Намеснік біскупа ХВЕ Сяргей Паднюк: У 1918 годзе Беларусь атрымала доўгачаканую свабоду

01.tmaoL

У рамках спецпраекта, прымеркаванага да святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, Krynica.info папрасіла святароў і пастараў розных хрысціянскіх канфесій Беларусі выказацца з нагоды свайго стаўлення да гэтай юбілейнай даты. На наш зварот адгукнуўся і намеснік біскупа Аб’яднанай Царквы Хрысціян Веры Евангельскай у Беларусі, доктар філасофіі і багаслоўя, рэктар Тэалагічнага інстытута ХВЕ Сяргей Паднюк.

– У нашай царкве нічога не плануецца з нагоды гэтай падзеі. Пры сцвярджэнні Веравучэння Царквы хрысціянаў веры евангельскай было прынята, што намі адзначаюцца толькі даты, якія звязаны з асобай Ісуса Хрыста, а таксама з падзеямі, якія або маюць дачыненне да Царквы Хрыстовай і ўзгаданы ў Бібліі, або адносяцца да гісторыі хрысціянства, якія значныя і для мясцовай Царквы ў Беларусі. Іншымі словамі, на набажэнствах мы кажам толькі пра хрысціянскія святы і падзеі.

Калі казаць пра маю думку і стаўленне да гістарычных дат, а ў прыватнасці, да 100-годдзя ўтварэння БНР, то, безумоўна, трэба помніць пра мінулае. Ува ўсім, што адбываецца ў свеце, можа быць як пазітыўны бок, гэтак і негатыўны. У любым выпадку на гісторыю трэба зважаць, вывучаць яе, рабіць высновы. Тут дарэчы ўспомніць вядомую фразу: той народ, які не памятае сваёй гісторыі, праходзіць яе наноў. Калі казаць пра стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, то ў дадзенай падзеі ёсць і безумоўны плюс для нашай краіны, і тыя памылкі, якія паўтараць не варта. Дзякуючы нацыянальнаму руху і падзеям 1918 года былі распачаты дзеянні для стварэння незалежнай дзяржавы, было заяўлена пра этнічную ідэнтыфікацыю беларусаў і тэрыторыю іх жыцця. Беларусы, як народ, заявілі пра сваю культуру, мову і права на самавызначэнне. Краіна атрымала доўгачаканую свабоду і незалежнасць, якой доўгі час яе пазбывалі іншыя дзяржавы, душачы і знішчаючы самабытнасць і культурную спадчыну беларусаў. Але, на жаль, пасля быў прыняты шэраг няверных крокаў далейшага развіцця краіны, дый партыя бальшавікоў распачала самыя негатыўныя дзеянні ў дачыненні да БНР. Але мы павінны помніць пра сваю культуру і гісторыю, звяртаць на гэта ўвагу і рабіць высновы. Гэта падзея напамінае пра тое, што дзяржава павінна быць для народа, а не наадварот. Прыклад тых, хто жадаў даброт для свайго народа, павінен натхняць і сучасных беларусаў да таго, каб яны імкнуліся пабудаваць квітнеючую Беларусь і па-добраму ганарыцца сваёй культурай і краінай.

Гутарыла  Эльвіра Гарошка

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі