Жанчынам у Саудаўскай Аравіі дазволілі хадзіць на футбол

_99559319_3834b227-c98d-42f8-839b-ba499181501d (1)

Жанчынам Саудаўскай Аравіі 12 студзеня ўпершыню дазволілі прысутнічаць на стадыёне падчас футбольнага матчу. Дзякуючы гэтаму яны атрымалі права паглядзець матч паміж футбольнымі клубамі «Аль-Ахлі» і «Аль-Батын» у рамках чэмпіянату краіны па футболе.

Жанчынам дазволена наведваць матчы на ​​стадыёнах у трох гарадах — Эр-Рыядзе, Джыдзе і Эд-Дамаме. Да гэтага ў Саудаўскай Аравіі на стадыёнах маглі прысутнічаць толькі мужчыны. На стадыёнах прадугледзяць адмысловыя «жаночыя» сектары, месца на якіх змогуць займаць толькі жанчыны і дзеці. Дзякуючы гэтаму яны змогуць наведваць футбольныя матчы без суправаджэння мужчын. У кафэ і рэстаранах на тэрыторыі стадыёна таксама увядуць спецыяльныя месцы для жанчын, паведамляе BBC.

Акрамя таго, на гэтым тыдні ўпершыню ў краіне адбудуцца спаборніцтвы па сквошы сярод жанчын. У лістападзе 2017 года ў Саудаўскай Аравіі ўпершыню прайшлі спаборніцтвы па баскетболе сярод жаночых унівэрсытэцкіх камандаў. На спаборніцтвах у Джыдзе прысутнічалі каля 3000 глядачак.

Гэтыя змены — частка плана сацыяльнай рэформы, абвешчанай наследным прынцам і віцэ-прэм’ерам краіны Мухамедам ібн Салманам Аль Саудам, які анансаваў у лістападзе праграму «Бачанне-2030», якая павінна прывесці краіну да сучаснай эканамічнай мадэлі. Паводле яго, нельга змяніць эканамічную мадэль, не мадэрнізаваўшы менталітэт людзей і іх ўклад жыцця. «Эра крайняга рэлігійнага кансерватызму» павінна застацца ў мінулым, заяўляў прынц.

Таксама ў верасні 2017 кароль Саудаўскай Аравіі выдаў указ, які прадпісваў пачаць выдаваць жанчынам правы кіроўцы да чэрвеня 2018 года. Таксама ў верасні жанчынам упершыню дазволілі прысутнічаць на мерапрыемствах да Нацыянальнага дня.

У снежні жанчынам Саудаўскай Аравіі ўпершыню дазволілі наведаць музычны канцэрт, на якім таксама ўпершыню ў краіне выступіла жанчына — ліванская спявачка Хіба Таваджы. Да гэтага ні адной са спявачак не дазвалялася выступаць у краіне.

Чакаецца і зняцце забароны на паказ камерцыйнага кіно, якая дзейнічала больш за 30 гадоў. Як чакаецца, першыя кінатэатры адкрыюцца ў Саудаўскай Аравіі ўжо ў сакавіку.

Аднак на публіцы жанчыны, як і раней, павінны пакрываць галаву і апранаць шырокую вопратку, якая хавае фігуру. Больш за тое, яны шмат у чым застаюцца залежныя ад сваіх мужчын-апекуноў (махрамаў). Махрамам для жанчыны можа быць яе муж, бацька, брат, сын або проста любы сваяк-мужчына, калі ніхто іншы пра яе паклапаціцца не можа.

Без дазволу апекуна жанчына не можа падаваць заяву на атрыманне пашпарта, выязджаць за мяжу, выходзіць замуж і падаваць на развод, адкрываць рахунак у банку, займацца бізнесам, рабіць неэкстрэную аперацыю, пакідаць турму.

Па законе, у Саудаўскай Аравіі ўсе жанчыны абавязаныя перасоўвацца за межамі дома разам з мужчынам-махрамам або атрымаць ад яго дазвол на тое, каб выйсці з хаты ў суправаджэнні каго-небудзь або адной. Фактычна жанчына не можа пакінуць дом самастойна. Такія абмежаванні звязаныя з тым, што пераважная большасць насельніцтва краіны вызнае вахабізм — вельмі кансерватыўны кірунак, прыхільнікі якога патрабуюць поўнай сегрэгацыі полаў і настойваюць на выключэнні жанчын з публічнай сферы.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі