Прэзідэнт ECPYouth: мы спрабуем злучыць людзей ў адзіны еўрапейскі хрысціянскі голас

erik-jan

Эрык-Ян Хаквоорт — малады галандскі палітык. У 2014-2016 гадах ён узначальваў PerspectieF — моладзевае крыло хрысціянска-дэмакратычнай партыі ChristenUnie, якая з’яўляецца часткай кіруючай кааліцыі ў Нідэрландах. А ў 2016 годзе ён быў абраны прэзідэнтам Еўрапейскай хрысціянскай палітычнай моладзі (ECPYouth). Карэспандэнт Krynica.info сустрэўся з ім у Гаазе падчас Генеральнай Асамблеі ECPYouth і пагаварыў аб дзейнасці арганізацыі і хрысціянах ў палітыцы ў цэлым.

— ECPYouth — еўрапейская хрысціянская палітычная моладзевая арганізацыя. Чаму яна еўрапейская? Чаму хрысціянская? Чаму палітычная? І чаму моладзевая арганізацыя?

— Мы верым ва ўнікальную ролю моладзі ў палітыцы. Яна ўспрымае палітыку не так, як дарослыя. І мы лічым, што ў хрысціян ёсць унікальная роля ў палітыцы, бо ў хрысціян ёсць асаблівыя маральныя каштоўнасці, якія вельмі карысныя ў грамадскай сферы. Я ведаю, што гэта не з’яўляецца нормай для кожнай краіны ў свеце і для кожнай краіны ў Еўропе, але я лічу, што вельмі карысна і нават неабходна, каб маладыя хрысціяне гулялі сваю ролю ў палітыцы.

Трэцяе пытанне, якое вы задалі, — гэта чаму еўрапейская. Мы аб’ядноўваем нацыянальныя моладзевыя арганізацыі ў адну, так бы мовіць, “парасонавую арганізацыю». Як ECPYouth мы спрабуем злучыць усе нацыянальныя палітычныя хрысціянскія моладзевыя арганізацыі. Мы спрабуем арганізаваць мерапрыемствы, каб аб’яднаць гэтых людзей у адзіны еўрапейскі голас.

— Што робіць ECPYouth і якія планы ў арганізацыі?

— Наша галоўная мэта, як я ўжо казаў, — аб’яднаць хрысціянскую палітычную моладзь з усёй Еўропы. І мы робім гэта, арганізуючы шэраг падзей на адну цэнтральную тэму ў год. У асноўным гэта адбываецца вакол летніх школ, дзе на тыдзень збіраюцца каля 50 або 60 маладых людзей з усёй Еўропы, каб мець зносіны адно з адным і выслухаць розных выступоўцаў на розныя тэмы. У 2018 годзе Летняя школа пройдзе ва Уроцлаве, у Польшчы.

Акрамя Летняй школы, у нас ёсць некалькі мерапрыемстваў па ўсёй Еўропе.

— Ці зацікаўлена сёння моладзь у палітыцы, асабліва ў хрысціянскай?

— Я думаю, што моладзь сёння вельмі цікавіцца палітыкай і абмяркоўвае стан рэчаў. Старамодная палітыка не вельмі цікавая для моладзі, бо яе метады (доўгія прамовы, рэзалюцыі) ім цяжка зразумець. Так што яны шукаюць новыя спосабы выказаць свае пачуцці да грамадства. Яны вельмі зацікаўлены ў тым, каб гаварыць аб сваіх перакананнях і поглядах. Так што, так, яны не заўсёды цікавяцца старамодным спосабам, але, на мой досвед, большая частка моладзі шукае новыя і сучасныя спосабы правядзення дэбатаў. Напрыклад, праз сацыяльныя сеткі, відэа ці незлічоныя патокі на Youtube.

— У чым асноўнае адрозненне паміж хрысціянскай і звычайнай палітыкай?

— Мы маем справу з рознымі перакананнямі. Мы лічым, што Біблія з’яўляецца адпраўной кропкай нашай палітыкі. Так, Біблія вучыць нас некалькім асноўным каштоўнасцям, якія вельмі адрозніваюцца ад іншых палітычных вучэнняў. Напрыклад, думаць аб іншым чалавеку больш, чым пра сябе. І калі сапраўды думаць пра гэты знак, які мы атрымліваем ад Езуса, то мы будзем больш глядзець на тых, хто ў меншасці. Таму мы фактычна спрабуем ісці за Езусам у тым сэнсе, што мы спрабуем скапіяваць Яго паводзіны да іншых людзей і спрабуем прыўнесці гэта ў палітыку. Гэта азначае, што вы ўкладваеце шмат часу ў клопат пра іншых. Так што гэта іншы тып палітыкі, заснаваны на біблейскім вучэнні.

— Хто і як можа стаць сябрам ECPYouth?

— ECPYouth прапануе два тыпы сяброўства. Першы тып — праз арганізацыі-сябры. Напрыклад, ва Украіне існуе палітычная моладзевая арганізацыя Хрысціянска-дэмакратычнага саюза, і яны сталі членамі ECPYouth. Дзякуючы гэтаму ўсе члены моладзі ХДС таксама з’яўляюцца членамі ECPYouth. Напрыклад, у Нідэрландах у нас ёсць SGP-jongeren, якая налічвае каля 6000 членаў, і ўсе яны таксама сталі сябрамі ECPYouth. Гэта асноўны спосаб стаць сябрам.

І ёсць другі, калі ў краіне няма арганізацыі-сябра ECPYouth. Тады можна стаць персанальным членам. Вы можаце падаць заяўку як адзін чалавек і таксама ўнесці свой уклад. Гэта заўсёды магчыма.

— Вы таксама былі лідарам PerspectieF. Якая розніца паміж кіраваннем нацыянальнай арганізацыяй і еўрапейскай?

— Розніца вельмі вялікая. Асноўнае адрозненне — зносіны. Маючы членаў з усёй Еўропы, даводзіцца адмаўляцца ад многіх формаў перакананняў, якія вы можаце выказваць у нацыянальнай арганізацыі. Вы павінны быць значна больш асцярожныя з вашым пасланнем, бо з-за культурных адрозненняў іншыя людзі могуць мець іншыя перакананні, нават адносна хрысціянства. Прыходзіцца верыць у Бога вельмі шырока, таму што мы ведаем, што існуе шмат адрозненняў, і мы хочам выйсці за межы гэтых адрозненні. У адваротным выпадку мы не зможам супрацоўнічаць на палітычным узроўні. Гэта адзін з прыкладаў.

Па-другое, у вас розныя арганізацыі. У нацыянальнай арганізацыі лёгка знайсці аднадумцаў і з гэтымі аднадумцамі фармаваць сваю арганізацыю. Але з’яўляючыся еўрапейскай арганізацыяй, даводзіцца мець справу з адрозненнямі і шукаць, як з дапамогай іх стаць мацней.

Таксама існуюць розныя тыпы сумеснага баўлення часу і сумеснай актыўнасці. Гэта абцяжарвае магчымасць рабіць сумесныя палітычныя заявы, бо нам трэба значна больш часу для збліжэння пэўных палітычных пазіцый.

— Вы маеце намер пакінуць пасаду прэзідэнта ECPYouth ў гэтым годзе. Якія вашы планы на будучыню?

— Я з’яўляюцца выкладчыкам гісторыі для дзяцей 12-18 гадоў. І быць настаўнікам у сярэдняй школе заўсёды было маёй марай. Так што, гэта тое, чым я займуся ў бліжэйшыя гады. Гэта мае асабістыя планы на будучыню — стаць лепшым настаўнікам. Што тычыцца ECPYouth, то я спадзяюся, што ў найбліжэйшай будучыні яна зможа вырасці ў арганізацыю, якая сапраўды зможа ўплываць на заканадаўства і палітыку ЕС.

Гутарыў Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі