Уніяты не разумеюць, чаму іх узгадваюць у размове пра Бярозаўку

C017F807-0F7D-4088-949C-40E0273C44DC_w1023_r1_s

Айцец Яўген Усошын, Канцлер курыі Апостальскага візітатара для грэка-каталікоў (уніятаў) Беларусі, каментуючы для Радыё Свабода выказванне праваслаўнага мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла ў сувязі з наведваннем праваслаўнымі касцёла ў Бярозаўцы (Віцебская вобласць), заявіў, што “парафія Бярозаўка і мясцовы храм, пра якія вялася гаворка ў інтэрв’ю з мітрапалітам Паўлам, — яны належаць Рыма-Каталіцкай Царкве”.

“Я ўвогуле не разумею, чаму ўжываецца слова „ўніяты“ і пра іх вядзецца гаворка. А выказванне пра двух Багоў я ўвогуле не хацеў бы каментаваць”, — сказаў ён.

Між тым Анатоль Сідарэвіч, вернік грэка-каталіцкай парафіі Святога Язэпа ў Менску, гісторык, публіцыст і адзін з лідараў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), заявіў, што “хацеў бы выслухаць грунтоўнае багаслоўскае абгрунтаванне” выказвання мітрапаліта Паўла пра розных Багоў. “Прынамсі, мяне яно бянтэжыць: падобна на тое, што праваслаўныя хочуць аддзяліцца ад усіх монатэістычных рэлігій”, — заявіў ён.

Каталіцкі святар Вячаслаў Барок звярнуў увагу на тое, што гэта не адзінае неабачлівае выказванне мітрапаліта Паўла. “Ён добра ведае, што Бог ёсць і што Ён адзін, іншая рэч, ці ўшаноўваем мы гэтага аднаго Бога. Таму на тым чалавеку, які ведае пра Бога і дазваляе сабе такія выказванні — адказнасць падвойная. Гэта Хрыстос вучыць маліцца, што калі звяртаешся да Бога, то кажаш: „Ойча наш…“ і ніяк па-іншаму. Бог адзін, але хтосьці пакланяецца Богу і служыць Яму, а хтосьці — ідалу”, — падкрэсліў ён.

Пра тое, што Бог адзін заявіў і праваслаўны святар Аляксандр Шрамко. “Ёсць нейкая розніца ў інтэрпрэтацыі багаслоўя, але Бог адзін. Што меў на ўвазе і што хацеў сказаць мітрапаліт Павел, я не ведаю. Ведаю толькі, што з пункту гледжання праваслаўнага багаслоўя — у нас адзін Бог”, — дадаў ён.

А сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і праваслаўнаму верніку Паўлу Севярынцу “сорамна за такое выказванне мітрапаліта, які ўзначальвае Беларускую Праваслаўную Царкву. За тыя некалькі гадоў служыцелю такога ўзроўню неабходна было вывучыць і беларускую мову, і беларускую сітуацыю”. “Давайце думаць, хто з беларускіх епіскапаў можа ўзначаліць Праваслаўную Царкву. І чаму гэтае пытанне вырашана ў Маскве і без увагі да беларускіх служыцеляў Царквы”, — сказаў ён.

А каталіцкі вернік, краязнаўца і журналіст Кастусь Шыталь адзначыў, што ў сітуацыі, калі Беларусь з’яўляецца адной з найменш рэлігійных краін у свеце, “асабліва важна, каб да людзей, якія вераць у Хрыста, незалежна ад невялікіх дагматычных адрозненняў, стаўленне было як да братоў, а ў грамадскім вымярэнні — як да саюзнікаў”. “Не павінна быць месца неасцярожным словам, якія правакуюць непаразуменне і варожасць паміж людзьмі”, — сказаў ён.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі