Рэлігійнае пытанне Кастуся Каліноўскага, альбо тэалогія вызвалення па-беларуску

Lit3
«Прысяга». Малюнак Артура Гротгера з цыклу «Літва»

155 гадоў таму, 22 студзеня 1863 года, у Царстве Польскім распачалося вызваленчае антырасійскае паўстанне. 1 лютага да яго далучыліся і землі былога Вялікага княства Літоўскага – сучасных Беларусі і Літвы, якія менш чым за 100 гадоў да таго былі акупаваныя Расійскай імперыяй.

Пачатку паўстання на беларускіх і літоўскіх землях папярэднічала працяглая канспіратыўная праца пад кіраўніцтвам Літоўскага правінцыйнага камітэту, на чале якога з кастрычніка 1862 года стаяў Кастусь (Вінцэнт Канстанцін) Каліноўскі (1838-1864). Менавіта ён разам з Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангіным і Валерыем Урублеўскім з ліпеня 1862 года выдаваў для сялянаў з мэтай пашырэння базы прыхільнікаў паўстання па-беларуску газету “Mużyckaja prauda”, падпісаную ад імя “Яські, гаспадара з-пад Вільні”.

Значнае месца ў ёй адводзілася і рэлігійнаму пытанню. Увогуле тэксты газеты прасякнутыя ідэямі рэлігійнай справядлівасці. Менавіта да праўды, якую піша “Бог на небе”, і звярталіся ў сваіх тэкстах паўстанцы. Гэтак, адзначаецца, што “Бог стварыў усіх людзей вольнымі і ўсім даў адзінакую душу”, а значыць, сітуацыя, калі “адзін марнуе да і над людзьмі збыткуе, а другі, бедны, паншчыну служыць альбо аброкі плоціць”, з’яўляецца несправядлівай.

Імкненне да вольнасці, заяўлялі паўстанцы, сыходзіць з самога акту стварэння чалавека Богам, бо “Бог стварыў чалавека, каб ён карыставаў з вольнасці справядлівай”. “Гэта права, што народ робіцца разумнейшым, выходзіць ад самога Бога, а хто яму схоча супраціўляціся, таго альбо сам Бог, альбо народ па прыказу Боскаму з зямлёю змяшае!” – адзначалі яны.

Аўтары “Mużyckaj praudy” не толькі апелявалі да Бога ў пытаннях сацыяльна-палітычных і эканамічных адносін, але і ўвогуле прысвяцілі рэлігійнаму пытанню цэлы нумар — шосты. “Калі Бог, стварыўшы чалавека, даў яму душу, то не на тое, каб ён жыў, як сабака, на гэтам, а на тамтам свеце прападаў на век вякоў у мэнках пякельных,- а для таго, дзецюкі, каб знаў закон Божы, знаў свайго Бога, знаў сваю веру і заслужыў на шчасце нябеснае”, — падкрэслівалі паўстанцы.

Перадусім яны звярталі ўвагу на тое, што за 23 гады да таго, у 1839 годзе расійскія ўлады ліквідавалі на Беларусі Уніяцкую Царкву, далучыўшы яе вернікаў да Праваслаўнай. “Калі Сын Боскі, прыйшоўшы на гэты свет, устанавіў праўдзівую веру і за гэту веру цярпеў крыжовыя мэнкі, то не для таго, каб якіясь там цары маскоўскія, байстручага роду, перамянялі закон Божы, а мы, на прыказ гэтых цароў, выракаліся веры сваіх дзядоў і прадзедаў і не хвалілі Бога, а радню царскую, но для таго, дзецюкі, Бог найвышшы цярпеў за нас, каб закон яго быў ужэ вечны, ніхто не смеў перамяняці, а мы з цэлай моцы трымаліся Яго”, — гаварылася ў газеце.

Народжаныя ў 1830-я гады аўтары “Mużyckaj praudy” нагадвалі сваім чытачам-равеснікам, што іх бацькі былі “яшчэ справядлівай уніяцкай веры”, якіх перавярнулі на “на сызму, на праваслаўе”. Пры гэтым у словах і выразах яны не саромеліся, пагражаючы, што тых, хто выракліся веры сваіх продкаў “Бог найвышшы … аддасць у пекла на вечныя мэнкі, будуць чэрты душу нашу на кускі рваці, а смала ў вантробах кіпеці будзе”. “Пазнаеш тагды сваё ліха — но ў пекле па няўчасе ўжэ будзе, не перапросіш тагды ўжэ справядлівага Бога, і мэнкам тваім ніколі канца не будзе”, — праракавалі яны.

І паказвалі на таго, па віне каго “вечныя мэнкі” пагражаюць беларускім сялянам – цара маскоўскага, які, “перакупіўшы многа папоў, вялеў нас у сызму запісаці, ён-то плаціў грошы, каб толька перахадзілі на праваслаўе, і, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую — уніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі; а зрабіў гэта для таго, каб мог нас без канца драці, а Бог справядлівы не меў злітавання над намі”.

У сувязі з гэтым паўстанцы адзначалі неабходнасць выгнання “маскаля з нашага краю” і вяртання праўдзівай вольнасці і веры дзядоў і прадзедаў. “А касцёлы, што маскаль, нячыстая яго сіла, параскідаў альбо перарабіў на стайні і цэркві, зноў заяснеюць Тваею хвалою, і народ у ніх хваліці Цябе будзе, як хвалілі нашыя прэдкі. Заспяваем тагды ў адзін голас нашу песнь святую: «Święty Boże! Święty Mocny, Święty Nieśmiertelny, zmiłuj się nad nami!» — і Бог найвышшы змілуецца над намі, дапаможа нам у нашай працы, а на тамтам свеце дасць крулества нябеснае — і не будуць ужэ дзеткі нашыя сваю матку праклінаці, што на свет радзіла!” – адзначылі яны.

У газеце таксама адзначалася, што ўжо “свенты Ойцец аж з Рыму” прыслаў ужо “сваё благаславенне (но маскаль яго спыняе)”, а таксама збіраецца прыслаць “і ксяндзоў, што будуць прымаці на уніяцкую веру”. “Тагды, дзецюкі, хто адно верыць у Бога, Яго Сына і Духа Святога, няхай зараз пакідае сызму і пераходзіць на праўдзівую веру дзядоў і прадзедаў. Бо хто не пяройдзе на унію, той сызматыкам застанецца, той, як сабака, здохне, той на тамтам свеце пякельныя мэнкі цярпеці будзе!” – падкрэсліваў “Яська, гаспадар з-пад Вільні”, “такі самы з дзедаў-прадзедаў мужык, як і вы, но яшчэ уніяцкай веры”.

Lit2
«Знак». Малюнак Артура Гротгера з цыклу «Літва»

Апошні нумар “Mużyckaj praudy” выйшаў ужо ў час, калі ва ўсю палыхала паўстанне і быў абвешчаны Маніфест часовага ўраду. Сярод яго перавагаў перад расійскай адміністрацыі аўтары газеты адзначалі ў тым ліку і тое, што “ўніяцкія касцёлы, што маскалі забралі, аддаюцца назад уніятам, і хто хоча, мае права хрысціць дзяцей па-уніяцкі да да уніяцкіх ксяндзоў ісці да споведзі і па-старому Богу маліцца, як яшчэ бацькі нашы маліліся”.

Тут, аднак, варта адзначыць, што непасрэдных, у гэтым свеце, пагроз праваслаўным не выказвалася, на ўніяцкія цэрквы і касцёлы планавалася перарабіць не ўсе праваслаўныя цэрквы, а толькі тыя, якія раней былі такімі, дый пераход з праваслаўя ва ўніяцтва абвяшчаўся добраахвотным, а не прымусовым. Тым не менш, яскравае ўзвышэнне адной канфесіі ў сітуацыі з беларускім грамадствам, падзеленым на розныя канфесіі, было хутчэй памылкай, чым дасягненнем паўстанцаў.

У “Пісьмах з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага, якія пісаліся ўжо ў зняволенні напярэдадні яго павешання, таксама прасочваліся эсхаталагічныя заўвагі адносна расійскіх уладаў (прыгадайма і ўжо ўзгаданае апісанне маскоўскага цара як антыхрыста). Гэтак, параўноўваючы часы Рэчы Паспалітай, ён адзначаў, што “ронд польскі калі браў з нас падымнае, то не заводзіў гэтакіх стаенных падаткаў па душы (падушны падатак – рэд.) нашы, што то да Бога адно належаць”. Больш за тое, ён наўпрост абвінавачваў маскоўскія ўлады ў антыхрысціянскасці: “ронд польскі, маючы Бога ў сэрцу, не ўпісаў нас у сызму, у каторай адно за цара да за цара маліціся трэба, як бы ўжэ цар быў Богам на свеце, а вера да казны належала”.

“Не будзем гаварыці, з якіх народаў маскалі паўсталі, брацтва там не многа найдзем, няволя манголаў да і цароў маскоўскіх заўсім забіла ў гэтам народзе ўсякую памяць а свабодзе да і зрабіла з яго грамады людзей паганых без мыслі, без праўды, без справядлівасці, без сумлення да і без баязні Боскай”, — заяўляў незадоўга перад смерцю Каліноўскі.

Уводзіў у віну расійскай адміністрацыі ён  і пагаршэнне маральнасці, тое, што, “каб не магло вырабляціся сумленне народнае, пакасаваў маскаль усе сходкі людзей выбарных, усе школы нашы, а так, абабраўшы з сумлення да і з розуму, а завёўшы ў нас свой парадак маскоўскі, пазволіў кожнаму дужшаму глуміцца над бедным як толька хоча”, адабраўшы ў мужыкоў “і тое права, якое ён меў ад ронду польскага”.

Можна пабачыць у яго лістах і адсылкі да кнігі Выхаду, рабства габрэяў у Егіпце і дзесяці пакаранняў Егіпецкіх, а таксама і да Апакаліпсісу Яна Багаслова: “3 дзядоў і прадзедаў была ў нас уніяцкая вера, гэта значыць, што мы, будучы грэцкай веры, прызнавалі за намеснікаў Боскіх святых айцоў, што ў Рыме. Царом маскоўскім і гэта стала завідна, для таго, скасаваўшы ў Маскве грэцкую веру, а зрабіўшы царскую, што то называецца праваслаўе, і нас адарвалі ад праўдзівага Бога і ўпісалі ў сыэму пагану. Такім спосабам, абабраўшы з гроша, з рук спасобных, запраглі нас у паншчызну, і каб слёзы мужыцкія не трапілі перад трон праўдзівага Бога, забралі нам і духоўну нашу пацеху — нашу веру уніяцкую. Праўда, людцы, ёсць за што падзякаваці!.. А чыноўнікі то маскоўскія — яшчэ адно дабрадзейства. Чытаў я ў ксёнжках, што ёсць на свеце якась саранча (пар. Ап. 9:3-6 – рэд.), катора як гдзе пакажацца, усю худобу гаспадарску зглуміць. Маем мы, браткі, горшую яшчэ ад той саранчы, а гэта чыноўнікі маскоўскія з сваёю “праўдаю” і “справядлівасцею”, яны людзі вельмі здатныя, што то па-маскоўску “праворныя”, умеюць так аблізаць чалавека, што з рук іх выйдзеш голенькі як маці радзіла — і жыві пад гэтакім рондам без суду і праўды”.

Lit1_Puszcza
«Пушча». Малюнак Артура Гротгера з цыклу «Літва»

І калі расійскія ўлады падаваліся падобнымі да егіпцянаў біблейскага Фараона, то паўстанцкі ўрад у Варшаве – як зямля абяцаная, да якой яшчэ трэба прыйсці. “Калі ронд польскі ўсім братнім народам дае самарондства, маскаль мала таго, што гэтак не робіць, но яшчэ там, гдзе жылі палякі, літоўцы і беларусы, заводзіць маскоўскія школы, а ў гэтых школах учаць па-маскоўску, гдзе ніколі не пачуеш і слова па-польску, па-літоўску да і па-беларуску, як народ таго хоча, а ў гэтыя школы адно з другога канца света маскалёў насылаюць, што толька ўмеюць красці, людзей абдзіраці дай служыць за грошы паганаму дзелу на глум народу. Дзікі маскаль думае, што калі можа народ абдзіраці за ўсякага дабытку, то і патрапіць кажнаму ўбіць у галаву свой дурны розум, дурны для таго, што розум маскоўскі калі не раз харашо кажа, то ніколі па-людску нічога не робіць, адно людзей абманывае, а перад кнутом царскім гнецца, як астатні валацуга. Трудна ўсё гэта расказаці, што мы ўжэ кроўю запісалі, так што слёзы льюцца, чытаючы бяспраўе, якое маскалі рабілі дай да гэтай пары яшчэ робяць. Хто хоча дазнаць праўдэівага смаку, няхай сам пажыве пад рондам маскоўскім, то і паглядзіць, якое дабрадзейства мужыкі мелі; ось то для чаго кажам: што польскае дзела гэта наша дзела, гэта вольнасці дзела”, — дадае Кастусь Каліноўскі, заклікаючы “бараніць хрысціянства ад татарскай дзічы”.

Аднак, нягледзячы на ўвесь гаротны стан, Каліноўскі не перастае верыць у выпраўленне сітуацыі і заклікае да гэтага астатніх. “Рук ахвотных і сягодня ў нас даволі, но з голымі рукамі не ісці на штыкі маскоўскія. Ронд польскі і яго чыноўнікі павінні добра над гэтым падумаць, грошы ў нас будуць, бо мы знаем патрэбу таго, бо мы маем спосабы на тое. Но каб за нашы грошы мы мелі што ў рукі ўзяці, Ронд польскі гэтаму зарадзіць; а калі натрапіць перашкоды, то пры памоцы Бога і свайго права, упісанага ў нашых грудзях, усё з часам пераможа. Ты, аднак, Народзе, не дажыдайся, да з чым можаш ідзі ваяваці за свайго Бога, за сваё права, за сваю хвалу, за сваю бацькаўшчызну”, — заяўляе ён.

Тым не менш, паўстанне 1863-1864 гадоў было задушанае, а сам Каліноўскі, як і многія яго паплечнікі, пакараны смерцю. Адным з вынікаў паўстання сталі яшчэ большыя рэпрэсіі расійскага ўраду ў дачыненні да каталіцкага духавенства (бо ўніяцкага ўжо не засталося), шэраг з іх, як, напрыклад, Адам Фалькоўскі, быў расстраляны толькі за тое, што зачыталі маніфест паўстання і заклікалі парафіянаў узяць у ім удзел.

“З-за магчымасці ідэалагічнага ўплыву рымска-каталіцкага святарства на грамадства ўладныя структуры ўзмацнілі ціск на гэты сацыяльны пласт, што яскрава прасочваецца з самага пачатку паўстання 1863—1864 гг. Увага надавалася кожнаму данясенню аб нядобранадзейных паводзінах ксяндзоў. Да прадстаўнікоў каталіцкага кліру, не звяртаючы ўвагі на ўзрост і пасады, ужываліся ўсе віды пакаранняў, якія толькі ўвогуле выкарыстоўваў урад. Пры гэтым рэпрэсіі мелі выразна акрэсленую палітычную афарбоўку. Святароў каралі больш сурова ў параўнанні са свецкімі асобамі. Іх маглі прысуджаць да катаргі за малазначныя ўчынкі — чытанне з амбону маніфестаў, пракламацый і адозваў, хаванне патрыятычнай літаратуры. Разнастайныя рэпрэсіі і ссылка прыводзяць да таго, што амаль на траціну скарацілася колькасць вікарыяў, бо святароў не хапала, і вікарыі пераводзіліся на вакантныя месцы з павышэннямі ў пасадзе. У Мінскай губерні, дзе ў 1804 г. налічвалася 13 дэканатаў, у якія было аб’яднана 86 парафій і 156 касцёлаў, у 1865 г. засталося ўжо толькі 11 дэканатаў, 80 парафіяльных і 38 філіяльных касцёлаў. З 50 мужчынскіх кляштароў, якія дзейнічалі ў 1798 г., да 1864 г. засталося толькі 14, а напрыканцы ХІХ ст. у Мінскай губерні заставаўся толькі адзін дзейсны кляштар. Непасрэдным наступствам паўстання стала ліквідацыя Мінскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі ў 1869 г.”, — адзначаюць у сваім артыкуле “Паўстанне 1863—1864 гг. у лёсе рымска-каталіцкага святарства Беларусі” Зінаіда Антановіч і Вольга Гарбачова.

У 1875 годзе была ліквідаваны і апошні асяродак уніяцтва ў Расійскай імперыі – суседняя з Беларуссю Холмская ўніяцкая епархія на тэрыторыі Царства Польскага, якая была далучаная да праваслаўнай Холмска-Варшаўскай епархіі.

Цяжка сказаць, што кіравала аўтарамі “Mużyckaj praudy” і ў прыватнасці Кастусём Каліноўскім, калі яны звярталіся ў сваіх публікацыях і лістах да рэлігійнай тэматыкі. Вядома, ім была выгадная актывізацыя прыхільнікаў у тым ліку і па канфесійнай прыкмеце, літаральная дэманізацыя ворага, які падаваўся як антыхрыст, праціўнік Бога і параўноўваўся з вядомымі біблейскімі персанажамі і сюжэтамі. Уразлівых сялянаў маглі спакусіць перайсці на паўстанцкі бок і пагрозы пякельнымі карамі.

Разам з тым, выключна меркантыльны інтарэс лідараў паўстання ставіць пад сумнеў вялікі аб’ём тэксту, прысвечаны Богу, рэлігіі і веры. Тым больш, што як прызнаваўся сам “Яська, гаспадар з-пад Вільні”, уніяцтва ўжо не карысталася падтрымкай насельніцтва. Больш за тое, людзям даводзілася нагадваць, якой веры прытрымліваліся іх жа бацькі. У такім разе прасцей было б увогуле не звяртаць увагу на канфесійнае пытанне, але, відаць, яно займала думкі саміх паўстанцаў, якія таму і прысвяцілі яму столькі ўвагі.

Доказам гэтага ёсць і той факт, што Кастусь Каліноўскі звяртаецца да рэлігійнай тэматыкі нават напярэдадні сваё смерці, у “Пісьмах з-пад шыбеніцы”, якія літаральна пісаліся напярэдадні яго павешання. “Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку. Тагды ён толька магчыме жыці ў багацтве, папраўдзе, тагды ён толька, памаліўшысь Богу, заслужыць неба, калі збагаціць наукай розум, разаўе сэрца і радню цэлу сэрцам палюбіць. Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі,- адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу”, — пісаў ён, заклікаючы і надалей “ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю радную”.

Lit6
«Уява». Малюнак Артура Гротгера з цыклу «Літва»

Тут, безумоўна, важныя для яго нацыянальнае пытанне, пытанні палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя наўпрост пераплятаюцца з пытаннямі рэлігійнымі.

Варта адзначыць і той момант, што Кастусь Каліноўскі, якога з-за прыналежнасці да рэвалюцыйнай фракцыі “чырвоных” і вялікай увагі да сялянскай долі, часта адносяць да прыхільнікаў сацыялістычнай думкі, быў не зусім яе яскравым прадстаўніком. У прыватнасці, далёкім ад тых сацыялістаў, якія набылі моц напачатку ХХ стагоддзя і дэкларавалі пераважна атэістычныя погляды. Ён жа надаваў вялікую ўвагу рэлігійнаму пытанню і рэлігійнай, дадзенай Богам справядлівасці. Больш за тое, рэлігійнасць для яго не была абстрактнай, а была звязанай з канкрэтнай (уніяцкай ды каталіцкай) канфесіяй.

Таму ў гэтым плане Кастуся Каліноўскага можна паставіць у шэрагі папярэднікаў “тэалогіі вызвалення”, якая набыла папулярнасць у Лацінскай Амерыцы, чорных супольнасцях ЗША і Паўднёвай Афрыкі праз 100 гадоў пасля яго смерці. Як і беларускія паўстанцы, яна разглядала хрысціянскае выратаванне супольна з эканамічным, палітычным, сацыяльным і ідэалагічным вызваленнем як значнай прыкметай чалавечай годнасці, імкнулася да знішчэння эксплуатацыі, самавольства і несправядлівасці гэтага свету, вызвалення народа, разглядала беднасць і прыгнёт як следства граху, паказвала прыгнечаным канкрэтных ворагаў на шляху пераўтварэння існай сістэмы. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі