У Мінску і Гродне каталікі, праваслаўныя і пратэстанты разам маліліся за адзінства хрысціянаў

2018-01-20-ecumene-009

У межах Тыдня малітвы за адзінства хрысціянаў у касцёлах Беларусі 20 студзеня пачаліся супольныя экуменічныя малітвы і набажэнствы прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій Беларусі. Першымі яны адбыліся ў храмах Мінску і Гродна.

Тэмай сёлетняга тыдня малітваў сталі словы «Правіца Твая праслаўлена моцаю» (Зых 15,6). Тэксты да супольнай малітвы рыхтавалі вернікі з Карыбскіх астравоў. У якасці сімвалаў, якія паслужылі інтэгральнай часткай экуменічнага набажэнства па ўсім свеце, было прапанавана выкарыстоўваць Біблію і жалезныя ланцугі. У руках прыгнечаных народаў Біблія заўжды была крыніцай суцяшэння і вызвалення, а кайданы — сімвалам улады граху, які аддзяляе ад Бога і адно ад аднаго, паведамляе Catholic.by.

Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў «да разрыву ланцугоў канфесійнай адасобленасці»

У мінскай архікатэдры экуменічнае набажэнства сабрала прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла, Праваслаўнай Царквы, Пратэстанцкай Царквы і Біблейскага Таварыства ў Беларусі. Падчас набажэнства жалезныя ланцугі былі адкінутыя і замененыя чалавечым «ланцугом рук» — сімвалам еднасці і супольнай дзейнасці супраць сучаснага нявольніцтва і дэгуманізацыі.

Са словам прывітання ад Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Паўла выступіў кіраўнік Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Мікалай Коржыч. Ён адзначыў важнасць таго, што ініцыятыва сабрацца належыць Каталіцкаму Касцёлу і арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу.

«Гэта нагадвае нам словы Хрыста, каб „усе былі адно“. На жаль, свет не захоўвае гэтага. Сёння такі час, калі хрысціяне, каб захаваць хрысціянскую веру, павінны аб’яднаць свае намаганні», — заявіў протаіерэй.

Святар прыгадаў  сустрэчу папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў Гаване, адзначыўшы, што плён той сустрэчы адчуваецца ўжо цяпер. «Будзем жа працаваць у імя Хрыста, прабываючы ў любові, згодзе і ўзаемаразуменні. І тады нас благаславіць Пан Бог», — сказаў ён.

Протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі БПЦ, нагадаў, што кожны вернік пад уздзеяннем Святога Духа пакліканы «нішчыць грэх, які ёсць у гэтым свеце». «Мы маем магчымасць ніколі не ісці за спакусай, як Хрыстус, які пражыў зямное жыццё без граху. Кожны з нас павінен імкнуцца да Божых ласкаў, памятаючы аб тым, што чалавек, асвячаны Богам, пакліканы быць святым», — зазначыў протаіерэй.

Пастар Евангельска-лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў нагадаў словы апостала Яна, што хрысціянаў у свеце пазнаюць не па знешніх атрыбутах ці абрадах, а па «любові паміж намі». «Мы сабраліся тут як браты і сёстры ў Хрысце. Братэрская любоў — вышэй за злосць і варожасць. Хрысціяне пакліканыя абвяшчаць Евангелле ўсім людзям словам і справай. Мы павінны адмовіцца ад дрэнных учынкаў, бо пакліканыя ісці за Хрыстом», — падкрэсліў ён.

Пра духоўны крызіс у сучасным свеце гаварыў выканаўчы дырэктар Біблейскага Таварыства ў Беларусі Ігар Міхайлаў. Паводле яго, дапамагчы пераадолець яго можа сумесная праца канфесій. Ігар Міхайлаў зазначыў, што пры Біблейным Таварыстве ў Беларусі створана міжканфесійная камісія, якая будзе працаваць над сумесным перакладам Бібліі, спрыяючы дыялогу хрысціянскіх канфесій.

«Трэба маліцца за поспех у гэтай справе, каб у Беларусі з’явіўся агульны для ўсіх канфесій пераклад Бібліі», — сказаў прадстаўнік Таварыства.

Намеснік старшыні Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў біскуп Аляксандр Лотараў нагадаў, наколькі важна шукаць Хрыста ў сваім жыцці. Ён згадаў, што калісьці быў сакратаром Камуністычнай партыі, а пасля працаваў ваенным лётчыкам. «У мяне было насычанае жыццё, але я ніколі не сустракаўся з Богам. Але прыйшоў момант, калі я сустрэў Хрыста. Ён вызваліў мяне ад згубных звычак і пачаў рабіць цуды ў маім жыцці», — дадаў прадстаўнік Саюза ЕХБ.

Біскуп падкрэсліў, што вельмі важна «зрабіць рэвізію духоўнага жыцця» і «акрэсліць планы на 2018 год». «Пан Бог — наша сіла. Таму не будзем саромецца падымаць духоўную планку ў нашым жыцці», — заклікаў ён.

Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек нагадаў пра важнасць даверу дзеяння Святога Духа ў жыцці: «Ад нашага сведчання залежыць, ці прыйдуць людзі да Хрыста. Хай гэта малітва будзе важным сведчаннем таго, што мы ў Хрысце ўжо адзіныя».

«Каб усе былі адно — гэта просьба Хрыста, якую мы павінны выканаць», — зазначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Паводле яго, падзелы — гэты крывавыя раны на целе Хрыста, якія паходзяць ад злога духа. «Ужо шмат зроблена ў справе адзінства хрысціянаў, але гэта хвароба на целе Збаўцы стала хранічнай», — дадаў арцыбіскуп, адзначыўшы, што сустрэча ў Гаване Папы Рымскага і Патрыярха «зламала шмат бар’ераў».

Арцыбіскуп заклікаў прысутных «да разрыву ланцугоў канфесійнай адасобленасці». «Сімволіка сённяшняй малітвы заклікае нас да духоўнай свабоды, каб мы былі братамі і сёстрамі адной хрысціянскай сям’і», — падкрэсліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Напрыканцы прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій, сімвалічна ўзяўшыся за рукі, прачыталі малітву «Ойча наш».

Андрэй Крот: Мы пакліканы гэты  свет змяняць, усе разам

ekumenizm_grodna 20

У Гродне экуменічнае набажэнства ў межах Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян адбылося ў катэдральным касцёле святога Францішка Ксаверыя. У малітве, якую ўзначаліў дапаможны біскуп каталіцкай Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, прынялі ўдзел прадстаўнікі Рыма-Каталіцкага Касцёла, Грэка-Каталіцкай i Праваслаўнай Цэркваў, Евангелічна-лютэранскай супольнасці, Царквы поўнага Евангелля “Жывое Слова” (пяцідзясятнікі), паведамляе Grodnensis.by.

Праваслаўную Царкву прадставіў протаіерэй Аляксандр Хомбак, настаяцель храма святога Лукі ў Гродне, Грэка-Каталіцкую Царкву – настаяцель парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне а. Андрэй Крот, Евангелічна-лютэранскyю супольнасць у Гродне – дыякан Юрый Лабоцкі, Царквy поўнага Евангелля “Жывое Слова” – пастар Дзмітрый Малюкевіч.

На пачатку набажэнства біскуп Станеўскі заклікаў вернікаў да супольнай малітвы, каб “панавала еднасць паміж усімі вучнямі Хрыста”. Іерарх нагадаў, што ўсе хрысціяне належаць да адзінай сям’і Божых дзяцей, якія імкнуцца да збаўлення. “Запрашаю ўсіх вас да малітвы, у адной надзеі, што будзем узрастаць у камуніі з нашым Збаўцам Езусам Хрыстом і з нашымі братамі і сёстрамі, якія імкнуцца да адзінства”, — сказаў біскуп.

Айцец Аляксандр Хомбак з Праваслаўнай Царквы ў сваім слове заклікаў усіх да міру і любові. “Давайце будзем жыць у міры між сабой. Заўсёды рабіць тое, што праўдзівае і правільнае. Давайце праслаўляць разам Бога не толькі вуснамі, але і сэрцам. Давайце з любоўю ставіцца да нашых братоў, прыносіць ім любоў”, – сказаў святар.

“Нас падзяляе чалавечае, а не Божае, таму што Божае не падзяляе, а аб’ядноўвае, дае благаслаўленне, дорыць мір і адзінадумства, любоў, аздараўленне і збаўленне”, – заўважыў дыякан Юрый Лабоцкі з Евангелічна-лютэранскай супольнасці.

Дыякан нагадаў, што ўсе хрысціяне пакліканы абвяшчаць Евангелле ўсім людзям словам, справай і сведчаннем свайго жыцця, і дадаў: “Нам трэба быць заўсёды гатовымі адмовіцца ад чалавечага дзеля асноўнай Божай справы, да якой пакліканы”.

Пастар Дзмітрый Малюкевіч з Царквы поўнага Евангелля “Жывое Слова” падкрэсліў, што малітва з’яўляецца доступам да Божай сілы, і зрабіў акцэнт на тое, што сілай кожнай Царквы з’яўляюцца людзі.

“Найвялікшая сіла Царквы – гэта самі яе члены, адкупленыя і збаўленыя Хрыстом. Таму іншыя павінны ў нас бачыць братоў і сясцёр, тых, хто служыць табе і каму служыш ты”, – адзначыў пастар і нагадаў, што сілай для кожнага чалавека павінен быць Езус Хрыстус, які перамог зло і нясе людзям мір.

Айцец Андрэй Крот з Грэка-Каталіцкай Царквы ў сваім выступленні звярнуў увагу, што ўсе разам пакліканы змяняць свет на лепшы. “У сённяшнім свеце ёсць мы – хрысціяне, – і дзякуючы нашай малітве, прысутнасці і вернасці гэты свет яшчэ існуе, нягледзячы на тое, што ёсць шмат зла і граху. Мы пакліканы гэты  свет змяняць, усе разам. Гэта наша заданне – усіх хрысціян разам”, – падкрэсліў святар.

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі звярнуў увагу, наколькі актуальная сёння ў свеце Божая праўда. “Сучасны свет, які пазначаны рэлігійнай індыферэнтнасцю – больш за тое, агрэсіяй да ўсяго, што хрысціянскае, – мае патрэбу ў абвяшчэнні Евангелля не толькі тым, што ніколі не чулі яе, але таксама і сярод тых, якія маюць хрысціянскія карані і для якіх Божая праўда павінна быць жаданай, як скарынка штодзённага хлеба”, – сказаў іерарх.

Па словах біскупа, крочачы дарогай да адзінства, усе пакліканы даваць супольнае сведчанне супраць выклікаў нашага часу, такіх, як секулярызацыя і абыякавасць, рэлятывізм і геданізм, i павінны разам бараніць далікатныя, але вельмі важныя тэмы пачатку жыцця чалавека і яго згоднага з Божым Провідам сыходу да новай рэчаіснасці ў Валадарстве Божым.

“Кожны пакліканы ўносіць свой уклад у спаўненне чарговых крокаў, якія вядуць да поўнай камуніі паміж усімі вучнямі Хрыста, не забываючы ніколі, што яна з’яўляецца найперш дарам Бога, аб якім мы павінны нястомна прасіць”, – дадаў біскуп Станеўскі.

Усе прысутныя ў катэдральным касцёле, трымаючыся за рукі, прамовілі малітву “Ойча наш”, якой навучыў Езус Хрыстус, і перадалі адзін аднаму знак супакою, a прадстаўнікі хрысціянскіх супольнасцяў запалілі ад пасхала сімвалічныя свечкі, святло ад якіх перадавалася ўсім удзельнікам набажэнства. Запаленыя свечкі, як святло Хрыста, сталіся сімвалам полымя, промні якога асвятляюць увесь свет.

На заканчэнне набажэнства біскуп Станеўскі падзякаваў усім за ўдзел і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі