У Магілёве вернікі розных канфесіяў маліліся аб адзінстве

молитва
У Магілёве ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў 25 студзеня, у свята Навяртання святога апостала Паўла ў каталіцкай традыцыі, у магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава адбылася супольная малітва прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесіяў Магілёўшчыны пры ўдзеле шматлікіх вернікаў.

Каталіцкую Царкву прадставіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, Праваслаўную – благачынны Магілёўскай гарадской акругі протаіерэй Сяргей Лабада и святар з Бабруйска-Быхаўскай епархіі протаіерэй Дзмітрый Баркар, Грэка-Каталіцкую Царкву –а. Васіль Ягораў, пратэстанцкую супольнасць — галоўны пастар Прэсвітэрыянскай супольнасці Іван Масюра, паведамляе catholic.by.

На малітве прысутнічаў кіраўнік сектара па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Магілёўскім аблвыканкаме Сяргей Савенка.

Протаіерэй Сяргей Лабада, перадаючы словы прывітання і лучнасці епіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія, падкрэсліў, як важна памятаць пра галоўную запаведзь Хрыста і трываць у любові да Бога і да бліжняга, «бо гэта якасць, якая асаблівым чынам адрознівае веруючага чалавека ад іншых».

«Там, дзе няма сапраўднай любові і пашаны адно да аднаго, узнікаюць падзелы, войны, няшчасці, пра што сведчаць канфлікты ў Сірыі, братняй Украіне і іншых частках свету. Таму просім Бога, каб навучыў нас цаніць і ўцелаўляць у жыццё Яго запаведзь любіць адзін аднаго так, як Ён палюбіў нас», – нагадаў а. Сяргей Лабада.

Біскуп Яшэўскі звярнуўся да ўдзельнікаў са словамі заахвочвання быць актыўнымі будаўнікамі адзінства, якое вядзе ў Божае Валадарства: «У справе адзінства паміж вызнаўцамі Хрыста Бог хоча, каб мы не былі проста гледачамі: у Божым Валадарстве няма гледачоў, а ёсць толькі ўдзельнікі. Усе мы дзеці аднаго Бога, усіх нас збавіў адзін Збаўца, і ўсіх нас чакае адзіны дом Айца – Божае Валадарства».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі