Пастар Антоні Бокун. Чаму мы адзначаем 100-годзьдзе БНР

minsk-mensk-pamyatnyya-adrasy-3874-1307081558_b1

Krynica.info прадстаўляе новы матэрыял у межах спецпраекту, прымеркаванага да 100-годдзя з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. На гэты раз пра важнасць падзеяў сакавіка 1918 года разважае пастар мінскай царквы хрысціян веры Евангельскай “Ян Прадвесьнік” Антоні Бокун.

Шмат думак у сэрцы чалавека, але збудзецца намер Госпада.

Прыповесьці 19:21

Калі Першая сусьветная вайна захістала Расейскай імпэрыяй, востра паўстала пытаньне, каму дастанецца спадчына Вялікага Княства Літоўскага. Сярод усіх прэтэндэнтаў беларускі нацыянальны рух ня быў самай уплывовай сілай. Больш таго, можна нават сказаць, што ён быў самым слабым асяродкам у пляне рэсурсаў, не падтрымліваўся аніякай дзяржавай, ня меў фінансаў і спрыяньня ў значных грамадзкіх ці рэлігійных структурах. Напярэдадні Першай сусьветнай вайны ў Беларусі выходзіла 110 газэтаў, з іх толькі 3 – на беларускай мове, у той час як па-расейску – 58, а па-польску – 28. У 1905-1917 гг. па-беларуску было надрукавана каля 250 кнігаў, а толькі на тэрыторыі Беларусі ў гэты час пабачылі сьвет больш за 4300 выданьняў па-расейску і больш за 500 па-польску. На выбарах у Цэнтральнай і Ўсходняй Беларусі ва Ўсерасейскі ўстаноўчы сход у лістападзе 1917 г. беларускія партыі і арганізацыі атрымалі мізэрны працэнт галасоў, усяго 0,3%. І тым ня менш, у сакавіку 1918 г. была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка у межах лічэбнай перавагі беларускага народу са сталіцай у Менску. І гэтай спадчынай мы карыстаемся да сёньня.

Прыхільнікі “адзінай і непадзельнай Расеі” ці Польшчы, “западнорусы” і “краёўцы” мелі нашмат большы людзкі і матэрыяльны рэсурс, але ня здолелі дасягнуць сваіх мэтаў. Стваральнікі БНР ня мелі ані людзей, ані сродкаў, яны рабілі безьліч памылак і былі не патрэбныя тым, хто вызначаў лёсы Эўропы на пачатку ХХ ст., але іх дэклярацыі напоўніліся рэальным зьместам. Ня так і не тады, калі яны гэтага чакалі, але…

Сёньня, праз 100 гадоў, мы глядзім на падзеі вясны 1918 г. і бачым, што тыя, хто абвяшчаў незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, далі адэкватны, Божы адказ на пытаньне “хто такія беларусы і што ім трэба рабіць”. Госпад, Які ёсьць Творцам народаў, мае ў Сваім пляне месца і для беларусаў, і Ён шукаў людзей, якія будуць мець падобнае жаданьне. І калі Ён не знайшоў такіх людзей сярод моцных гэтага сьвету, Ён зьвярнуўся да нямудрых і слабых, і рэалізаваў Сваю волю.

Большасьць стваральнікаў БНР былі сацыялістамі і пра Бога ня думалі, і таму столькі іх высілкаў пайшло марна. Калі б яны шукалі Госпада, лёс Беларусі ў ХХ ст. мог пайсьці па-іншаму, як гэта адбылося ў тых народаў Цэнтральна-Усходняй Эўропы, у нацыянальным руху якіх пераважалі ці мелі сур’ёзны ўплыў палітыкі з моцным хрысьціянскім аснаваньнем.

Таму, адзначаючы 100-гадовы юбілей БНР, важна ўмець бачыць руку Божую ў падзеях таго часу, калі ў дзень Дабравешчаньня была абвешчана беларуская незалежнасьць. І падзякаваць Госпаду, што Ён дапамог нам як народу дайсьці да сёньняшня дня, нягледзячы на тое, што мы былі і ўпартымі, і няўдзячнымі, і злымі. А таксама папрасіць у Госпада мудрасьці і сілы, каб спазнаць Яго волю і выконваць яе, нават калі ўсе навокал выступаюць супраць.

Антоні Бокун

Чытайце таксама:

Ксёндз Аляксандр Амяльчэня. Наша дзяржаўнасць – наш Касцёл

Ксёндз Кірыл Бардонаў. Калісьці не народ, а цяпер народ

Протаіерэй Сяргей Горбік. Стагоддзе БНР у хрысціянскім вымярэнні

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі