Слова Скарыны будзе даступным і зразумелым для шырокай аўдыторыі: гутарка з Алесем Сушам

5

9 студзеня сярод лаўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэнне” высокую ўзнагароду за факсімільнае ўзнаўленне і папулярызацыю кніжнай спадчыны Францыска Скарыны атрымаў калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Намеснік дырэктара бібліятэкі па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, кандыдат культуралогіі спадар Алесь Суша адказаў на пытанні Krynica.info.

Алесь Аляксандравіч, важнейшым вынікам юбілейнага года быў выхад 21 тома факсімільнага ўзнаўлення кніг Францыска Скарыны. Нагадайце, калі ласка, якія ўстановы на Беларусі атрымалі кнігі? У бібліятэкі якіх краін яны паступілі?

— Раённыя, абласныя бібліятэкі, установы культуры атрымалі кнігі бясплатна. Кнігі раз’ехаліся па буйнейшых музеях краіны, трапілі ў акадэміі, інстытуты, знаходзяцца ў навуковых установах, якія носяць імя Скарыны. Выданне трапіла ў замежныя зборы Нацыянальных бібліятэк іншых краін, у беларускія інфармацыйныя цэнтры за мяжой. У нас маюцца прыязныя стасункі са многімі нацыянальнымі бібліятэкамі свету. Факсімільнае выданне стала выдатнай магчымасцю актуалізаваць усе нашы кантакты. Пад час правядзення сімпозіумаў, сустрэч і прэзентацый былі перададзены кнігі. У далёкіх краінах уручэнне адбывалася праз лінію нашых дыпламатычных службаў. Наладжваліся культурныя стасункі, якія паўплываюць у далейшым на супрацоўніцтва нашай краіны з іншымі. Такія перадачы адбыліся ў 60 краінах свету. Кнігі Скарыны можна будзе прачытаць ва ўсіх краінах Еўропы. Прэзентацыі “Кніжнай спадчыны” прайшлі ў Маскве, Кіеве, Рызе, Таліне, Празе, Марціне (Нацыянальная бібліятэка Славакіі), Берліне, Мадрыдзе. Акцыі па святкаванні беларускага кнігадрукавання адбыліся ў прадстаўніцтве ААН ў Швейцарыі, супольна былі праведзеныя акцыі з удзелам прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Нам прыемна канстатаваць, што кнігі Скарыны прысутнічаюць у большасці еўрапейскіх краін, з якімі мы маем дыпламатычныя стасункі.

— Яшчэ ў 2012 годзе Вы з калегамі распачалі велізарную працу па даследаванні, апісанні і алічбоўцы ўсіх асобнікаў кніг нашага першадрукара, якія знаходзяцца ў Расіі, Украіне, Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША. Нацыянальная бібліятэка ініцыявала навукова-даследчую працу “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”. Аўтарам ідэі факсімільнага ўзнаўлення выступіў дырэктар бібліятэкі Раман Сцяпанавіч Матульскі. А ці не было ў той момант звычайных чалавечых сумневаў: а ці знойдуцца сучасныя Багдан Онкаў і Якуб Бабіч, каб фінансава падтрымаць выданне?

— Гэта было падчас святкавання 90-годдзя бібліятэкі ў 2012 годзе. Мы праводзілі наш першы Міжнародны кангрэс, прымеркаваны да юбілею бібліятэкі. У межах гэтага кангрэса мы агучылі думку пра тое, што набліжаецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і трэба добра падрыхтавацца. Бібліятэка напрацягу 10 апошніх гадоў займалася праектамі па ўзнаўленні факсімільнай спадчыны. Мы факсімільна перавыдалі самыя старажытныя рукапісы “Полацкае Евангелле”, “Слуцкае Евангелле”, перавыдалі “Баркалабаўскі летапіс”, шэраг літаратурных прац – Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, перавыдавалі літаратурныя зборнікі рознага зместу. Мы шукалі розныя варыянты, як можна папулярызаваць кніжную спадчыну. Сем гадоў таму мы склалі праграму інвестыцыйных праектаў, у якіх былі ўлічаны самыя розныя магчымасці на розны густ. Кніжная спадчына Францыска Скарыны падавалася нам як вельмі значны, але рызыкоўны праект. Маючы досвед публікацый, мы вырашылі рызыкнуць: напісалі адпаведную канцэпцыю, абмеркавалі яе ў сябе ў калектыве, па крысе пачалі збіраць кола зацікаўленых. Мы бачылі дзяржаўную падтрымку: ў 2011 годзе рэалізавалася дзяржаўная праграма “Культура Беларусі”, яе заданнем было стварэнне лічбавай бібліятэкі Францыска Скарыны. Фінансаванне было невялікім, але падтрымка была важнейшым стымулам, каб далей дзейнічаць.

SAM_1417

У 2013 годзе мы заключылі пагадненне з банкам “БелВЭБ”, які стаў нашым спонсарам і партнёрам праекта. Звычайна фінансавыя ўстановы бачаць камерцыйную ці іншую выгоду, а ў дадзеным выпадку была бачна персанальная зацікаўленасць работнікаў банка: яны цікавіліся тэкстамі, чыталі і глыбока аналізавалі выданні Скарыны, іх паслядоўнасць. На перыяд старту гэтага праекта адчуваўся сусветны эканамічны крызіс, праходзілі банкаўскія рэформы. Але ход наш правільны, ён паўплываў на імідж банка ў краіне. Нам прыемна было папрацаваць з прафесіяналамі.

— Наколькі ведаю, у Вас было дабраславенне мітрапаліта Філарэта на гэту дзейнасць?

— Так і ёсць, мы атрымалі блаславенне мітрапаліта Філарэта. Праект мае дачыненне не проста да кніжнай спадчыны, але да Бібліі. Адбывалася ўзнаўленне не простых кніг, а Святога Пісання. Калегі, партнёры і Царква маглі дапамагчы ў навуковым асэнсаванні пытанняў Бібліі.

— Адкрыццём “Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны” з’яўляюцца яго цалкам надрукаваныя поўныя прадмовы, праз якія ён бачны як духоўны пісьменнік. Гэта падаецца вельмі каштоўным. Ці адчулі Вы моцны імпульс веры Францішка Скарыны як хрысціянскага багаслова?

— Натуральна, што выданне кніг Францішка Скарыны не магло абысціся без аналізу аўтарскіх тэкстаў, створаных самім Скарынам. Ён пісаў прадмовы і пасляслоўі, дзе ён не толькі тлумачыў сэнс той ці іншай біблейскай кнігі, але і тлумачыў іх ролю у жыцці кожнага хрысціяніна. Уражвае глыбокая рэлігійнасць аўтара. Скарына як тэолаг яшчэ недастаткова прааналізаваны. Кнігі Скарыны даследаваліся ў кантэксце мастацтвазнаўства, літаратуразнаўства, мовазнаўства. У сэнсе багаслоўскага разумення яго тэкстаў было зроблена няшмат. Апублікаванне гэтых тэкстаў (іх можна візуальна пабачыць ў факсіміле і прачытаць у перакладзе на рускую, беларускую і англійскую мову) аказалася абсалютна арыгінальным. На беларускую мову перакладаў прадмоў Скарыны не выходзіла ніколі. Алесь Бразгуноў папрацаваў выдатна як перакладчык, захаваўшы стылістыку, вельмі дакладна перадаўшы мову аўтара. Вельмі хораша, што слова Скарыны будзе даступным і зразумелым для шырокай аўдыторыі.

— Ваша дысертацыя “Культурная спадчына грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі ў кантэксце дыхатаміі “Усход – Захад” вызначыла хрысціянскую культурную стратэгію, якую Вы паспяхова працягваеце праз выпуск кніг, рэалізацыю выставачных праектаў?

— Любое дысертацыйнае даследаванне — гэта адказнасць. Калі я працаваў над дысертацыйным даследаваннем, маё рашэнне было прадуманым, бо я абраў прадметам даследавання культурную спадчыну Грэка-Каталіцкай Царквы. Я разумеў, што яна слаба вывучана. Мы мелі справу з навуковай навізной. Разуменне тых магчымасцяў, якія наша краіна страчвае ад недастатковай увагі да культурнай спадчыны нашай краіны, прадстаўнічай і багатай, прымушала развіваць гэту тэму. Яна была для мяне вельмі блізкая, цікавая, я шмат падарожнічаў па Беларусі, меў кантакты са святарамі, якія служаць у грэка-каталіцкіх храмах. Каб знайсці пацверджанне сваіх ідэй і гіпотэз, шмат працаваць даводзілася ў музеях, бібліятэках і архівах у краіне і за мяжою. Калі мы прыступалі да “Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны”, нам не было надта боязна, што мы бярэм непасільны крыж, мы рабілі разлікі ўсіх чалавечых рэсурсаў, каб былі навукоўцы, перакладчыкі і мастакі, якія зробяць справу. Мы аналізавалі ўсё вельмі дэталёва. Надта вялікай рызыкі не было, але адказнасць вялікая.

— Мастацкае афармленне выдання рабіў сын Гаўрыіла Вашчанкі…

— Вельмі плённым было наша супрацоўніцтва з дызайн-студыяй “Калекшн”, якую ўзначальвае Канстанцін Вашчанка. Як мастак выдання, ён прыдумаў асноўныя мастацкія элементы. Нам вельмі пашанцавала папрацаваць разам.

SAM_1424

— Ці не з’яўляецца ўся праца падрыхтоўкай да кананізацыі Францыска Скарыны? Бо цяпер ёсць поўны жыццяпіс яго.

— Думаю, што не, што гэта не наша задача. Задача бібліятэкі – зберагаць кніжную спадчыну і рабіць яе даступнай для большай колькасці людзей. Пытанне кананізацыі – гэта пытанне Царквы і рэлігійных грамад. Парафіі, брацтвы ці прыходы могуць станавіцца такімі ініцыятарамі.

— У 2016 -2017 гадах Вам удалося гарманічна паказаць асобу Скарыны як навукоўца, медыка, першадрукара, асобу рэнесанснай эпохі ў трох кнігах для дзяцей школьнага ўзросту. Вы выявілі розныя грані яго асобы.

— Для мяне ўсё было проста. Па адукацыі я — культуролаг. Культуралогія прадугледжвае агляд розных сфер культуры. Калі я вывучаю кніжную спадчыну, то я вывучаю яе і ў мастацтвазнаўчым плане, і з пункту гледжання мовазнаўства, літаратуразнаўства, філасофскага і тэалагічнага зместу. Тое ж можна сказаць пра асобу Скарыны, яна была абсалютна шматгранная. Для мяне ён быў цікавы як перакладчык, мовазнавец, паэт, філосаф. Такі падыход дэманструе нам багацце спадчыны Францыска Скарыны.

— Як сфарміравалася Ваша беларусацэнтрычнасць?

— Я нарадзіўся на Беларусі, не магу не мець цікавасці да роднай зямлі. Мае артыкулы выходзілі на розных мовах: і па-польску, і па-англійску, і па-ўкраінску. Я лепш адчуваю беларускую мову, мову маёй маці. Яна для мяне родная і блізкая, я на ёй нашмат прасцей магу выказацца. Таму на ёй і пішу. Праз мову продкаў можна выявіць свой культурны код, закладзены стагоддзямі, выдзяліць сваю, бацькамі ўзрошчаную асабістасць. Гэта натуральнае пакліканне ў душы.

Гутарыла Эла Дзвінская. Фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі