Гран-пры «Каложскага Благавеста» з’ехаў ва Украіну

Гродно
У Гродне 10 лютага ў абласным драматычным тэатры адбыліся гала-канцэрт XVII Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў «Каложскі Благавест» і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.

Удзел у фестывалі ўзялі 35 калектываў з 8 краінаў. У гэтым годзе амаль траціну харавых калектываў складалі дзіцячыя і моладзевыя хоры.

Гран-Пры звёз хор Днепрапятроўскай акадэміі музыкі імя Міхаіла Глінкі з украінскага горада Дняпра (мастацкі кіраўнік Юлія Іванова), паведамляе orthos.org.

Лаўрэаты II і III ступеняў былі абвешчаныя ў катэгорыях «Царкоўныя ансамблі епархіі і раённых цэнтраў», «Царкоўныя хоры епархіі і раённых цэнтраў», «Царкоўныя хоры і ансамблі г. Гродна і іншых абласных гарадоў», «Дзіцячыя царкоўныя і свецкія хоры і ансамблі» , «Моладзевыя царкоўныя і свецкія хоры», «Свецкія аматарскія хоры і ансамблі».

Уладальнікамі спецыяльных прызоў сталі хор Уваскрасенскага сабора-помніка ў гонар 50-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне з Брэста, хор ANGELOS храма Святога Духа з Беластока, моладзевы хор храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы з Ясенева з Масквы.

«Царкоўныя спевы унікальныя. Бо тыя, хто ходзіць у храм, ведаюць, што ўсе набажэнствы складаюцца з богаабвешчаных тэкстаў. І, калі мы слухаем Святое Пісанне, – мы чуем Бога які звяртаецца да нас. А, калі мы ўнікаем розумам і сэрцам у малітву, мы адказваем Богу. І чалавек мяняецца,  мяняецца ягонае стаўленне да жыцця, і, можа самае галоўнае, – мяняецца нашае стаўленне адзін да аднаго», – падкрэсліў у прывітальным слове архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.

9 лютага ў канцэртнай зале Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры адбыўся канцэрт харавых калектываў.

У гэты ж дзень архірэйская дзіцячая капэла «Актоіх» Екацярынбургскай Мітраполіі наведала Гродзенскі абласны клінічны цэнтр «Псіхіятрыя-Наркалогія». Удзельніцы хору выступілі перад медперсаналам і пацыентамі з праваслаўнымі спевамі на царкоўна-славянскай і грэцкай мовах і рускімі народнымі песнямі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі