Святары розных рэлігіяў абмеркавалі лёс беларускай мовы

Крот
У Мінску 21 лютага, у Дзень роднай мовы, абвешчаны ЮНЕСКА, у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя на тэму «Беларуская мова ў сферы sacrum: гісторыя і сучаснасць».

Каталіцкую Царкву на форуме прадставілі старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ кс. канонік Ян Крэміс  і супрацоўніца Секцыі доктар біблійнай тэалогіі Марына Пашук, паведамляе catholic.by.

Грэка-Каталіцкую Царкву прадставілі канцлер курыі Апостальскага візітатара а. Яўген Усошын і магістр тэалогіі а. Андрэй Крот.

З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнулася дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання Алена Анісім.

Ксёндз Ян Крэміс, падкрэсліўшы, што “«Касцёл у нашай краіне адкрыты для канструктыўнага дыялогу і супрацоўніцтва ў справе пашырэння выкарыстання роднай мовы ў нашым грамадстве”, падарыў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі асобнік перакладу Новага Запавету на беларускую мову, выдадзены ў мінулым годзе.

Праваслаўную Царкву прадставіў першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ протаіерэй Сергій Гардун, мовазнаўца, старшыня Камісіі па перакладзе Новага Запавету на беларускую мову БПЦ. Айцец Сяргей Гардун зрабіў падрабязны агляд праблемаў фарміравання беларускай багаслоўскай тэрміналогіі ў асяроддзі Праваслаўнай Царквы з часоў Кірылы Тураўскага і Еўфрасінні Полацкай.

Магістр багаслоўя Аляксандр Багданенкаў, пастар супольнасці Адвентыстаў Сёмага Дня з Барысава, закрануў багаслоўскі і семіятычны аспекты інтэрлінгвістычнай інтэрпрэтацыі Апакаліпсіса на прыкладзе перакладаў гэтай апошняй кнігі Новага Запавету на рускую і беларускую мовы.

Муфцій Рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднання «Духоўнае ўпраўленне мусульманаў у Беларусі» Алі Варановіч нагадаў, якую важную ролю ў захаванні і развіцці культуры беларускіх мусульманаў адыграла беларуская мова.

У межах канферэнцыі адбылася прэзентацыя выдання «Псалтыра» ў перакладзе на сучасную беларускую літаратурную мову, падрыхтаванага па прыватнай ініцыятыве пробашча мінскай парафіі святых Сымона і Алены кс. каноніка Уладзіслава Завальнюка.

Пасля прэзентацыі адбыўся круглы стол на тэму «Мова і рэлігія: беларускі кантэкст», мадэратарам якога выступіў прафесар Мікалай Прыгодзіч. Да працы круглага стала далучыліся беларуская пісьменніца, галоўны рэдактар часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria» Крыстына Лялько, а таксама супрацоўніцы выдавецтва «Pro Christo» філолаг Ганна Шаўчэнка і перакладчыца Юлія Шадзько.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі