Добры цар і дрэнныя баяры

админ

Жыхары сучаснай Беларусі вельмі часта становяцца гледачамі добра разыгранага спектакля, калі «добры цар» лае сваіх «дрэнных баяр» ва ўсіх сваіх рашэннях, якія выклікалі гнеўную рэакцыю насельніцтва.

То яны ў карупцыі загразлі, то ўказ ці дэкрэт не змаглі нармальна падрыхтаваць, то не могуць знайсці падыход да людзей ці ўвогуле сабатуюць указанні зверху. І ўсё гэта адбываецца ва ўмовах жорсткай вертыкалі ўлады, калі апошнюю чвэрць стагоддзя ў краіне чыноўнікі любога ўзроўню, нават самага нізкага, не абіраюцца, а прызначаюцца.

У гэтым плане цікавае настаўленне святога Сімяона, праваслаўнага епіскапа Полацкага, які жыў у XIII стагоддзі і сам паходзіў з Полацкай княскай дынастыі. Каля 1270 гады ён перабраўся ў Цвер, дзе стаў першым мясцовым епіскапам. Памёр святы Сімяон у 1289 годзе.

Епіскап не раз заклікаў князёў і намеснікаў суцяшаць сумных і выбаўляць слабых ад рук моцных, дакараючы іх за тое, што дапамагаюць тым, «у каго і так шмат золата і срэбра, а не тым, хто не мае ні пенязя». «Вы падобныя да дажджавой хмары, якая пускае ваду над морам, а не над зямлёю, якая прагне. Багатыя крыўдзяць слабых, і яны да вас прыходзяць, як да добрых абаронцаў; а вы аддаеце бедных у рабства, багатых жа ўсяляк заахвочваеце і шчодра надзяляеце», — казаў ён.

Аднак асаблівую цікавасць у гэтым пытанні прадстаўляе яго гутарка на піры з полацкім князем Канстанцінам Бязрукім адносна княскага прызначэнца — цівуна. Прыводзім яе цалкам:

«Полацкі князь Канстанцін, празваны Бязрукі, збіраючыся дакарыць у сябе на баляванні за нешта свайго цівуна, сказаў пры ўсіх епіскапу: «Уладыка, дзе будзе цівун на тым свеце?» Епіскап Сімяон адказваў: «Дзе і князь!» Князь жа, раззлаваўшыся, кажа епіскапу: «Цівун несправядліва судзіць, хабар бярэ, маёмасць людзей з таргоў прадае, мучыць, злое ўсё робіць, а я тут пры чым?» І кажа епіскап: «Калі князь добры, богабаязны, людзей беражэ, праўду любіць, то выбірае цівунам ці іншым начальнікам чалавека добрага і богабаязнага, поўнага страху Боскага, разумнага, справядлівага, творыць усё па законах Божых і судзіць які ўмее. Тады князь — у рай, і цівун — у рай. Калі ж князь пазбаўлены страху Божага, хрысціян не беражэ, сіротаў не шкадуе і ўдоваў не шкадуе, то ставіць цівунам або начальнікам чалавека злога, які Бога не баіцца, у Законе Боскім не дасведчанага, судзіць не здольнага, — толькі для таго, каб здабываў князю маёмасць, а людзей не шкадаваў. Як шалёнага чалавека напусціў на людзей, уручыўшы яму меч, — так і князь, даўшы акругу злому чалавеку, губіць людзей. Тут і князь — у пекла, і цівун — з ім у пекла!»

Так што, сітуацыі, калі ёсць добры цар і дрэнныя баяры, маюць мала агульнага з хрысціянствам, ды і з рэальным палітычным жыццём. Паколькі менавіта цар нясе поўную адказнасць за людзей, якіх ён прызначае на пасады. Як гаворыцца, абодва “добрыя”.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі