Протаіерэй Сяргей Горбік. Стагоддзе БНР у хрысціянскім вымярэнні

1364107394_12

Напярэдадні святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі Krynica.info папрасіла святароў і пастараў розных хрысціянскіх канфесій Беларусі выказацца наконт свайго стаўлення да гэтай юбілейнай даты. Першым на наш зварот адклікнуўся протаіерэй Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату Сяргей Горбік.

Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?

1 Яна 4:20

Кожны хрысціянін, калі складае рахунак сумлення, усе падзеі свайго жыцця, а тым больш падзеі нацыянальнага маштабу, ацэньвае з пазіцый Хрыстовага вучэння. Не ёсць выключэнням і гісторыя нашага беларускага народа, асабліва ў святле барацьбы за Боскую Праўду – быць гаспадарамі на сваёй, Богам дадзенай зямлі.

У Бібліі апісваецца, як Гасподзь падзяліў народы ды даў усім сваю мову і сваю зямлю (Быц. 11:8-9). Гэты ж прынцып, калі кожны народ мае сваю зямлю і мову, пацверджаны і ў вялікім праваслаўным свяце Пяцідзясятніцы, калі Хрыстос не толькі падаў апосталам магчымасць размаўляць рознымі мовамі, але і сказаў: “ідзеце, навучайце ўсе народы” (Мц. 28:19).

Але Божы дарунак уласнай зямлі й мовы – гэта і вялікая адпавядальнасць. Недарма навучае нас Святы Апостал Павел: “Калі ж хто пра сваіх і асабліва пра хатніх ня дбае, той выракся веры і горшы за нявернага” (1 Цім.5:8). І як сапраўдны гаспадар заўжды сам наводзіць лад на сваім панадворку, так і народ не можа даверыць чужынцу гаспадарыць на сваёй зямлі. Таму прага да незалежнасці, прага адпавядальнасці за сваю Бацькаўшчыну – гэта натуральнае жадання кожнага сапраўднага хрысціяніна. З гэтага вынікае, што Барацьба за Незалежнасць, яе абарона – гэта выканання Божага задуму ды жыццё ў Божай Праўдзе. І калі народ адмаўляецца ад незалежнасці, аддае права гаспадара іншаму, ён спыняе сваё існаванне ў Богу і прырэчаны на знікненне.

Дык што ж адбылося 25 сакавіка 1918 году? Што змянілася ў жыцці беларусаў як нацыі?

Адбылася вялікая сакральная таямніца, здзейсніўся сапраўдны подзвіг, які зноў павярнуў беларускі народ на Святы шлях Божай Праўды. Бо было голасна заяўлена: “Мы разумеем невымоўную каштоўнасць таго, што даў нам Гасподзь. Мы пад абліччам ягоным бяром на сябе адказнасць быць гаспадарамі на сваёй зямлі ды стаяць у гэтым аж да смерці”. І гэты заклік быў пачуты, бо без веры не было б ахвярнасці ў змаганні, а без Божай дапамогі – перамогі над злом, якое намагалася знішчыць беларускі народ, зрабіць яго “Іванам, што родных не памятае”.

Нехта можа запярэчыць: “якая таямніца і які подзвіг, калі БНР не адбылася як дзяржава?”

Так, сапраўды, мы не пабачылі тады поўнага зямнога ўвасаблення ды станаўлення дзяржавы. Але Беларуская Дзяржава паўстала і, ад 25 сакавіка 1918 года, заўжды існуе ў сакральным вымеры. Незлічоная колькасць беларусаў прынялі яе ў свае сэрца і сталі яе грамадзянамі. Яны працавалі для Беларусі, ахвяравалі сабой за Беларусь, яны ўзялі свой крыж і годна пранеслі яго… бо нават “калі я пайду далінай смяротнага ценю, не ўбаюся ліха, бо Ты са мною” (Пс. 22:4). Менавіта сакральнае грамадзянства БНР, якое было Божай Праўдай, дапамагло нацыі выжыць пад больш чым 70-гадовай акупацыяй, калі лепшыя сыны і дачкі беларускага народу знішчаліся рознымі ворагамі.

Дня нас 25 сакавіка – гэта ўвасабленне чыстай і жаданай Беларусі. Бо кожны хрысціянін, несучы ў сэрцы “вобразы нябеснага” (Жыд. 9:23), бачыць у зямной Айчыне правобраз Божага Валадарства, Айчыны Нябеснай. Вернасць ідэі Незалежнасці, гатоўнасць стаяць за Беларусь аж да смерці, з’яўляецца натуральным для кожнага сапраўднага беларуса-хрысціяніна. Бо не можам мы казаць, што мы любім Бога, жадаем Царства Нябеснага ды гатовы пацярпець за гэта, калі ў нашым сэрцы няма любові ды ахвярнасці да нашае Бацькаўшчыны – Беларусі. Як кажа святы Апостал і Евангеліст Лука: “Верны ў малым і ў вялікім верны, а няверны ў малым няверны і ў вялікім” (Лк. 16:10).

Сакральнасць падзеі 25 сакавіка, ў яе хрысціянкам вымеры, як боганосбінай і жыццядаўчай для беларусаў, падымае нас над зямным, сцірае ўсе падзелы на групы, партыі, суполкі, бо “ўсякае царства, якое раздзялілася самое ў сабе, запусцее; і ўсякі горад альбо дом, які раздзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць” (Мц. 12:25). Гэта дэманстрацыя нацыянальнай еднасці, наш агульны адказ ворагам, усім тым, хто прагне зрабіць з нас “бяздумную біямасу”.

“Дзень Волі” – гэта, перадусім, пацверджанне нашага жыцця ў Хрысце, стаянне ў Божай Праўдзе, усвядомленая адказнасць за Беларусь перад Усявышнім і нашчадкамі.

Менавіта праз сакральнасць для мяне як хрысціяніна і праваслаўнага святара 25 сакавіка распачнецца з малітвы. Малітвы да Госпада за дапамогу і ласку, якую Ён даў нам, за адзінства беларускага народу… Малітвы за тых братоў і сёстраў, што паклалі і да сёння кладуць свае жыццё за Незалежнасць і Свабоду Беларусі. Мы молімся за жывых і ўжо адышоўшых да Госпада… за ўсіх, для каго словы “Незалежная Беларусь” былі й ёсць найбольш важнымі ў іх жыцці.

прат. Сяргей Горбік (УПЦ КП)

Чытайце таксама:

Ксёндз Аляксандр Амяльчэня. Наша дзяржаўнасць – наш Касцёл

Ксёндз Кірыл Бардонаў. Калісьці не народ, а цяпер народ

Пастар Антоні Бокун. Чаму мы адзначаем 100-годзьдзе БНР

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі