Пытанне святару. Ці дапушчальны аборт, калі цяжарнасць пагражае жыццю маці?

беременная

Часам бывае так, што захаванне цяжарнасці па медычных паказчыках можа пагражаць жыццю маці. Што рабіць вернікам у такой сітуацыі? Ці дапушчальны аборт або іншае медычнае ўмяшальніцтва? Ці ёсць магчымасць выбару? На гэтыя пытанні Дзмітрыю Цаўлоўскаму адказвае натарыус курыі каталіцкай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Раман Страшко.

“Каталіцкі Касцёл выступае супраць усіх формаў аборту, непасрэднай мэтай якога з’яўляецца знішчэнне эмбрыёна ці плода. Касцёл прытрымліваецца пазіцыі, выразна акрэсленай у Катэхізісе Каталіцкага Касцёла:

“Чалавечае жыццё павінна паважацца і абараняцца непасрэдна з моманту зачацця. З першага ж моманту яго існавання за чалавекам павінны быць прызнаныя ўсе правы чалавечай асобы, сярод якіх — непарушнае права кожнай нявіннай істоты на жыццё”.

Касцёл ні пры якіх абставінах не дазваляе на здзяйсненне аборта. Навучанне Каталіцкага Касцёла наконт аборту заўсёды нязменнае — аборт ні пры якіх умовах не можа лічыцца дабром. Аб усім гэтым нам прыпамінаюць розныя дакументы Касцёла, сярод якіх значную ролю займае Энцыкліка святога айца Яна Паўла II “Evangelium Vitae”.

На пытанне, што рабіць маці ў сітуацыі, калі лекары кажуць, што ёй неабходна зрабіць аборт, бо яна сама памрэ, можна адказаць наступнае.

Жыццё кожнага чалавека з’яўляецца святым і непарушным. Гэта значыць, што ніхто і ні пры якіх умовах не можа адабраць жыцця іншага чалавека. Такім чынам паўстае пытанне: што рабіць, калі апынуўся ў сітуацыі выбару, захаваць сваё жыццё ці жыццё дзіцяці?

Касцёл не згаджаецца на аборт нават тады, калі жыццё маці знаходзіцца пад пагрозай, бо неабходна да канца бараніць жыццё дзіцяці. Калі стаім перад выбарам паміж жыццём маці і дзіцяці, этыка дазваляе выбраць жыццё маці. Этыкі тым самым абапіраюцца на так званы “чын з падвойным вынікам”, які быў сфарміраваны яшчэ ў XIII ст. св. Тамашам з Аквіну ў “Суме тэалогіі”. Гэтая этыка адносілася да забойства агрэсара. Св. Тамаш дапускаў сітуацыю, што з самаабароны можа вынікаць падвойны вынік: захаванне ўласнага жыцця і забойства таго, хто нападае. Такім чынам, хоць этыка дапускае чын з падвойным вынікам, аднак каталіцкая маральнасць ставіць вышэйшыя патрабаванні. У выпадку пагрозы жыццю цяжарнай маці, хрысціянская этыка падкрэслівае патрэбу гераізму.

Аднак, варта будзе ўзгадаць дэкларацыю, падрыхтаваную Кангрэгацыяй Навукі і Веры “Quaestatio de abortu procurato”, якую папа Павел VI палічыў важнай, зацвердзіў і загадаў апублікаваць 8 чэрвеня 1974 г. У гэтай дэкларацыі ў сувязі з вышэй узгаданым, неабходна прыпомніць 14 пункт 4 раздзелу. У ім чытаем наступныя словы: “Закон Божы, а таксама розум выключаюць любое дзеянне, напраўленае на непасрэднае забойства бязвіннай асобы. Аднак, калі б прычыны, якімі апраўдваецца выдаленне плоду, былі заўсёды выразна амаральнымі, то дадзеная праблема не была б такой драматычнай. Сур’ёзнасць дадзенай праблемы вынікае перш за ўсё з таго, што ў некаторых выпадках, і нават вельмі часта адмова ад перарывання цяжарнасці можа прывесці да рызыкі іншай асобы, якая мае больш важнае значэнне, прынамсі так мяркуючы і ставячы сябе на больш высокі ранг. Не можам не прызнаць за значныя цяжкасці, напрыклад, тое, што рызыкуе здароўем маці, а нават, што яе жыццё знаходзіцца пад пагрозай, што новае дзіця можа стаць для сям’і вялікім цяжарам, асабліва калі маюцца разумныя падставы для турботы, што гэтае дзіця не зможа нармальна функцыянаваць.

Можа таксама мець значэнне ціск, які адбываецца ў некаторых асяроддзях, у справе гонару і ганьбы (а што падумаюць іншыя), альбо страты грамадзянскіх правоў, сацыяльнага статусу і г.д.

Варта адзначыць, аднак, што ніколі ні адзін з гэтых матываў не можа аб ’ектыўна прызнаць права вырашаць аб жыцці іншага чалавека, нават на пачатковым этапе. Што датычыць інваліднасці будучага дзіцяці, ніхто — нават ні яго бацька ці маці — не могуць. выбіраць, нават калі ён знаходзіцца ў стадыі зачацця, ад яго імя, смерць замест жыцця. Нават само дзіця, дажыўшы да сталага ўзросту, ніколі не будзе мець права прасіць аб смерці. Таму што жыццё з’яўляецца вялікім дабром, і не можна яго ставіць на адзін узровень нават з самымі вялікімі стратамі”.

Пачынаючы з 1 ст., Касцёл абвяшчаў маральнае зло ўсялякага штучна выкліканага аборту. Гэта навука не змянялася. Яна застаецца непарушнай. Свядомы аборт, гэта значыць, жаданы як мэта і як сродак, глыбока супярэчыць маральнаму закону. Таму жыццё ад самага пачатку павінна быць абаронена з вялікім клопатам; аборт і дзетазабойства з’яўляюцца жахлівымі злачынствамі.

Канон 1398 Кодэкса Кананічнага Права прадугледжвае аўтаматычную экскамуніку католікам, якія прымаюць удзел ва ўчыненні аборту, калі яны трапляюць пад умовы для прымянення такой санкцыі: “Хто спрычыняецца да аборту, пасля атрымання выніку падлягае экскамуніцы моцаю самога права”. Фармулёўка “моцаю самога права” азначае, што экскамуніка, адлучэнне ад Касцёла, наступае па факце здзяйснення злачынства.

Тлумачэнне прычыны такога суровага пакарання за забойства ненароджанага дзіцяці дае Ян Павел II на старонках сваёй энцыклікі “Evangelium Vitae”. Пантыфік падкрэсліў, што “ў Касцёле пакаранне экскамунікай неабходна для таго, каб зрабіць цалкам свядомымі цяжкасці пэўнага граху і, такім чынам, спрыяць адпаведнаму навяртанню і пакаянню” (ЕV 62). Фармальны саўдзел у аборце з’яўляецца цяжкай віной. Касцёл прымяняе кананічнае пакаранне адлучэння ў адносінах да гэтага злачынства супраць чалавечага жыцця. “Той, хто ўчыніў аборт, калі мэта дасягнута, належыць экскамуніцы latae sententiae ўжо з-за самога факту здзяйснення злачынства”.

Калі адказваць на пытанне, якое датычыць выключэння з супольнасці Касцёла праз “Excommunica latae sententiae” (з лац. экскамуніка па загадзя вынесенаму судоваму рашэнню), якое ў звычайным парадку атрымлівае вернік пасля граху аборту, то ў сітуацыі, дзе нараджэнне дзіцяці ставіць пад пагрозу жыццё маці, і маці выбірае захаванне свайго жыцця, здзяйсняючы аборт, не падлягае “Excommunica latae sententiae”. Аднак варта памятаць, што хоць і не адбываецца выключэнне з супольнасці праз экскамуніку, аднак грэх па сваёй сутнасці застаецца грахом, а гэта азначае, што з гэтага таксама неабходна спавядацца”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі