Мітрапаліт Кандрусевіч на пачатак Посту: Праблема сучаснага чалавека – страта пачуцця граху

Кондрусевич
Мітрапаліт Мінскай-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да каталікоў з душпастырскім пасланнем на Вялікі пост, які вернікі распачалі 13 лютага.

«Няхай заклік Езуса да пакаяння, навяртання і веры ў Евангелле  стане праграмай нашага штодзённага жыцця, асабліва ў Вялікі пост, каб дзень Пасхі – 1 красавіка – мы святкавалі не толькі як дзень успаміну перамогі Хрыста над смерцю і грахом, але і як свята нашай асабістай перамогі над злом», – гаворыцца ў пасланні, паведамляе catholic.by.

“Кожны з нас ведае, што грашыць, і таму павінен навяртацца. Святы апостал Ян вельмі катэгарычны ў гэтай справе. Ён вучыць, што той, хто кажа, што не грашыць, ашуквае самога сябе і ў ім няма праўды. Праблемай сучаснага чалавека з’яўляецца тое, што ён страціў пачуццё граху і таму лічыць, што не мае патрэбы навяртацца. Аднак гэта не так. Зачынім памяшканне і вернемся ў яго праз некалькі тыдняў. Мы будзем пісаць пальцам па стале, бо на ім асядзе шмат пылу. Падобна і з нашай душой: калі не грахоўная гразь, то пыл асядае там, і яго трэба змываць. А зрабіць гэта можна толькі праз сакрамэнт пакаяння, да якога нас заклікае ўся атмасфера Вялікага посту”, – нагадвае мітрапаліт Кандрусевіч, дадаючы, што чытанні, набажэнствы Крыжовага шляху і Песняў жальбы “дапамагаюць стаць перад люстэркам Божага закону і паглядзець, ці наша жыццё адпавядае яму”.

“Як патрэбны тэхагляд аўтамабіля ці кантроль стану нашага здароўя, таксама патрэбны і кантроль стану нашай душы. Вялікі пост якраз і з’яўляецца найбольш адпаведным часам для гэтага. Таму неабходна затрымацца і засяродзіцца над сваім духоўным жыццём”, – рэзюміруе арцыбіскуп, разважаючы аб тым, што “неабходна знайсці час, каб зысці з гэтага каня нашага жыцця, затрымацца і задумацца аб сваім жыцці. Трэба зрабіць перапынак у шалёнай гонцы нашага часу і выйсці ў пустыню, дзе няма месца, каб схавацца. Трэба стаць ва ўсёй праўдзе пра сябе перад Богам, каб зразумець свой грэх і са скрухай сказаць, што зграшыў я супраць Бога, Касцёла і бліжняга”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі