Ксёндз Сяргей Сурыновіч. Урачыстасць святога зароку

грамата

Пра Беларускую Народную Рэспубліку, 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці якой святкуецца 25 сакавіка, як падмурак сучаснай Беларусі разважае ў сваім артыкуле для Krynica.info каталіцкі святар, ксёндз Сяргей Сурыновіч.

Асновай любой пабудовы з’яўляецца фундамент. На грунтоўных падмурках узносяцца велічныя збудаванні, майстраваннем якіх можна захапляцца і зачароўвацца, ставацца іх засельнікамі і распараджальнікамі.

Узвядзенні так важныя ў жыцці кожнага чалавека на зямлі – нам так неабходны наш дом, як кропка адліку шляху праз жыццё і да кожнай у ім мэты. Межы гаспадарання ўзводзяцца намі як месцы, дзе можна засноўваць сем’і, гадаваць дзяцей, атрымліваць і зберагаць цяпло і пяшчоту, надаваць прытулак, суцяшэнне, дзяліцца сваім сэрцам.

Нашыя хаты становяцца ў нейкім сэнсе правозрам Эдэму, калі чалавек будуе сваё жыццё згодна Божаму Запавету, імкнецца да асягнення гармоніі, будучы самім сабою, усведамляе сваю годнасць і прызначэнне. Зямля чалавека становіцца ў нейкім сэнсе правобразам Раю, калі любая праца на ёй з’яўляецца натугай “лусты хлеба” дзеля сябе і бліжняга, высілкам азначэння месца сустрэчы з Богам і прабывання з Ім.

Фундаментам любой нацыі з’яўляецца слова. Матчына слова, пачутае і ўвабранае ў роднай хаце, што гучыць з даўніны пакаленняў – будуе як самаго чалавека, так і ўласную зямлю пад яго нагамі.

Абвешчанае слова ад імя народа і дзеля народа – стрыжань яго самавызначэння як адзінае сям’і пад агульным дахам, найменнік яго прызначэння і шляху.

Слова належыць Богу, Словам ёсць Бог. Абвешчанае слова нацыяй – ні што іншае, як абяцанне і прысяганне Богу. Памяць, увабраная і асэнсаваная праз стагоддзі падзеяў і праяваў, асобаў і постацяў шляху да акрэслення сябе нацыяй, што беражліва перадаецца як святы запавет і наказ. Свядомасць і гатовасць адказназнасці за неацэнны і каштоўны дар, ахвотнасць і цвёрды намер зберагчы, памножыць, ўзбагаціць і перадаць нашчадкам.

Святкаванне звеставанага слова – 25 сакавіка 1918 года – найвялікшая урачыстасць святога зароку перад Богам, найвышэйшай адзнакі расчытання Яго волі і задумы праз усведамленне мінулага і будучыні як нацыі, дзе я – беларус, мы – Беларусь.

Ксёндз Сяргей Сурыновіч

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі