У Камаях ушанавалі ксяндза-паэта Казіміра Сваяка

Камаи
У Камаях у парафіі святога Яна Хрысціцеля 4 лютага адзначылі 128-я ўгодкі з дня нараджэння кс. Канстанціна Стаповіча – грамадска-рэлігійнага дзеяча і паэта, вядомага як Казімір Сваяк.

На свята прыехалі прыхільнікі творчасці паэта з Мінска, Віцебска, Астраўца, Глыбокага. Святую Імшу ўзначаліў кс. Анатоль Захарэўскі – пробашч парафіі ў Клюшчанах, роднай парафіі ксяндза Стаповіча, дзе яму быў удзелены сакрамэнт хросту і дзе ён цэлебраваў прыміцыйную Імшу, паведамляе catholic.by.

Напрыканцы Імшы кс. Анатоль Захарэўскі распавёў пра лёс клюшчанскай парафіі. 6 чэрвеня мінулага года ў парафіі здарылася трагедыя — драўляны касцёл, цесна звязаны з лёсам ксяндза Стаповіча, згарэў дашчэнту, нягледзячы на ўсе спробы яго ратавання. Нешматлікая парафія не мае магчымасці сабраць грошы на новую святыню.

Распавядаючы пра падрабязнасці раніцы, калі гарэў касцёл, кс. Анатоль Захарэўскі расказаў кранальную гісторыю пра бусла, які звіў гняздо на коміне старой плябаніі, што знаходзілася ля касцёла. Ад моцнага агню пажару скруціліся нават лісты на дрэвах, што раслі каля касцёла, але бусел не пакідаў свае гняздо, ахінаючы крыламі птушанят.

Пасля Імшы музычную праграму ў мясцовым клубе прадставіў гурт «Балцкі субстрат». Частка рэпертуару гэтага гурта — песні на словы і музыку братоў Стаповічаў — ксяндза Канстанціна і кампазітара Альбіна.

Святкаванне працягнулася паэтычнай вечарынай, якую арганізаваў пробашч камайскай парафіі кс. Яцэк Гутман.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі