Навінкі кіно. «Трагедыя ў Уэйка» — фільм пра секты і межы ўмяшання дзяржавы

waco-paramount-season-1-ratings-cancel-renew-season-2-590x369

Krynica.info ўжо неаднаразова пісала аб розных хрысціянскіх фільмах і фільмах на хрысціянскую тэматыку. Пры гэтым мы імкнуліся не толькі рэкамендаваць ўжо правераныя часам стужкі, але і рабіць агляды на навінкі. Каб надаць такі нашай дзейнасці больш сістэмны фармат, мы вырашылі запусціць падрубрыку «Навінкі кіно», у якой будзем распавядаць аб апошніх навінах хрысціянскага і каляхрысціянскага кінематографу.

Першым у гэтым спісе стане амерыканскі міні-серыял «Трагедыя ў Уэйка» (арыгінальнае назва — проста «Уэйка» (Waco), прысвечаны трагічным падзеям, якія адбыліся ў лютым-красавіку 1993 года недалёка ад тэхаскага мястэчка Уэйка.

Фільм, які выйшаў роўна ў 25-ю гадавіну трагедыі, распавядае пра 51 дзень аблогі сіламі ФБР, Нацыянальнай гвардыі ЗША і бюро АТФ ранча «Маўнт Кармэль», якое належала хрысціянскай секце «Галіна Давідава».

Секта вылучылася ў выніку расколу Царквы адвентыстаў сёмага дня і вялікую ўвагу надавала падрыхтоўцы да канца свету. Яе лідарам быў самаабвешчаны прарок і месія Дэвід Карэш (сапраўднае імя — Вернан Хоўэл), які ўсталяваў строгія парадкі на ранча, у тым ліку, дазволіў сабе шматжонства.

У аснову серыйнага фільма пакладзены ўспаміны членаў секты Дэвіда Цібада і Леоны Уайтсан і галоўнага перагаворшчыка ад ФБР Гэры Носнера. Пры гэтым варта адзначыць, што серыял ставіць пад сумнеў асноўную версію таго, што адбылося, згодна з якой менавіта сектанты, а не прадстаўнікі ўлады былі вінаватыя ў кровапраліцці.

Не апраўдваючы таталітарнага і часам валюнтарысцкага стылю кіраўніцтва Дэвіда Карэша, фільм пры гэтым ставіць пытанні аб межах умяшання дзяржавы ў справы сваіх грамадзян, а таксама кампетэнтнасці і прапарцыйнасці такога ўмяшання.

У прыватнасці, ці варта ўжываць пры аблозе ранча, на тэрыторыі якога знаходзіліся ў тым ліку жанчыны і дзеці, танкі і верталёты. Ці варта выкарыстоўваць пры гэтым слёзатачывы газ і псіхалагічную зброю? Ці варта наогул пачынаць аблогу і адкрываць агонь, калі лідара секты можна было арыштаваць падчас адной з яго шматлікіх прабежак вакол паселішча? Што лепш і больш эфектыўна — перамовы або грубая сіла? Ці магчыма было пазбегнуць трагедыі, змяні ўлады свае паводзіны?

Галоўныя ролі ў фільме выканалі лаўрэат некалькіх прэмій Гільдыі кінаакцёраў ЗША Майкл Шэнан (у ролі Гэры Носнер), Тэйлар Кіч (Дэвід Карэш), Андрэа Райсбара (Джудзі Шнайдэр), Пол Спаркс (Стыў Шнайдэр), Роры Калкін (Дэвід Цібада).

У цэлым міні-серыял атрымаўся якасным і не саступае па псіхалагізме і драматызме многім поўнаметражным фільмам.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі