У Мінску дамовіліся сумесна выпрацаваць заканадаўчыя прапановы па дэалкагалізацыі Беларусі

1518086407_img_7173

У Мінску Беларускія хрысціянскія дэмакраты разам з дэпутатам Ганнай Канапацкай, амбасадаркай Швецыі ў Беларусі Крысцінай Юханесан ды прадстаўнікамі дзяржаўных міністэрстваў і грамадскіх арганізацый абмеркавалі прапановы па змене заканадаўства ў галіне рэгулявання абароту алкаголю на тэрыторыі Беларусі, паведамляе BCHD.INFO.

Круглы стол «Праблема алкагалізацыі насельніцтва. Актуальныя пытанні заканадаўства ў галіне рэгулявання абароту алкаголю на тэрыторыі Беларусі» быў арганізаваны 7 лютага па ініцыятыве Ганны Канапацкай і БХД, а таксама пры ўдзеле Інстытута развіцця і сацыяльнага рынку.

Удзел у ім прынялі сустаршыні БХД Віталь Рымашэўскі і Вольга Каквалькова, прадстаўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Дэпартаменту дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, канцэрну “Белдзяржхарчпрам”, Саюзу “Гільдыя півавараў”, РНПЦ псіхічнага здароўя, Мінскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя – наркалогія”, РУП “ПА “Беларуснафта”, а таксама грамадскіх і царкоўных арганізацый.

Мэтай круглага стала было абмеркаванне сітуацыі з праблемай алкагалізацыі насельніцтва ў Беларусі, неабходных мер заканадаўчага рэгулявання ў сферы абароту алкаголю, а таксама абмен вопытам Літвы і Швецыі ў пераадоленні гэтай праблемы.

Па выніках было агучана ініцыятыва аб сумеснай працы па выпрацоўцы заканадаўчых прапаноў і далейшай дыскусіі на агульнай пляцоўцы.

Вольга Кавалькова распавяла: “Нягледзячы на ​​тое, што ўдзельнікі круглага стала прадстаўлялі розныя пазіцыі, усе былі згодныя з тым, што неабходна прымаць далейшыя меры па зніжэнні ўзроўню спажывання алкаголю ў Беларусі. Была вельмі канструктыўная атмасфера. Прынятае рашэнне пра працяг сумеснай працы па выпрацоўцы заканадаўчых прапаноў і далейшай дыскусіі. Такія мерапрыемствы — гэта добры прыклад дыялогу па канкрэтнай тэме”.

Віталь Рымашэўскі адзначыў: “Беларускія хрысціянскія дэмакраты больш за чатыры гады займаюцца кампаніяй па барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва Беларусі за гэты час больш за 30 000 подпісаў былі перададзеныя ў розныя органы ўлады. Нашыя прапановы ўключаюць як меры абмежавальнага характару — абмежаванні даступнасці алкаголю, так і меры па падтрымцы грамадскіх і царкоўных арганізацый, якія дапамагаюць пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці. Нягледзячы на ​​тое, што некаторыя меры прымаюцца, застаецца велізарная праблема празмернага спажывання алкаголю ў краіне.

Будзем спадзявацца, што падобныя сумесныя мерапрыемствы прынясуць плён у выглядзе прыняцця неабходных законапраектаў. І досвед Швецыі, якая 100 год таму мела спажыванне 40 (!) літраў алкаголю на душу насельніцтва, а зараз мае адзін з найменшых паказчыкаў у Еўропе, вельмі карысны для нашай краіны”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
08.02.2018 Беларусь| Тэгі: ,




Блогі