Завяршыўся візіт ad limina Apostolorum каталіцкіх біскупаў у Ватыкан

епископы
У Ватыкане 7 лютага завяршыўся візіт ad limina Apostolorum каталіцкіх біскупаў Беларусі.

У апошні дзень візіта іерархі цэлебравалі святую Імшу ў базыліцы святой Марыі Вялікай, наведалі Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця, Кангрэгацыю па справах Усходніх Касцёлаў, а таксама генеральны дом айцоў марыянаў, паведамляе catholic.by.

Святую Імшу ў папскай базыліцы святой Марыі Вялікай (Santa Maria Maggiore) узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на фрагменце Евангелля аб Звеставанні і заклікаў прысутных адкрыцца для дзеяння Святога Духа, бо «тады моц Найвышэйшага ахіне нас і мы зможам прыносіць добры плён нашага жыцця».

У Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця старшыня беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў уступнае слова аб сітуацыі сям’і, моладзі, абароны жыцця і свецкіх у Беларусі. Затым біскуп Антоні Дзям’янка распавёў пра пастырства сям’і, а біскуп Юзаф Станеўскі – пра пастырства моладзі.

Дыкастэрыя выказала гатоўнасць дапамагчы ў арганізацыі пілігрымак на Сусветны дзень моладзі і Кангрэс сям’і і пажаданне больш цеснага супрацоўніцтва з адпаведнымі структурамі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

У Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прадставіў агульную сітуацыю Каталіцкай Царквы ў Беларусі . Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Ян Сяргей Гаек МІС акрэсліў актуальнае становішча і перспектывы развіцця грэка-каталіцкай супольнасці.

Перад вяртаннем на радзіму, 8 лютага, іерархі служылі святую Імшу на грабніцы святога Яна Паўла ІІ у ватыканскай базыліцы святога Пятра.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі