Беларусь на падрыхтоўчым Сінодзе каталіцкіх біскупаў аб моладзі прадставіць Кацярына Адамчык

2018-03-13-kaciaryna3-001

18–25 сакавіка ў Ватыкане пройдзе падрыхтоўчы этап Сіноду Біскупаў на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання», запланавага на кастрычнік. Беларусь на падрыхтоўчым Сінодзе прадставіць Кацярына Адамчык, парафіянка касцёла Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску, адна з рухавікоў моладзевага руху Fides.

Кацярына Адамчык нарадзілася і вырасла ў Мінску, скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, дзе вывучала кітаязнаўства. Сёння працуе ў IT-кампаніі і займаецца тэхнічнай падтрымкай камп’ютарных гульняў для азіяцкага рэгіёна, вучыцца ў тэалагічным каледжы імя Святога Яна Хрысціцеля ў Мінску, паведамляе Catholic.by.

“Прадстаўляць моладзь Беларусі мне давядзецца адной, а зрабіць гэта будзе няпроста, бо ў нашай моладзі шмат меркаванняў. Спадзяюся, што спраўлюся. Я адмыслова праводзіла вялікае апытанне сярод каталіцкай моладзі пра іх бачанне Касцёла. Адзінае, чаго баюся, што на ватыканскім форуме выкажамся, а нічога не зменіцца. Біскупы нас паслухаюць, а на практыцы гэта выкарыстана не будзе”, — адзначыла яна.

На яе думку, моладзі варта даць больш свабоды, “не заганяць у рамкі, а даць выказацца”. “Не баяцца яе, не абвінавачваць адразу ва ўсіх грахах, а прыняць такой, якая яна ёсць. Яна не дрэнная, не „страчаная“ — яна іншая”, — мяркуе Кацярына Адамчык.

Асаблівасцю моладзі Беларусі яна лічыць залішнюю памяркоўнасць. “Як нам скажуць, так мы і робім. Ні кроку назад ці ўперад. Мы баімся свабоды, таму што ніколі яе па-сапраўднаму не адчувалі. У сацсетках можам шмат пісаць, што нам штосьці не падабаецца, але нічога асабліва не робім, каб гэта змяніць. Калі трэба штосьці арганізаваць, людзі кажуць: „Клас, было б добра“. Калі ж даходзіць да справы, то нікога няма”, — лічыць верніца.

Паводле яе, у Касцёле Кітая і Германіі бачны энтузіязм, які яны вельмі добра выкарыстоўваць на практыцы. “У Германіі пры касцёле нават ёсць асобныя Моладзевыя рады, якія арганізоўваюцца, каб праводзіць мерапрыемствы для парафіяльнай моладзі. Арганізацыю на сябе там бяруць свецкія, а святары выконваюць свае святарскія абавязкі. Нам да гэтага яшчэ далёка. Што перашкаджае? Відаць, савецкае мінулае. Няма традыцыі: у большасці з нас бацькі былі атэістамі, а калі веры няма ў сям’і, то пераймаць яе цяжка”, — кажа Кацярына Адамчык.

На яе думку, Касцёл павінен быць прысутны там, дзе ў ім ёсць патрэба, актыўней пераносіць евангелізацыю ў сацыяльныя сеткі, дзе “часцей за ўсё „сядзіць“ моладзь”.

“Біблію варта не проста цытаваць: яе пажадана адаптаваць да сучаснага пакалення моладзі. Не паўтараць сухія гісторыі, а перарабляць іх з улікам сённяшніх рэалій. Каб заахвоціць моладзь прыходзіць у Касцёл, трэба паглядзець, чым жывуць і чым цікавяцца сёння хлопцы і дзяўчаты, дзе і як яны праводзяць вольны час. Каб моладзь не думала, што на сустрэчах ім будуць „прамываць мазгі“. Іх цікавіць музыка? Тады можна ствараць музычныя гурты, ладзіць музычныя фэсты. Проста ісці насустрач. Каб гэта было цікава не толькі святарам і Касцёлу, а найперш свецкім людзям і моладзі”, — раіць яна.

“Хочацца, каб каталіцкая моладзь была больш адкрытай. Мы не можам абмяжоўвацца толькі нашай верай у Бога і адначасова закрывацца для бліжняга. Бо як мы зможам яго палюбіць, калі нават не паважаем яго думку?” – задаецца пытаннем Кацярына Адамчык.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі