Яшчэ раз аб рэлігійным раздзеле праграмы “Вольная Беларусь” Зянона Пазьняка

пазняк

Няма нічога дзіўнага ў тым, што кожная палітычная партыя або плынь намагаецца данесці свой светапогляд да грамадства ў выглядзе праграм, якія адлюстроўваюць іх бачанне на вырашэнне дзяржаўных праблемаў ды наогул жыцця дзяржавы. Зазвычай у сусветнай практыцы гэтыя прапановы адпавядаюць назве партыі або заяўленаму палітычнаму курсу.

Таму, калі 24 красавіка 2017 г. была здзейснена прэзентацыя калектыўнай працы Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ “Вольная Беларусь”, лідарам якой з’яўляецца Зянон Пазьняк, усе чакалі з’яўлення менавіта кансерватыўна-хрысціянскага падыходу да пытання адраджэння Беларусі. Тым больш, што падобныя падыходы даўно апрацаваны шэрагам правых партый Еўрапейскіх дзяржаў. Менавіта хрысціянскі аспект найбольш зацікавіў мяне і як праваслаўнага святара, і як прыхільніка хрысціянска-дэмакратычнай дзяржаўнай пабудовы Беларусі.

На вялікі жаль, “нешта пайшло не так”, і мы пабачылі… крыху змененую праграму сацыял-дэмакратаў, як найбліжэй – сярэдзіны ХХ ст., да якой дададзена нізка левых ліберальных ідэй. І так, давайце “занурымся” ў гэтую працу больш падрабязна, менавіта з пункту гледжання хрысціяніна.

Пачнём з таго, што Беларуская гістарычная дзяржаўнасць сфармавалася менавіта як хрысціянская. Культура, асвета, архітэктура, мастацтва – усё нясе ў сябе хрысціянскія карані. Першымі мураванымі будынкамі былі хрысціянскія храмы, першымі асветнікамі былі хрысціяне, першым сусветна вядомым пісьменнікам – св. Кірыла Тураўскі, а першай друкаванай кнігай была Біблія… Хрысціянства ёсць душою большасці беларусаў, больш 85% вызнаюць сябе хрысціянамі… Аднак не толькі згадка аб хрысціянскім падмурку Беларускай дзяржаўнасці ды культуры, але нават само слова “хрысціянства” адсутнічае ў праграме “кансерватыўна-хрысціянскай партыі”. Ужо гэта мусіць ускосна казаць аб антырэлігійных поглядах аўтараў, якія ўласцівы для сацыялістычных ды ліберальных колаў ды, у Еўрапейскім кантэксце, выліваюцца ў дыскрымінацыю хрысціян, разбурэнне традыцыйных каштоўнасцяў ды сям’і, пашырэнню хібнай ідэі мульцікультурнасці ды інш.

Падобнага парадоксу супрацьлегласці назвы, дэкларавання і зместу мы не знайшлі ў ніводнай праграме не толькі еўрапейскіх, а і агулам ва ўсіх партый свету. Але гэта далёка не адзіны “бальшавіцкі падыход” праграмы, прэзентаванай КХП-БНФ.

Так, для мяне, як і для іншых хрысціян Беларусі, найбольшую цікавасць выклікае раздзел №5 – “Рэлігія”, аўтарамі якога з’яўляюцца Зянон Пазьняк ды Павал Усаў. Што праўда, ягоны вельмі добры аналіз зрабіў рэдактар парталу “Крыніца” Максім Гацак, але, на нашу думку, будзе карысным дапоўніць пэўныя моманты.

п.5.2. (ст. 53) мы бачым адыход ад агульнапрынятых дэмакратычных каштоўнасцяў, якія на сёння прысутны ў дзейным Заканадаўстве вольных краін свету.

1) Так, аўтары прапануюць цалкам выдаліць Царкву з грамадскага жыцця, што цалкам адпавядае, як мінімум, падыходу сучасных сацыялістаў ды лібералаў, а напраўду з’яўляецца менавіта камуністычным падыходам.

Але цывілізаваныя краіны свету намагаюцца не выгнаць Царкву з дзяржаўнага жыцця, а наадварот – прыцягнуць для вырашэння сацыяльных ды духоўных праблем грамадства. Гэта выражаецца ў стварэнні грамадскіх рад, у тым ліку і духоўных, пры дзяржаўных інстытуцыях; дзяржаўныя законы аб разнастайным капеланстве: ад вайсковага да турэмнага; наданні права Царкве выступаць з заканадаўчымі ініцыятывамі ды шмат чаго іншага.

2) Дэмакратычнае грамадства, ад самай даўніны і да сёння, вызнае права веруючага чалавека надаваць перавагу царкоўным абрадам у сваім жыцці. Мусім нагадаць, што адным з элементаў дэкамунізацыі й дэмакратызацыі ў краінах т.зв. “сацыялістычнага лагера” было дзяржаўнае вызнанне царкоўных дакументаў, найперш – пасведчанняў аб царкоўным шлюбе. Таксама царкоўныя дакументы пачалі прымацца як поўнавартаснае сведчанне пры вызначэнні магчымасці прызыву на вайсковую службу, адмову ад ІНН ды інш.

3) Дэмакратызацыя рэлігійнага жыцця краін “сацыялістычнага лагеру” таксама заключалася ў праве рэлігійных арганізацый засноўваць адукацыйныя ўстановы ўсіх узроўняў, а галоўнае – дзяржаўным прызнанні рэлігійнай адукацыі ўсіх узроўняў, нават навуковых ступеняў і званняў. Напрыклад, падобны працэс сёння актыўна праходзіць у суседняй Украіне ды з’яўляецца адным з элементаў дэкамунізацыі (дэсаветызацыі).

п. 5.4. Забарона ўдзелу рэлігійных арганізацый (Царквы) у эканамічнай дзейнасці – гэта яўная дыскрымінацыя. Гаспадарская дзейнасць заўсёды вялася і вядзецца ў манастырах, багата парафій заводзяць дадатковую вытворчасць, якая непасрэдна не звязана з рэлігіяй. Але гэта патрэбна для функцыянавання рэлігійных арганізацый, дабрачыннай дзейнасці і г.д. Заўважым, што дадзены пункт цалкам і амаль даслоўна спісаны з рэлігійнага заканадаўства СССР.

п.5.5. Першае, што прыходзіць на думку, — гэта дзіўны адлік часу менавіта ад часоў Расійскай імперыі ў дачыненні да Беларусі. Бо гісторыя большасці гістарычных хрысціянскіх храмаў значна больш даўняя ды шматгранная. Маем выпадкі, калі нават на працягу XVIII – ХХ стст., храм неаднаразова змяняў канфесійную прыналежнасць, таму ўзнікае заканамернае пытанне: хто будзе вызначаць перавагу ўладання той або іншай канфесіі? Пры гэтым чамусь забываюцца, што храм перадаецца не рэлігійнай арганізацыі, а канкрэтнай парафіі.

Па-другое, спасылка на практыку “дзяржаўнай уласнасці” менавіта на праваслаўныя храмы ў Расійскай імперыі вельмі хібная, бо, апрача наяўнасці прыватных храмаў, існавала дзяржаўная ўласнасць і на каталіцкія (выдзеленыя) храмы. Апрача таго, практычна да канца XVIII ст. на беларускіх землях была кцітарская, брацкая і парафіяльная ўласнасць на культавыя будынкі,  якая нават была часткова павернутая ў міжваенны час у Заходняй Беларусі. З рэшты, стан храмаў, якія дзяржава перадала парафіям, у большасці выпадкаў быў жахлівы… Дастаткова згадаць Петрапаўлаўскі праваслаўны храм у Менску або Чырвоны касцёл.

Яшчэ большае пытанне паўстае з уласнасцю тых культавых будынкаў, якія безумоўна належалі рэлігійным грамадам, але потым былі канфіскаваныя савецкай уладай ды знаходзіліся (знаходзяцца) ва ўласнасці дзяржавы. Мова, найперш, ідзе аб культавых будынках пратэстантаў, мусульман і юдэяў, але маем і шэраг хрысціянскіх святынь (найперш – Полацкую Сафію). У праграме аніякім чынам не прапісанае: ці гатова дзяржава (у варыянце КХП-БНФ) павярнуць гэтыя будынкі ўласнікам – рэлігійным арганізацыям, аплаціць перабудову ды кампенсацыю. З варыянта рэлігійнага пункту – гэта наогул не разглядаецца.

Зрэшты, і тут важка не пагадзіцца з аналізам Максіма Гацака, што падыход аўтараў праграмы да маёмасна-рэлігійнага пытання, нават на ўзроўні праграмных тэзісаў, выклікае досыць негатыўную рэакцыю вернікаў, а таксама выклікае канфесійны канфлікт.

5.6. Да досыць поўнага адказу Максіма Гацака, мусім дадаць яшчэ адзін момант, аб якім мы пісалі, калі аналізавалі п. 5.2. Аніякім чынам не гарантуецца дзяржаўнае вызнанне рэлігійных навучальных устаноў, ад школы да акадэміі. Больш таго, апіраючыся на п. 5.2 ды трактоўку п. 5.6., бачна, што аўтары нават не збіраюцца вызнаваць дыпломы рэлігійных навучальных устаноў. Але, як паказвае практыка, такі падыход адпавядае выключна сацыялістачна-камуністычнаму светапогляду. У нармальных дэмакратычных краінах, існуе цалкам празрыстая ды дэмакратычная працэдура ацэнкі (вызнання) навучальных устаноў, як дзяржаўных, так і прыватных (рэлігійных). А вось прапанова аўтараў – гэта безумоўна савецка-камуністычны падыход.

5.7. Мы маем яўнае жаданне аўтараў праграмы паставіць рэлігійныя арганізацыі ў поўную залежнасць ад дзяржавы праз “канкардат”. Атрымліваецца, калі рэлігійная арганізацыя (Царква) не падзяляе пэўныя пункты “канкардату” (умоў дзяржавы), яна будзе недапушчана да абслугоўвання сваіх вернікаў у войску, дзяржаўных шпіталях ды вязніцах. Ёй будзе праблематычна патрапіць да будзь-якой дзяржаўнай інстытуцыі. Але, на сёння, як мінімум, маем прыклад Украіны, дзе без ніякіх “канкардатаў” забяспечаны правы ўсіх канфесій.

5.8. Пасля поўнага маўчання аўтараў аб беларусах як тытульнай хрысціянскай нацыі ды Беларусі як спрадвечнай хрысціянскае дзяржавы аўтары чамусь?! прапануюць зрабіць непрацоўнымі выключна дні хрысціянскіх святаў. Не кранаючыся пэўных супярэчнасцяў, якія ўжо адзначыў Максім Гацак, бачная яўная супярэчнасць з сцверджанням самой праграмы: “Усе канфесіі роўныя перад законам і дзяржавай” (ст.54), бо, калі мы пішам так, то мусім надаць ўсім канфесіям выходныя дні ў іх вялікія свята….

Вывады

Не кранаючыся іншых момантаў, мы маем усе падставы зрабіць вывад, што праграма КХП-БНФ “Вольная Беларусь” у галіне рэлігіі аніяк не з’яўляецца, а ні кансерватыўнай, а ні хрысціянскай. Яна, як мінімум, адлюстроўвае сацыялістычныя ды нават камуністычныя погляды на веру і яе месца ў грамадстве, якія нават не з’яўляюцца канструктыўна-будаўнічымі для Беларусі ды беларускай нацыі. Наадварот, яны скіраваны на тое, каб выбіць гістарычны хрысціянскі светапогляд з жыцця беларусаў, замацаваць атэістычна-ліберальныя “каштоўнасці”.

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі