незалежнасць (аўтакефалія) – гістарычна факт, які адбыўся. Адпаведна, існуюць правілы паводзін у такіх сітуацыях. У прыватнасці, ёсць такі агульнапрызнаны аўтарытэтны дакумент – Правілы Васіля Вялікага, які як раз рэгламентуе выпадкі адносна вызнання хрышчэння. Больш таго, гэта разглядаецца ўжо ў першым пункце правілаў.

Усе «няправільныя» цэрквы падзяляюцца ў Правілах свт. Васіля Вялікага на тры групы. Па ступені адчужэння:

– ерэтыкі — тыя, чыё вучэнне ў прынцыпе адрозніваецца ад агульнапрынятага вучэння Царквы. Напрыклад, адмаўляюць Святую Тройцу;

– схізматыкі, г.зн. раскольнікі — тыя, што разыходзяцца ў меркаванні наконт асобных царкоўных пытанняў;

– самачынныя зборы — арганізацыі, узначаленыя «непакорлівымі епіскапамі».

Толькі ў першым выпадку хрышчэнне апрыёры не прызнаецца, у другім — можа быць прызнанае, у трэцім — павінна быць прызнанае. Што праўда, у Маскоўскім патрыярхаце любяць спасылацца на гэта ж правіла — там згадваецца, што нават ахрышчаных ад раскольнікаў старажытныя перахрышчвалі, паколькі, сышоўшы ў раскол, тыя сталі як бы міранамі. Але сам жа свт. Васіль Вялікі агаворваецца, што з гэтага правіла былі выключэнні, і ўспамінае епіскапаў, прынятых з расколу з захаваннем сану. І гаворка там ідзе канкрэтна пра секты энкрацітаў, якія прапаведвалі строгія, супастаўныя з манаскімі, правілы нават для свецкіх і ўключалі ў канон Бібліі некананічныя кнігі.

Аднак калі мы паглядзім на веравучэнне Кіеўскага Патрыярхату, мы не знойдзем ніводнага адступлення ад агульнапрынятых праваслаўных догматаў і канонаў. Адзінае адрозненне – спрэчка адносна адміністратыўнага падпарадкавання (дамаганне вызнання свайго аўтакефальнага статусу збоку Царквы-Маці – Канстанцінопальскага патрыярхату). Таму, нават калі жорстка карыстацца правіламі свт. Васіля Вялікага, як гэта часам любіць рабіць РПЦ, Кіеўскі Патрыярхат нельга вызнаць не толькі ерэтыкамі, а нават раскольнікамі. У самым горшым выпадку, ён падпадае выключна пад вызначэнне «самачыннага зборышча» і не цягне нават на раскольнікаў, не кажучы ўжо пра ерэтыкаў: “калі хто, вызначаны ў граху, выдалены ад святарства, не скарыўся правілам, а сам ўтрымаў за сабой урад і святарства, і з ім адступілі некаторыя іншыя, пакінуўшы Кафалічную Царкву, — гэта ёсць самачыннае зборышча”.

Больш таго, тыя ж католікі з пункту гледжання Маскоўскага патрыярхату — у самым мяккім вызначэнні раскольнікі, часцей проста ерэтыкі. У іх іншы лад Царквы, іншыя абрады, ёсць адрозненні ў дагматыцы. Але каталіцкае хрышчэнне Маскоўскі патрыярхат чамусь вызнае…

Такім чынам, кожнаму, хто хоць крыху знаёмы з кананічным правам ды хрысціянскім багаслоўем, зразумела, што для непрызнання хрышчэння, здзейсненага святарамі Кіеўскага Патрыярхату, няма законнага кананічнага абгрунтавання.

Дык што ж адбылося напраўду?

На наш погляд, сумная гісторыя з адпяваннем хлопчыка, якая безумоўна выходзіць за рамкі хрысціянскай маралі, з’яўляецца лагічным вынікам той хлусні, якую Маскоўскі Патрыярхат дзесяцігоддзямі вылівае на Украінскае Праваслаўе. Раней ці пазней хлусня, бацькам якой ёсць “князь свету гэтага”, пачынае руйнаваць ды гуляць супраць таго, хто яе абвяшчае. Нават калі абстрагавацца ад таго, што перахрышчванне з пункту гледжання хрысціянскага веравучэння — страшны грэх. З цынічна-стратэгічнага пункту гледжання калісьці гэта павінна было вылезці бокам для хлусаў. Вылезла – маральны аўтарытэт і давер да Маскоўскага патрыярхату даўно падае ва Украіне ўжо ў геаметрычнай прагрэсіі, а апошняя падзея наогул дае падставу сумнявацца ў хрысціянскасці яго пэўных іерархаў ды святароў. Бо Хрыстос – ёсць любоў, міласэрнасць і ахвярнасць.

Апошняе… Найбольшы жах ад спраў і слоў клірыкаў Маскоўскага патрыярхату ў тым, што не знойдзеце саборнай або сінадальнай пастановы Маскоўскага Патрыярхату в Украіне, якія патрабуюць перахрышчваць тых, хто прыняў хрышчэнне ў Кіеўскім Патрыярхаце. Бо ім проста няма на што кананічна і багаслоўску абаперціся…. Натуральна, маскоўскія святары могуць і далей выдаваць сябе больш праваслаўнымі, чым Святыя Айцы. Вось толькі сістэма хлусні ды амаральнасці “рускага міра” ўсё часцей дае жудасныя збоі, наглядна дэманструючы сваю нежыццяздольнасць ды антыхрысціянскую сутнасць.

прат. Сяргей Горбік (УПЦ КП)

P.S. Загінуўшага хлопчыка адспяваў святар Кіеўскага Патрыярхату, а ужо ў першы дзень у багацёх епархіях УПЦ КП архірэі выдалі распараджэнні аб асаблівай малітве за яго.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі