Беларускі буквар з Даніі адкрые таямніцу

0

29 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Музеі кнігі распачне дзейнасць выстава, прысвечаная 400-годдзю “Буквара”. Лічбавая копія першага беларускага “Буквара” перададзена ў Беларусь Каралеўскай бібліятэкай Даніі.

Першая ў свеце кніга, якая мела назву “Буквар”, была выпушчана нашымі продкамі 400 гадоў назад – у 1618 годзе. Яна захавалася ў свеце толькі ў двух экзэмплярах і была амаль не вядома на радзіме. Пра гэта паведаміў знаўца кніжнай культуры мінулых стагоддзяў і сучаснасці Алесь Суша.

Адзін з асобнікаў знаходзіцца ў Вялікабрытаніі, у закрытай для шырокай публікі прыватнай Бібліятэцы Мідл Тэмпл. Другі асобнік заставаўся да нядаўняга часу зусім мала вядомым. Ён захоўваецца ў Каралеўскай бібліятэцы Даніі.

Дзякуючы працяглым, але паспяховым перамовам Алеся Сушы, старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, атрымалася зрабіць якасную лічбавую копію першага “Буквара”, якая нядаўна перададзена з Даніі ў Беларусь. А.Суша дамовіўся з уладальнікамі, што лічбавая копія першага “Буквара” будзе прадстаўлена для адкрытага доступу на інтэрнэт-сайце Каралеўскай бібліятэкі Даніі, а ў бліжэйшым часе з’явіцца і на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

1

«Для мяне асабіста вялікім адкрыццём стала, што зберагаемы ў Даніі асобнік так цудоўна захаваўся да нашага часу, — адзначыў Алесь Суша. — Яшчэ ў 2015 годзе я меў магчымасць асабіста пазнаёміцца і папрацаваць з другім асобнікам “Буквара” ў Лондане. Але, як аказалася, стан захавання кнігі з Каралеўскай бібліятэкі Даніі ў нечым значна лепшы, у ім добра чытаюцца ўсе гравюры, менш пашкоджаная і забруджаная папера. Цяпер у нас з’явілася цудоўная магчымасць паўнацэнна вывучыць гэты надзвычай каштоўны помнік нашай культуры. У гэтым годзе пабачыць свет яго факсімільнае выданне».

3Такім чынам, беларусы ўжо сёння маюць магчымасць пазнаёміцца з тым, як выглядала кніга, якая пачала новую сусветную традыцыю. Прыклад першага “Буквара” сведчыць, які вялікі ўплыў зрабіла беларуска-літоўская кніжная традыцыя на ўвесь рэгіён: сёння з Буквара пачынаецца дарога ў свет ведаў многіх дзетак не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах свету. Назва “Буквар” увайшла ў сучасныя беларускую, рускую, украінскую, балгарскую, баснійскую мовы, а таксама ў абхазскую, аварскую, адыгейскую, айроцкую, алеуцкую, балкарскую, гагаузскую, дагестанскую, далганскую, даргінскую, хакаскую, ханту, цыганскую, чувашскую, чукоцкую, эвенкійскую і іншыя!

Юбілей беларускага “Буквара”, як і 500-годдзе айчыннага кнігадрукавання, паслужыць уздыму патрыятычных пачуццяў і з’явіцца выдатным стымулам да памнажэння ведаў, матывацыяй для навучання ў дзяцей, моладзі і дарослых.

Падрыхтавала Э.Дзвінская.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі