Каталіцкая Царква абвесціла 2018 душпастырскі год у Беларусі Годам моладзі

год молодежи
У Беларусі 2018 душпастырскі год абвешчаны Годам моладзі – такое рашэнне было прынятае падчас 67-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў.

Старшыня Рады па справах свецкіх і моладзі пры ККББ дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі тлумачыць: “Год моладзі – гэта працяг таго, што робіцца для маладых людзей і разам з імі ў Касцёле ў дыяцэзіі, Беларусі і свеце. Мы кіруемся, найперш, за Святым Айцом Янам Паўлам ІІ, які арганізаваў Сусветныя дні моладзі. Пантыфік шмат часу прысвячаў маладзёнам, разумеючы, што за імі – будучыня. Аб’яўлены ў Касцёле ў Беларусі Год моладзі будзе своеасаблівай падрыхтоўкай да СДМ, якія адбудуцца ў 2019 годзе ў Панаме. Таксама хутка ў Ватыкане пройдзе Сінод Біскупаў, прысвечаны праблемам маладога пакалення. У яго падрыхтоўчай працы можа і, я б сказаў, павінна прыняць удзел моладзь з усяго свету. Вельмі важна, каб гэты сінод быў не аб ёй, але разам з ёй. Касцёл чакае ініцыятывы з боку маладых людзей, каб адчуць подых сучаснасці і разглядзець праз іх заўтрашнюю перспектыву супольнасці вернікаў”, паведамляе catholicnews.by.

“На пераломе тысячагоддзяў шмат што ў свеце змянілася: грамадская абстаноўка, палітычная і эканамічная сітуацыя, нават крытэрыі маральнасці. Але што датычыць Евангелля Хрыста, то яно нязменнае і жывое ва ўсе часы. Настаў той востры момант, калі маладыя людзі твар у твар сутыкнуліся з ідэаламі, якія часамі могуць не супадаць або нават супярэчыць агульнахрысціянскім каштоўнасцям. Касцёл жадае выслухаць моладзь: якія яна мае мары, чаканні, чым жыве і што плануе. Пачуць і зарыентаваць маладых людзей у накірунку, які вядзе да сапраўднага шчасця”, – дадае біскуп Станеўскі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі