Цэнтр “Экумена” запрашае аўтараў да ўдзелу ў багаслоўскім часопісе “Збожжа”

maxresdefault (2)

Цэнтр “Экумена” запрашае аўтараў да ўдзелу ў публікацыі ў беларускім часопісе міждысцыплінарных і міжканфесійных даследаванняў хрысціянства “Збожжа” (Zbožža). Першы нумар будзе прысвечаны тэме “Ecclesia semper reformanda est: Царква, рэформы і Рэфармацыя”. Да друку прымаюцца даследніцкія артыкулы, а таксама эсэ.

Першы нумар часопіса працягне развагі тэматычнай секцыі VII Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі, які прайшоў 15-17 верасня 2017 года ў Варшаве.

У 2017 годзе адзначалася 500-годдзе Рэфармацыі, якая не толькі стала пачаткам утварэння новых хрысціянскіх канфесій з асаблівым багаслоўем, сацыяльна-палітычнай пазіцыяй і ладам жыцця, але таксама істотна паўплывала і на Рымскую, і на Усходнія цэрквы. Дыялог, супрацьстаянне і ўзаемны ўплыў розных канфесій у Беларусі сфармавалі асаблівы канфесійны профіль як у гістарычнай перспектыве, так і ў сучаснасці. Нумар будзе прысвечаны развагам аб ролі Рэфармацыі для Беларусі і беларускага хрысціянства, аб асаблівасцях беларускага пратэстантызму, ягонай грамадскай і палітычнай ролі, актуальным стане і перспектывах развіцця.

Апроч таго, яшчэ дзве нагоды: 100-годдзе з пачатку Сабору Рускай Царквы 1917-1918 года, які стаў прыкладам інтэнсіўнай рэфлексіі аб рэформах, неабходных у рускім і сусветным праваслаўі, а таксама 55-годдзе з адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору, які адкрыў новую эпоху ў жыцці Каталіцкай Царквы, — гэта нагода паразважаць аб Рэфармацыі ў больш шырокім міжканфесійным кантэксце. Якія рэформы неабходныя сёння ў багаслоўі, літургіі, сацыяльнай пазіцыі цэркваў, іх адміністратыўнай структуры, самаразуменні, а таксама ў ладзе, мове, дыскурсе, мадэлях узаемадносінаў з грамадствам, у этыцы і эстэтыцы? На якой падставе і якім чынам праводзіць гэтыя рэформы? Хто з’яўляецца суб’ектам рэформ? Якія крытэры ацэнкі эфектыўнасці рэформ? Што з’яўляецца асноўнымі перашкодамі на шляху рэформ? Якая можа быць роля акадэміі, грамадзянскай супольнасці і экуменічнага супрацоўніцтва ў гэтым працэсе? Ці патрэбна рэформам свая ідэалогія? Ці можам мы наогул казаць у хрысціянскім кантэксце пра рэформы як пра нешта пазітыўнае? Якія пераўтварэнні адбываліся ў царкве цягам ейнага развіцця, як яны абгрунтоўваліся і асэнсоўваліся?

Пра часопіс

Часопіс быў заснаваны Цэнтрам “Экумена” ў супрацоўніцтве з Сеткай беларускіх багасловаў і царкоўных дзеячаўу замежжы і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS). Ідэя часопіса ўзнікала падчас правядзення Першай працоўнай сустрэчы беларускіх тэолагаў і царкоўных служыцеляў у замежжы, якая прайшла з 2 па 4 чэрвеня 2017 года ў Цюбінгене, Германія. Канцэпцыя першага нумару была распрацаваная падчас правядзення багаслоўскай тэматычнай секцыі VII Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі, якая адбылася з 15 па 17 верасня 2017 года ў Варшаве, Польшча. Часопіс мае з’яднаць тых, хто займаецца даследаваннямі хрысціянства, багаслоўскай думкі і царквы ў Беларусі, а таксама тых багасловаў, якія маюць беларускае паходжанне, але жывуць і працуюць у замежжы.

У выдавецкую раду часопіса, якую ўзначаліла дырэктар Цэнтра “Экумена” Наталля Васілевіч, увайшлі акадэмічныя валанцёры Цэнтра “Экумена” Наталля Гарковіч, Раіса Зянюк і святар Аляксандр Шрамко, а таксама Пётр Рудкоўскі, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS). Навуковая рада часопіса аб’ядноўвае вядомых навукоўцаў і багасловаў, які звязаны з Беларуссю — паходжаннем ці тэматыкай даследаванняў. Сярод іх: Пётр Буценеў, Алег Брэскі, іераманах Іаан (Булыка), Яўгенія Даніловіч, Аляксандр Дуброўскі, Раіса Зянюк, Надзея Кіцэнка, Алена Лянкевіч, Пётр Рудкоўскі, святар Міхаіл Самкоў, Вольга Сытая. Выпускаючы рэдактар першага нумару — навуковая супрацоўніца Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук Раіса Зянюк.

Дэдлайн падачы матэрыялаў: 28 лютага 2018 года. Больш інфармацыі па спасылцы.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі