Ксёндз Аляксандр Амяльчэня. Наша дзяржаўнасць – наш Касцёл
Krynica.info працягвае публікацыю разважанняў беларускіх хрысціянскіх святароў з нагоды 100-гадовага юбілею з дня абвяшчэння 25 сакавіка 1918 года незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёння прадстаўляем вашай увазе меркаванне каталіцкага святара, ксяндза Аляксандра Амяльчэні.
Беларуская дзяржаўнасць і Касцёл – наколькі магчыма гэта формула? – вось такое пытанне нараджаецца ў гэтыя дні. І тут узгадваюцца маладыя і імпэтныя святары, якія высакародна імкнуліся служыць свайму народу, даць яму асвету і духоўнае прасвятленне: Францішак Будзька, Андрэй Цікота, Вінцук Гадлеўскі, Адам Станкевіч, Станіслаў Глякоўскі, Канстанцін Стаповіч, Язэп Германовіч, Фабіян Абрантовіч, Аляксандар Астрамовіч, Антон Шышка ды многія іншыя.
Жыццё нашага Касцёла ў пачатку ХХ стагоддзя было непарыўна знітавана з нацыянальным адраджэннем, з якім многіх маладых ксяндзоў лучыў свабодалюбны пафас, ідэі гуманізму і справядлівасці, сацыяльнае роўнасці і народнага абуджэння. Бо большасць тых ксяндзоў, што стаялі ля вытокаў многіх беларускіх рухаў, а ўрэшце і Беларускай Народнай Рэспублікі, самі паходзілі з народу, розных куткоў нашага краю, а таму, як бадай, ніхто, вычувалі патрэбы і жаданні сваіх родных людзей…
100-годдзе беларускай дзяржаўнасці – гэта іх свята. Свята гэтых “хлопцаў з вёсак”, што сталі ксяндзамі, не хавалі сацыялістычных ідэяў, прасякнуліся абавязкам і спагадаю да свайго народу. Яны абралі сабе пакуты, а многія – смерць, чым кінуць свой народ і сваю зямлю… Гэта былі адказныя ідэалісты… І давайце скажам шчыра, у свой час у іх мала што атрымалася, але іх ідэі не прапалі, зерне чакала свайго часу… І цяпер мы карыстаемся плёнам іх працы – перакладамі, ідэямі, паэзіяй, прыкладамі асабістае мужнасці, чалавечае годнасці і святарскага трывання…
Ці гэта і наша свята – сучасных беларускіх святароў? Толькі ў адным выпадку – калі мы нашчадкі ідэалаў нашых папярэднікаў: блізкасці да народа і адчування яго душы, бескампраміснай любові да Касцёла, абвостранага і нават радыкальнага пачуцця сацыяльнай справядлівасці і салідарнасці з пакрыўджанымі, выключнай працавітасці (не блытаць з мітуслівасцю), інвеставання ў высакароднае і вартае, а самае галоўнае – любові, шанавання і шукання “свайго”.
Для некаторых, магчыма, гэта гучыць высакамоўна, але многія з нашых братоў пачатку ХХ стагоддзя ахвяравалі ўласным жыццём за гэтыя ідэалы. Рамантычныя інтэнцыі святароў-адраджэнцаў сталі больш рэчаіснымі, чым прагматычныя палітычныя асягненні іншых. І пацвярджэннем гэтаму – сённяшняя беларуская дзяржаўнасць. Згадваючы іх самаахвярнасць тады, мы павінны ганарыцца імі сёння. І самае вялікае іх ушанаванне з нашага боку – не праспаць тых шанцаў, якія дорыць нам зараз гісторыя.
Кс. Аляксандр Амяльчэня
Чытайце таксама:
Ксёндз Кірыл Бардонаў. Калісьці не народ, а цяпер народ
Пастар Антоні Бокун. Чаму мы адзначаем 100-годзьдзе БНР
Протаіерэй Сяргей Горбік. Стагоддзе БНР у хрысціянскім вымярэнні
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Гродзенская радзільня перастала рабіць аборты 14.12.2019 03:55
- Пратэсты ў Мінску: хрысціяне і незалежнасць 10.12.2019 00:26
- Літургіі на беларускай мове ў праваслаўных храмах Беларусі ў снежні 04.12.2019 00:21
- Севярынец: 7 снежня — плошча Каліноўскага 03.12.2019 22:13
- У чаканні не стаць “пачакунамі” 02.12.2019 09:24
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)
- Біскуп Віцебскі: Мастацтва не дазваляе чалавеку стацца звыклым да прыгажосці наваколля (фотарэпартаж)
- «Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку (фотарэпартаж)
- Будслаў-2018: знічкі пад дажджом (фотарэпартаж)
- У Мінску больш за 100 дзяцей прынялі першую камунію ў Чырвоным касцёле (фотарэпартаж)