Ксёндз Юрый Санько: мы як лічылі праваслаўных сваімі братамі, так і лічым

крест
“У каталікоў з праваслаўнымі адзін Бог”, – кажа прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі кс. Юрый Санько, каментуючы словы Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, аб тым, што “мэтай Уніі зьяўляецца жаданьне даказаць, што ў праваслаўных і католікаў адзін Бог”.

“Мы працягваем маліцца і як лічылі праваслаўных сваімі братамі, так і лічым. Заява мітрапаліта Паўла на гэта не паўплывае. Думаю, што Праваслаўная царква сама павінна пракамэнтаваць гэтую заяву і растлумачыць, што меў на ўвазе мітрапаліт Павел. Калі мы пачнём разважаць, – што Мітрапаліт меў на ўвазе, мы яшчэ больш заблытаем людзей. Мы, паўтараю, молімся аб адзінстве хрысціянаў, надалей лічым праваслаўных братамі і будзем рабіць усё, каб гэтае супрацоўніцтва далей развівалася, і не толькі ў сацыяльнай сфэры ці сферы адукацыі”, – кажа кс. Юрый Санько, паведамляе Радыё Свабода.

“Калі мы гаворым пра адзінства сакрамэнтаў, і калі нашыя вернікі могуць прымаць сакрамэнт шлюбу у Праваслаўнай царкве, а праваслаўныя могуць, не змяняючы канфесіі, браць шлюб у касцёле, пра што мы можам яшчэ гаварыць?”, – дадае святар.

“Зусім нядаўна мы перажывалі Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў. Адпаведныя набажэнствы ў межах гэтага тыдня, на якіх за адзінства хрысціянаў разам маліліся католікі і праваслаўныя, а таксама прадстаўнікі іншых канфесій, прайшлі ў Мінску, у Гродне і ў Магілёве, а таксама ў іншых гарадах нашай краіны. Здаецца, ні ў каго і сумніваў не ўзнікае, што ва ўсіх нас — адзін Бог”,нагадвае дыякан Мікола Гракаў з Магілёва.

“У тыповым беларускім горадзе або мястэчку касцёл і царква заўсёды стаяць побач. На жаль, у постсавецкай Беларусі сярод шырокіх колаў насельніцтва мы назіраем вялікую рэлігійную неадукаванасць і абыякавасць. У выніку сёння нават сярод тых, хто лічыць сябе вернікам той ці іншай канфесіі, большасць не ведае, чым яны насамрэч адрозніваюцца, а таксама не маюць ніякага ўяўлення пра сутнасць адзінства хрысціянаў, што стварае выдатную глебу для распаўсюджвання разнастайных скажэнняў і прадузятасцяў”, – разважае д. Мікола Гракаў.

Адкуль карані ідэі “рознага” Бога? Аўтар нагадвае “скрайне эксцэнтрычнае выказванне героя славутага рамана класіка сусветнай літаратуры Фёдара Дастаеўскага «Ідыёт» князя Мышкіна адносна таго, што «каталіцтва – усё адно, што вера нехрысціянская», тлумачачы, што як раз такое бачанне часам распаўсюджанае ў ментальнасці малаадукаванага ў рэлігійных пытаннях насельніцтва постсавецкай Беларусі.

“Але ж такіх і падобных памылковых перакананняў у народзе распаўсюджана вельмі шмат, што сведчыць пра неабходнасць шырокай хрысціянскай асветніцкай дзейнасці, якая будзе значна больш эфектыўнай, калі стане плёнам супрацоўніцтва прадстаўнікоў абедзвюх асноўных беларускіх канфесіяў”.

«Царква — паўсюдная, універсальная таму, што Хрыстус і Яго вучэнне скіраваныя не да нейкага аднаго народа і не да нейкай адной эпохі ці культуры, а да ўсіх эпохаў. Мы пра гэта часта забываемся, звужаем Царкву і хрысціянства да свайго народа, робім з яе штосьці вузкае, правінцыйнае, частковае», – нагадвае аўтар словы кіраўніка праваслаўнай Гродненскай епархіі, архіепіскапа Гродненскага і Ваўкавыскага Арцемія.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі