Дыякан Анатоль Шырвель. Дзень Волі — прычына дзякаваць Богу

bnr

Ужо заўтра, 25 сакавіка, Беларусь будзе адзначаць 100-годдзе з дня абвяшчэння незалежнасці ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі — першай спробы аднаўлення беларускай дзяржаўнасці за доўгі час. Сваімі думкамі пра тое, чаму важна дзякаваць Богу за гэты дзень, распавядае дыякан мінскай царквы хрысціян веры евангельскай «Добрая вестка» Анатоль Шырвель.

— Дзень Волі святкуецца ў памяць пра першую ў найноўшай гісторыі спробу абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці. Гэтая дата не знаходзіць адлюстравання ў календары царкоўных святаў Беларусі. Але ў гэты дзень прыстойна падзякаваць Богу за нашу зямлю, народ і дзяржаўнасць. І вось чаму.

Бог сам вызначае, якому народу і дзе жыць. І мы можам быць проста ўдзячныя Яму, што Ён даў нам менавіта гэтую зямлю і гэтых людзей у суграмадзяне. Магчыма, ёсць землі і людзі і лепш, але менавіта гэтыя — нашы, і нам ёсць за што сказаць Богу дзякуй.

Учыніўшы нас па сваім вобразе і падабенстве, Бог заклаў у нас патрэбу да свабоды і самастойнасці, жаданне быць гаспадаром у сваім доме. Таму, і ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, заўсёды былі людзі, рухомыя жаданнем самавызначыцца, стварыць органы самакіравання і ўласную дзяржаву. Я веру, што менавіта гэтым імкненнем былі натхнёныя і стваральнікі БНР. Таму я ўдзячны Богу за гэтую, першую ў найноўшай гісторыі спробу стварыць беларускую нацыянальную дзяржаву.

Я памятаю старажытныя Полацкае і Тураўскае княствы, я памятаю Вялікае Княства Літоўскае, іх дасягненнямі ганаруся, іх паразамі засмучаюся. Але перадумовы да існавання сучаснай Беларусі, як дзяржавы, былі закладзены 25 сакавіка 1918 году.

Я таксама ўдзячны Богу і за прыклад таго, што людзі, рухомыя жаданнем стварыць сваю нацыянальную дзяржаву, але не шануючыя Бога, не могуць разлічваць на поспех.

На жаль, у першых трох устаўных граматах БНР няма ні слова пра Бога, што не дзіўна для сацыялістаў. Гэта паказвае на перакананні стваральнікаў БНР, у якіх, верагодна, не знаходзілася месца Богу. Аднак гісторыя красамоўна сведчыць, што без боскай падтрымкі, без апоры на Бога як крыніцы ўлады і дзяржаўнасці не ўстаіць ні адно дзяржаўнае ўтварэнне, асабліва ў доўгатэрміновай перспектыве.

Былі і геапалітычныя перадумовы пэўныя вакол БНР, былі і памылкі ў стваральнікаў БНР, была і раз’яднанасць беларускіх палітычных сілаў. І гэтая раз’яднанасць, на жаль, заўсёды была рэальнасцю беларускай палітычнай культуры. Па-сапраўднаму пра-беларускія сілы, якія праводзяць беларускія інтарэсы, а не інтарэсы партнёраў з усходу, захаду, поўначы ці поўдня, заўсёды тут былі ў меншасці. І гэта трагедыя нашай нацыянальнай гісторыі і рэчаіснасці.

І ў часы БНР, і ў наш час, наш шанец на існаванне як нацыі са сваёй дзяржавай звязаны з уменнем не варагаваць, а супрацоўнічаць. І гэтая надзея жывая, і яна можа ўвасобіцца ў рэальнасць, калі мы, тыя, што жывуць у Беларусі, навучымся бачыць добрае адно ў адным, і шукаць магчымасці будаваць супрацоўніцтва, грунтуючыся на гэтым добрым.

Таму 25 сакавіка я буду дзякаваць Богу за магчымасць «людзьмі звацца», буду маліць Яго пра тое, каб усе людзі, якія жывуць у Беларусі, усвядомілі каштоўнасць і стваральнасць сумеснай працы для агульнага дабра.

Ёсць яшчэ адна цікавая дэталь. На беларускай мове дзень 25 сакавіка заўжды называлі Днём Волі. Беларускае слова «воля» адначасова азначае і свабоду, і непасрэдна волю, як здольнасць фармуляваць і дасягаць мэты. Мне здаецца, гэта вельмі сімвалічна. Беларусы — даволі мэтанакіраваныя людзі. Мы любім валявых людзей. Засталося толькі палюбіць свабоду, усвядоміць яе каштоўнасць.

Зыходзячы з веравучэння канфесіі, да якой я належу, мы не адзначаем на ўзроўні царквы палітычна важныя даты і святы. Але мы кожны раз молімся за краіну, за народ і за справядлівы палітычны лад. Мы таксама перакананыя, што хрысціянін не можа быць абыякавы да сацыяльных і палітычных выклікаў краіны, у якой жыве.

Кожны хрысціянін мае права на сваю грамадзянскую пазіцыю і права яе выказваць і прымаць удзел у любых мерапрыемствах, якія носяць законны характар.

Таму, як хрысціянін і грамадзянін, я віншую ўсіх беларусаў са святам нацыянальнага самавызначэння, з Днём надзеі на беларускую нацыянальную дзяржаўнасць у поўным сэнсе гэтага паняцця, с Днём Волі!

Жыве Беларусь! Жыве з Богам!

Дыякан Анатоль Шырвель

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі