«Навяртайцеся і верце ў Евангелле»: у Мінску прайшло велікапоснае чуванне моладзі

2018-03-10-4-10-11-2017

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 9 сакавіка цэлебраваў вечаровую святую Імшу ў мінскай архікатэдры ў межах малітоўнай праграмы «24 гадзіны для Пана». Да правядзення малітоўнай акцыі ва ўсіх катэдрах свету, спалучаную з адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, заахвоціў Папа Рымскі Францішак.

У сваёй гаміліі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі падкрэсліў, што галоўнай думкай чытанняў пятніцы ІІІ тыдня Вялікага посту з’яўляецца навяртанне, адзначае Catholic.by.

У першым чытанні прарок Осія заклікае Ізраэль вярнуцца да Бога, як да Таго, хто яго любіць. У Евангеллі Езус на пытанне кніжніка, якая запаведзь самая галоўная, адказаў, што першая — любіць Бога, а другая — любіць бліжняга, як самога сябе. Кніжнік згаджаецца з гэтым, і Езус кажа яму, што ён блізка да Божага Валадарства.

Дзесяць Божых запаведзяў — гэта праграма жыцця чалавека, якая павінна прывесці яго да вечнага шчасця. Усе Божыя запаведзі раздзелены на дзве часткі. Першая — з першай па трэцюю запаведзь — рэгулюе адносіны чалавека да Бога. Другая — з чацвёртай па дзясятую — рэгулюе адносіны паміж людзьмі.

Як адзначыў іерарх, яднае гэтыя запаведзі любоў да Бога і бліжняга.

«Першы закон заклікае любіць Бога, другі — бліжняга. Хрыстус аддае першынство Богу. У той самы час любоў да бліжняга вядзе да любові да Бога, бо, як кажа святы апостал Ян, як можна любіць Бога, якога не бачым, калі не любім бліжняга, якога бачым. Праграмай жыцця кожнага чалавека павінна быць двайная любоў — да Бога і да бліжняга. А яна будзе тады, калі мы ў духу навяртання вернемся да захавання Божага закону», — сказаў арцыбіскуп.

У Вялікі пост, як зазначыў Мітрапаліт Кандрусевіч, мы разважаем аб цярпеннях Езуса дзеля нашага збаўлення.

Перад сваёй крыжовай мукай Хрыстус ідзе ў Аліўны сад, каб маліцца. Ён бярэ з сабой трох вучняў: Пятра, Яна і Якуба — тых самых, якіх узяў на гару Табор, дзе перамяніўся. Падчас малітвы ў Аліўным садзе Езус абліваўся крывавым потам, а яго вучні ў гэты час спалі. Потым Езус іх дакараў, чаму яны не маглі чуваць з Ім.

«Святы Айцец ставіць падобнае пытанне нам, людзям XXI стагоддзя, якія не маюць часу на малітву і нярэдка лічаць яе пустой стратай часу.

Такім чынам Папа заклікае нас знайсці час на малітву, якая з’яўляецца духоўным паветрам. Без доступу паветра чалавек задыхнецца і памрэ. Таксама і без малітвы чалавек задыхаецца духоўна і памірае. Мы жывём і, можа, нават вельмі здаровыя целам, але ў той жа час як шмат з нас памерлых духоўна!»

Іерарх пажадаў вернікам, каб гэты час малітвы, Крыжовага шляху і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту дапамог ім у ажыццяўленні галоўнай мэты Вялікага посту — навяртання, каб сапраўды любіць Бога і бліжняга.

Затым, у ноч з 9 на 10 сакавіка, у архікатэдры прайшло велікапоснае чуванне моладзі. Яно было прысвечана тэме «Навяртайцеся і верце ў Евангелле». Яно таксама стала адказам на ініцыятыву папы Францішка «24 гадзіны для Пана».

Літургію, якой распачалася праграма чування, узначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Канцэлебравалі святую Імшу Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

У сваёй гаміліі арцыбіскуп Пінтэр закрануў тэму плённага перажывання Вялікага посту: «Запытайся ў сябе: што значыць пост у гэтым годзе? Навошта я гэта раблю? Чаго я жадаю дасягнуць? Як пост уплывае на мае адносіны з Богам, з самім сабой, з іншымі людзьмі сёння? Зрабі тое самае адносна малітвы і міласціны».

Апостальскі Нунцый працытаваў адну з прамоў папы Францішка да моладзі: «Колькім маладым хлопцам і дзяўчатам навязваюцца зманлівыя “лекі” наркотыкаў, аднаразовых адносін “пакарыстайся і выкінь”, лёгкіх, але несумленных заробкаў!

(…) Мы павінны навучыцца не затрымлівацца на павярхоўным, але ўмець адрозніваць тое, што пакідае ў нас добры след, што паходзіць ад Бога і што сапраўды важна для нашага дабра».

«Народная мудрасць кажа, што дрэва пазнаецца па пладах. Зазірнуўшы ва ўласнае сэрца, асветленае Словам Божым і разважаннямі папы Францішка, запытайся ў самога сябе: якія плады майго жыцця? Гэта плады, у якіх можна ўбачыць любоў і братэрства ці эгаізм і самадастатковасць?» — дадаў Апостальскі Нунцый.

«Папа прапануе канкрэтныя крокі, дзякуючы якім кожны можа ўзрасці ў любові, а менавіта — пост, малітва і міласціна, — нагадаў іерарх. — Са свайго боку хачу звярнуць вашу ўвагу на свядомасць, з якой мы карыстаемся гэтымі інструментамі — гэтымі традыцыйнымі парадамі, якія кожны год прапануе нам Касцёл.

Пачуўшы гэтыя словы, хтосьці можа падумаць: “Зноў пра тое, што я і так добра ведаю”. Менавіта тут і ёсць памылка. Табе здаецца, што ты іх добра ведаеш. Аднак адзін аспект часта застаецца без увагі. Ты добра ведаеш іх назву, але не значэнне гэтых інструментаў для цябе сёння».

Арцыбіскуп Габар Пінтэр распавёў моладзі пра «формулу святасці», якую прапанаваў Дамініку Савіё святы Ян Боско.

Паводле гэтай формулы, «першае — гэта весялосць»: гаворка ідзе «не пра весялосць неразважлівую, а пра сапраўдную радасць». Другое — «выкананне абавязкаў у вучобе і ў набожнасці». І трэцяе — «рабіць дабро іншым».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі