Рымашэўскі: уплыў сектанцкіх павеваў з Расіі на БПЦ перабольшаны

Выказванне мітрапаліта Паўла пра тое, што ў праваслаўных і ўніятаў розны Бог, супярэчыць праваслаўнай дагматыцы. Пра гэта ў эфіры «Размовы з Мацкевічам» тэлеканала «Белсат» заявіў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

«Я думаю, што мітрапаліт Павел гэта разумее, а яго выказванне было абсалютна недарэчным. І, зрэшты, я думаю, што асноўная яго праблема ў тым, што пры заняцці такой высокай публічнай пасады, калі кожнае яго выказванне асвятляецца ў СМІ і абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках, ён не ўмее дастаткова карэктна фармуляваць свае думкі. Безумоўна, гэтае выказванне выклікала шмат апраўданага абурэння», — адзначыў ён, нагадаўшы, што мітрапаліт – усяго толькі чалавек.

Сустаршыня БХД таксама нагадаў, што ў гісторыі Царквы неаднаразова бывалі выпадкі, калі нават патрыярхі памыляліся і ўпадалі ў ерась ды пераследвалі тых, хто сёння лічыцца святым. Пры гэтым ён заявіў, што за часы незалежнасці стаўленне праваслаўных да іншых канфесій у Беларусі моцна змянілася.

“Яшчэ 10-15 гадоў стаўленне да іншых канфесій унутры Праваслаўнай Царквы, як, зрэшты, і стаўленне да іншых канфесій сярод Пратэстанцкіх Цэркваў, моцна змянілася. Яшчэ 15 гадоў таму было б цяжка ўявіць экуменічныя малітвы, цяпер яны праходзяць афіцыйна. І з дабраслаўлення мітрапаліта Паўла таксама, бо без яго дазволу немагчыма было б удзельнічаць праваслаўным святарам”, — падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Раскрытыкаваў палітык і стаўленне мітрапаліта да беларускага народа і Беларусі. “Яно выклікала абурэнне і ўнутры самой Царквы. Пасля мітрапаліт Павел нават рабіў карэктыроўкі сваіх заўваг, абяцаў вучыць беларускую мову. Пад ціскам царкоўнай грамадскасці і царкоўнага менталітэту, які абсалютна не прыняў такое стаўленне. Гэта таксама сведчанне таго, што Царква прайшла свой шлях, і ўплыў сектанцкіх павеваў расейскага паходжання (пра тое, што Хрыстос быў рускім, а праваслаўе – нацыянальная вера) значана перабольшаны”, — заявіў сустаршыня БХД.

Паводле яго, хаця ў Царкве ў цэлым працэс змянення стаўлення да беларускай мовы і беларускай нацыі можа ісці не так хутка, як хацелася, але ў царкоўных супольнасцях гэты працэс ідзе хутчэй чым у беларускім грамадстве ў цэлым і нават у апазіцыйнай супольнасці.

Таксама палітык падтрымаў калі не атрыманне аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквой, то атрыманне аўтаноміі. “Гэта пытанне наспела ўжо даўно”, — падкрэсліў ён, але пры гэтым выступіўшы супраць умяшальніцтва палітыкаў і дзяржавы ў справы Царквы.

“Іншая справа, калі б хрысціянскія дэмакраты былі пры ўладзе і калі б мы бачылі тое, што робіцца сёння, калі праз асобных праваслаўных неадэкватных святароў ідзе ўплыў шавіністычных настрояў з Масквы, гэтых святароў трэба судзіць і ў межах Крымінальнага кодэксу спыняць. Як і любую прапаганду. І гэта тычыцца не толькі Царквы, але і любой грамадскай арганізацыі. Але на тое, які ўнутраны лад павінна мець тая ці іншая рэлігійная супольнасць, дзяржавы ўплываць не мусіць. А Праваслаўная Царква, нават у тым стане, у якім яна сёння ёсць, яна б спакойна вырашыла гэта пытанне, якое б пайшло на карысць і Беларускай Праваслаўнай Царкве, і дзяржаве”, — дадаў Віталь Рымашэўскі.

Ён таксама заявіў, што прызначэнне на кіраўніцтва БПЦ замест мітрапаліта Паўла стаўленіка беларускіх уладаў толькі б павялічыла ў сённяшніх умовах уплыў дзяржавы на рэлігійнае жыццё.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі