Як прадстаўнікі цэркваў маглі патрапіць у склад Рады БНР?

03_Delegaty_550

У Беларускай Народнай Рэспубліцы і ўвогуле ў беларускім нацыянальным руху 1918 года пераважалі прадстаўнікі партый і арганізацый сацыялістычнай плыні. Але гэта не значыць, што шлях у яе кіраўніцтва быў закрыты для прадстаўнікоў рэлігійных арганізацый і хрысціянскіх Цэркваў.

Больш за тое, Часовая канстытуцыя БНР, якая была прынятая 11 кастрычніка 1918 года, наўпрост прадугледжвала ў Радзе, якой перадавалася заканадаўчая ўлада ў рэспубліцы, асобныя месцы для беларускіх рэлігійных арганізацый, духавенства Праваслаўнай Царквы і каталіцкага духавенства.

Гэтак, Менскаму праваслаўнаму брацтву давалася права паслаць у Раду БНР 10 сваіх прадстаўнікоў. Яшчэ чатырох прадстаўнікоў магла даслаць Менская Беларуская хрысціянская дэмакратычная злучнасць.

Канстытуцыя прадугледжвала, што Усебеларускі з’езд праваслаўнага духавенства будзе мець права дэлегаваць чатырох прадстаўнікоў у Раду Рэспублікі. Да яго склікання прадстаўнікоў маглі вылучаць Епархіяльныя рады.

Таксама і рымска-каталіцкія катэдральныя капітулы, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, маглі дэлегаваць у склад Рады Рэспублікі па адным прадстаўніку па сваім выбары.

Пытанне аб тым, наколькі плённа здолелі беларускія цэрквы і рэлігійныя арганізацыі скарыстацца гэтымі магчымасцямі ў часы вайсковага ліхалецця, патрабуе дадатковага разгляду.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі