Хто такі ксёндз Раман Дзванкоўскі, чые словы пра мовы прывялі да скандалу

2 (1)

Словы каталіцкага ксяндза-прафесара Рамана Дзванкоўскага пра сітуацыю з беларускай і польскай мовамі ў касцёлах у Беларусі выклікала гучны рэзанас у сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках. Але тут важна разабрацца, кім з’яўляецца святар і якое дачыненне ён мае да Беларусі.

Па-першае, варта адзначыць, што 87-гадовы ксёндз-прафесар не нясе служэння ў Беларусі і дачынення да Касцёла ў Беларусі не мае. У краіну ён прыехаў з польскага Любліна на адкрыццё выставы ў будынку Генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце  «Польская аперацыя» НКУС 1937-1938» і сустрэчы, прысвечанай тэме рэпрэсій гэтых гадоў адносна польскага насельніцтва. Мерапрыемствы адбыліся ў 23 лютага – за дзень да скандальнай сустрэчы ў польскай школе імя Ігната Дамейкі.

У рамках выставы Раман Дзванкоўскі прачытаў лекцыю «Польская аперацыя» НКУС 1937-1938 гадоў. Лёс вернікаў і каталіцкага духавенства ў БССР». “На працягу многіх гадоў кс. праф. Дзванкоўскі даследаваў лёс польскага духавенства ў сталінскую эпоху, у прыватнасці лёс тых, хто трапіў пад рэпрэсіі. Ён падрабязна выклаў вынікі сваіх даследаванняў”, — распавядае сайт Генеральнага консульства ў Брэсце.

Таксама прысутныя атрымалі публікацыю ксяндза «Ад «польскага касьцёлу» да «касцёла палякаў» на Ўсходзе», выдадзеную міністэрствам замежных спраў Польшчы ў 2016 годзе.

Па-другое, трэба падкрэсліць, што Раман Дзванкоўскі апроч святарскага служэння і даследчай дзейнасці (спецыялізацыя – гісторыя Каталіцкага Касцёла ў СССР і сацыялогія этнічных груп) з’яўляецца актыўным паланійным дзеячом і цягам 26 гадоў уваходзіць у склад нацыянальнай рады няўрадавага таварыства па сувязях з польскай дыяспарай за мяжой Wspólnota Polska.

Такім чынам, моўныя заявы святара, як падаецца, варта ўспрымаць перадусім як заявы прыватнай асобы, якая займаецца сувязямі з дыяспарай і не мае пры гэтым непасрэднага дачынення да Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі