У Гродне 27 сакавіка на аўкцыён выставяць капліцу

Гродно

Блогер з Гарадзеншчыны Яўген Аснарэўскі 18 сакавіка даслаў Гродзенскаму гарвыканкаму прапанову адрэстаўраваць закінутую капліцу ў Панямуні і перадаць яе каталікам.

На думку блогера, адраджэнне капліцы можа стаць першым крокам у комплекснай рэнавацыі маёнтка Панямунь і ператварэнні былога палацава-паркавага ансамбля ў адну з папулярных турыстычных славутасцяў горада, паведамляе hrodna.life.

Яўген параўноўвае былую каралеўскую сядзібу Панямунь са знакамітымі Лазенкамі ў Варшаве. Гэтыя месцы звязаны з імем апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

«Сядзіба Панямунь падаецца выключна перспектыўным турыстычным аб’ектам. Я напісаў артыкул, у якім выклаў некаторыя свае ідэі, якія тычацца рэнавацыі былой каралеўскай рэзідэнцыі. Цудоўныя прыродныя ўмовы, цікавыя гістарычныя аб’екты — усё гэта можа дапамагчы зрабіць палацава-паркавы комплекс у Панямуні разыначкай Гродна», — распавядае Яўген Аснарэўскі.

Сёння тэрыторыя былой сядзібы часткова знаходзіцца ў запушчаным стане. Капліца уяўляе сабой прыклад савецкага варварства. У каралеўскай сядзібе жывуць звычайныя гродзенскія сям’і, а стайню перарабілі пад офісны будынак.

«Маю асаблівую ўвагу прыцягнула неагатычная капліца XIX стагоддзя, знявечаная савецкімі прыбудовамі. Гэты будынак прыстасавалі для эксплуатацыі, а не проста знішчылі, як Фару Вітаўта, і ён захаваўся. Але храм, у якім маліліся людзі, помнік гісторыі і культуры, важная частка ўсяго комплексу, па ранейшаму знаходзіцца ў скажоным стане, пры гэтым аб’ект занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Зямля з капліцай прадаецца: спачатку за 2 мільёны даляраў, цяпер за 800 тысяч.

Тэрыторыя на якой знаходзіцца сёння капліца належыць прадпрыемству ААТ «Гроднапрамтэхніка». Прадпрыемства выстаўляе ўсю сваю тэрыторыю агульнай плошчай 3 гектары на аўкцыён, які пройдзе ў Гродне 27 сакавіка. На продаж разам з зямлёй выстаўлены боксы для аўтамабіляў, адміністрацыйны будынак, капліца — агулам 17 будынкаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі