Беларускія біскупы ў поўным складзе саслужылі Папу Францішку

Ватикан
У Ватыкане працягваецца візіт ad limina Apostolorum беларускіх каталіцкіх біскупаў. 2 лютага беларускія іерархі наведалі Кангрэгацыю па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця і Кангрэгацыю каталіцкай адукацыі.

Увечары біскупы саслужылі за святой Імшой Папе Францішку, паведамляе catholic.by.

У Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця сітуацыю ў Беларусі ў гэтай сферы прадставіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай арцыдяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Біскуп Яшэўскі распавёў пра дасягненні і праблемы кансэкраванага жыцця ў Беларусі. Галоўнымі праблемамі з’яўляюцца складанасці, звязаныя з рэгістрацыяй манаскіх супольнасяў, манаскай фармацыяй і змяншэннем колькасці пакліканняў да кансэкраванага жыцця.

Даклад аб сітуацыі з рэлігійным навучаннем у Беларусі прадставіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які звярнуў увагу на тое, што беларускае заканадаўства не дазваляе вывучаць рэлігію ў школах і ўніверсітэтах, а таму адзіным месцам яе вывучэння для большасці дзяцей і моладзі становяцца парафіі. Адсутнасць адпаведнага пагаднення паміж Ватыканам і Беларуссю з’яўляецца тормазам у вырашэнні гэтай праблемы.

Увечары біскупы Беларусі канцэлебравалі з Папам Францішкам святую Імшу ў базыліцы святога Пятра, дзе ў гэты дзень асабліва маліліся за кансэкраваных асобаў, а пасля Імшы наведалі духоўны цэнтр супольнасці Sant’Egidio, вядомай сваімі экуменічнымі ініцыятывамі і працай з патрабуючымі і мігрантамі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі