Ва ўладаў Мсціслава няма сродкаў, каб спыніць разбурэнне каталіцкіх святынь

8877811B-652C-44FF-A099-99B560B23BE5_w650_r0_s

У Мсціславе разбураюцца каталіцкія святыні. У касцёле святога Міхала Арханёла абвалілася сцяна, а ў кармеліцкім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі не адзін год цячэ дах. Абодва помнікі архітэктуры знаходзяцца ў камунальнай уласнасці, і менавіта на мясцовыя ўлады заканадаўства ўскладвае адказнасць за захаванне помнікаў архітэктуры.

Але старшыня Мсціслаўскага райсавету Святаслаў Кусаў  адзначае, што мясцовая ўлада не мае на гэта сродкаў, але намагаецца іх адшукаць. Паводле яго, дэпутаты райсавету на сваіх пасяджэннях абмяркоўвалі стан гісторыка-культурнай спадчыны ў Мсціславе. У прыватнасці, на ахвяраванні была адноўленая Траецкая праваслаўная царква. Заўважыў, што ўвага аддаецца і кармеліцкаму касцёлу. «Патрэбныя грошы, каб усё гэта падтрымліваць у належным стане», — падсумаваў Святаслаў Кусаў, паведамляе Радыё “Свабода”.

Дырэктарка дзіцячай школы мастацтва Алена Кандрацьева, якая збіраецца стаць дэпутатам райсавету, назвала разбурэнне помніка архітэктуры балючым пытаннем. «Безумоўна, патрэбная фінансавая падтрымка, і ўсе працуюць у гэтым кірунку. Міністэрства культуры праінфармавана, адкрыты дабрачынны рахунак. Зразумела, што дужа шмат папяровай валакіты», – сказала яна.

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Аксана Сматрэнка на пытанне, ці распрацаваныя захады па ратаванні касцёла святога Міхала Арханёла, адказала, што гэта ў кампетэнцыі Мсціслаўскага райвыканкаму. «Міністэрства культуры не можа выступаць замоўнікам, — кажа яна, — а можа толькі строга ўказваць: „Рабіце!“. Мы гэта зрабілі: „строга ўказалі“». Паводле яе, прычыны абвалу сцяны павінны вызначыць адмыслоўцы, і за гэта таксама адказвае мясцовы выканкам.

Пра пагрозу разбурэння помніка архітэктуры папярэджвалі рупліўцы мясцовай даўніны. Рэстаўратар Юры Маліноўскі, пасля таго як абвалілася адна з дзвюх калон галоўнага нефу, папярэджваў райвыканкам: тое самае будзе і з другой, бо яна цяпер трымае падвойную нагрузку.

Выхадзец з Мсціслава Дзяніс Касцюкевіч пасля бясплённага ліставання з чыноўнікамі запісаў відэазавароты да міністраў культуры — спачатку Барыса Святлова, а затым яго пераемніка Юрыя Бондара. Звароты выніку не далі — частка касцёльнай сцяны ўрэшце абвалілася. Тое самае можа здарыцца і з дахам касцёла.

У Мсціслаўскім райвыканкаме наракаюць, што ў бюджэце няма сродкаў, каб прадухіліць далейшае разбурэнне касцёла. Пра аднаўленне гаворкі няма, толькі пра кансервацыю.

«Будзем прасіць у міністэрстве, у вобласці, будзем са свету па нітцы цягнуць. Тут і грамадскасць выказалася, каб дапамагчы. Можа, крыху і збяром, і, магчыма, да вясны нейкія працы і пачнуцца», — сказаў супрацоўнік аддзелу архітэктуры і будаўніцтва Мсціслаўскага райвыканкаму Ігар Савіцкі.

Паводле чыноўніка, пакуль замовілі інструментальнае абследаванне помніка, якое мае вызначыць першачарговыя захады па яго стабілізацыі. Сітуацыю з аварыйным будынкам Ігар Савіцкі называе «вузлом напругі».

Будынак касцёла не эксплуатаваўся з 1970-х гадоў. На пачатку 2000-х правялі мінімальную кансервацыю. Перакрылі дах. Пасля абвалу сцяны дах трымаецца на металічных канструкцыях.

«Лічыце, колькі гадоў ён прастаяў. І натуральна, што ўмовы надворʼя ў сённяшняй Беларусі не спрыяюць захаванню пабудоў, — тлумачыў прычыны абвалу сцяны Ігар Савіцкі. — Гэта ўсё паўплывала на нясучыя канструкцыі. Пайшлі „гуляць“ калоны ўсярэдзіне, мелі месца канструктыўныя разбурэнні. У выніку каркас страціў сваю жорсткасць, што прывяло да ссоўвання ўчастку сцяны і яе абрынання».

Езуіцкі касцёл святога Міхала Арханёла заклалі ў 1637 годзе. З 1842 году ў будынку — праваслаўная царква святога Мікалая Цудатворцы. З 1925 году храм зачынены. Пасля Другой сусветнай вайны ў касцёле месціўся Дом культуры, а ў кляштары — школа-інтэрнат для глуханямых дзяцей.

Мсціслаўскія каталікі ўважаюць езуіцкі касцёл за сваю святыню, але прызнаюць, што іх парафія не настолькі вялікая, каб брацца за адбудову. Свае набажэнствы яны ладзяць у кармеліцкім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, дзе яны адрамантавалі невялікую прыбудову. «Безумоўна, хацелася б зберагчы будынкі, але дзеля гэтага патрэбныя вялікія сродкі, а каталікоў у Мсціславе жменька. Цяпер клопат, каб хоць бы адзін храм нам вярнулі, той, у якім молімся, ды дапамаглі яго адрамантаваць», — каментуе сітуацыю ксёндз Павал Адамовіч.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі