Ксёндз Вячаслаў Барок. 25 сакавіка — свята свабоднай Беларусі і свабодных людзей

bc60e21ac3d686945497953ddfd534bf

25 сакавіка. Што гэтая дата значыць для Беларусі? А для беларусаў? На гэту тэму па просьбе Krynica.info разважае беларускі каталіцкі святар, ксёндз Вячаслаў Барок.

— У маім жыцці 25 сакавіка заўсёды быў і ёсць святочны дзень календара.

Падзея, якая адбылася, дзякуючы волі нашых продкаў, 100 год таму назад, дазваляе нам, сучаснікам, мець вялікі гонар за нашую краіну сёння. У 1918 годзе Усебеларускі з’езд скарыстаў з права самавызначэння, якое даецца Богам кожнаму народу, і абвясціў аб утварэнні нацыянальнай дзяржавы. Утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) адбылося выданнем устаноўчай граматы 9 сакавіка 1918 года, а 25 сакавіка была абвешчана незалежнасць і вольнасць БНР.

Немагчыма не заўважыць, што разам з утварэннем БНР Усебеларускі з’езд таксама гарантаваў права на свабоду сумлення, якое было замацавана другой Устаноўчай граматай ад таго ж 1918 года ад 9 сакавіка.

І мне як хрысціяніну гэта асабліва прыносіць гонар, бо вытокі нашай дзяржаўнасці будаваліся на Божых падмурках.

Зрэшты, БССР, якая ў адрозненні ад БНР утваралася па распараджэнні з Масквы і ў яе супрацьвагу, была абвешчана толькі 1 студзеня 1919 года і змагла ўтварыцца, толькі дзякуючы таму, што напярэдадні была абвешчана БНР. Аднак БССР ужо будавалася не як свабодная і незалежная краіна, але ў складзе РСФСР, што супярэчыла волі Усебеларускага з’езду, які адбываўся ў Мінску у 1917 годзе. Ну і, безумоўна, з прыходам БССР чалавек мог забыцца пра права на свабоду сумлення, бо тая дзяржава будавалася ад самага пачатку з варожасцю да рэлігійнага жыцця. Так, 23 студзеня 1918 года СНК у Маскве выдаў дэкрэт «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы» і тым аб’яўлялася вайна рэлігіі і сумленню чалавека.

Моц БНР была ў яе фундаментах, бо на заканадаўчай аснове надавалася права на свабоду сумлення. А таму кожны хрысціянін, калі выбірае сваю будучыню паміж БНР і БССР, безумоўна, абярэ на карысць першай. Інакш, які ж ён хрысціянін, калі адмаўляеецца ад свабоды сумлення? “Няма сумлення – няма і чалавека» (Ларыса Геніюш). Без свабоды сумлення, няма свабодных дзяцей Божых, а замест свабоднага чалавека з’яўляецца нявольнік і раб.

Я заўсёды святкаваў гэты дзень 25 сакавіка, і гэтай радасцю дзяліўся з іншымі. Так, яшчэ калі вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Польшчы, а было гэта ў 1995-1998 гадах, я запрашаў сваіх калегаў на святочную каву ў гонар гэтай даты. І калі некаторыя палякі са скептыцызмам і спачуваннем выказваліся пра нашую дзяржаўнасць, я, не вагаючыся ні на момант, тлумачыў ім, што дзяржаўнасць Беларусі пачынаецца канешне не з 1918 года, але значна раней. Для іх здзіўленнем было чуць пра Полацкае княства Х ст. Яны не ведалі пра ВКЛ і пра тое, што за часоў Ягайлы ўвесь Кракаўскі двор гаварыў па-беларуску. Яны задумваліся, што адказаць мне, каб я не вельмі ганарыўся друкаванай Бібліяй Скарыны, 500-годдзе якой мы святкавалі ў мінулым годзе, бо справа ў тым, што, калі мы ўжо мелі гэтую Кнігу, надрукаваную на матчынай мове, аніводзін з нашых суседаў яе яшчэ не меў, і гэтага таксама не маглі перажыць некаторыя мае калегі.

Канешне, я разумею, што ў гісторыі нашай Беларусі, дзякуючы імперскай накіраванасці нашай суседкі Расіі, былі і смутныя старонкі. Быў і час часткова згубленай дзяржаўнасці для нашай краіны. Былі моманты, калі некаторыя сыны нашай Бацькаўшчыны самаахвярна змагаліся за яе, але ж не дастаткова змагаліся ўсе іншыя… І таму ўсё ж, як бы не былі слаўныя дзеянні Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага, тады так і не ўдалося вырвацца з “братэрскіх абдымкаў братоў з Усходу». І няважна, каму належаў выраз: Мураўёву-Вешальніку ці Кацярыне ІІ, або Івану Карнілаву: «што не дарабіў рускі штык, даробіць рускі чыноўнік, руская школа і рускі поп». Аднак, важна, што задоўга да абвяшчэння БНР у нашай краіне цягам амаль двух стагоддзяў планава і сістэматычна вынішчалася ўсё роднае для нашай зямлі. І тым не менш, Воля нацыі да жыцця ў свабодзе і незалежнасці так і не была зламана.

І гэта воля беларускага народа праявілася ў 1917-1918 годах падчас Усебеларускага з’езду ў Мінску, калі была абвешчана БНР.

Сёння ў Беларусі толькі чужынцы могуць не прыгадаць гэтай святочнай даты. Чужынцы і людзі, у якіх скралі гісторыю, іх веру і годнасць.

Воля, свабода, незалежнасць – гэта каштоўнасці, праз якія чалавек становіцца падобным да Ўсявышняга. Будучы святаром, 25 сакавіка я заўжды маліўся за нашу Бацькаўшчыну. З гэтай нагоды таксама некалькі гадоў запар ладзіў паломніцтвы вернікаў з Беларусі ў Ерусалім, каб і там, на Святой Зямлі, выпрошваць блаславенства для нашай дзяржавы. У гэтым годзе празмерна цешуся, што ў дзень 25 сакавіка біскупы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі будуць маліцца самі і заахвочваюць іншых маліцца за Беларусь.

Каталіцкі Касцёл, як ніякая іншая канфесія, заўсёды клапаціўся пра незалежнасць нашай краіны. Дастаткова ўзгадаць прынамсі толькі тое, як лічна быў прадстаўлены Касцёл праз духавенства на Усебеларускім з’ездзе, дзякуючы цэлай плыні святароў-адраджэнцаў.

І сёння Касцёл з’яўляецца трывалым носьбітам беларускай мовы, а праз гэта — ахоўнікам беларускай культуры. Касцёл служыць на хвалу Бога і на карысць народа. Вынікам гэтага і будзе 25 сакавіка малітва за Айчыну ва ўсіх каталіцкіх храмах.

25 сакавіка — гэта свята свабоднай Беларусі і свабодных людзей. Гэта свята дзяржавы, у якой захоўваецца прынцып: дзяржава для чалавека, а не чалавек для дзяржавы ў выглядзе падаткаплацельшчыка. У такой дзяржаве не адгароджваюцца ад свайго народа праз паўсюднае будаванне платоў, у ёй на народных святах не пільнуюць парадак, захоўваючы яго ад чалавека, бо кожны патэнцыйна лічыцца злодзеем,  але ж пільнуюць бяспеку кожнага чалавека і тады праяўляецца парадак ва ўсім грамадстве. У такой дзяржаве аднолькавыя правы і годнасць маюць і той, хто кіруе, і той, кім кіруюць, а той, хто мае ўладу, не баіцца тых, над кім яе мае.

Ці мы жывём ужо ў такой дзяржаве? Ці маем мы волю сабрацца і разам вырушыць у шлях да такой дзяржавы — вольнай і незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі, якая была абвешчана 100 год таму назад?

Вячаслаў Барок

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі