Служачы Богу і Беларусі. Протаіерэй Стэфан Кульчыцкі

Напярэдадні стагадовага юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі варта згадаць людзей, жыццё якіх было цалкам аддана служэнню Богу і Беларусі. Адзін з іх – сябра Рады БНР, праваслаўны святар Стэфан Кульчыцкі.

Беларускае Праваслаўе заўсёды было з сваім народам. Нават у цяжкі часы, калі яно патрапіла пад кіраванне Урадавага сіноду Расійскай імперыі ды выкарыстоўвалася для русіфікацыі беларусаў, патрыятычныя святары знаходзілі хоць нейкія магчымасці для служэння свайму народу. Такой была і сям’я патомных праваслаўных святароў Кульчыцкіх, адзін з якіх нават браў удзел у Пінскай праваслаўнай кангрэгацыі 1791 года, якая намагалася вывесці Кіеўскую мітраполію з падпарадкавання Расійскай Праваслаўнай Царквы.

Цалкам верагодна, што і бацька а. Стэфана, прат. Іван Кульчыцкі, не вызначаўся адданасцю Расіі, бо калі пасля семінарыі ён падаў прашэнне аб навучанні ў Духоўнай акадэміі, яму было адмоўлена. Усё жыццё ён праслужыў настаяцелям храму у вёсцы Дамавіцк Ігуменскага павету Мінскай губерні, дзе 7 лістапада 1879 года ў яго нарадзіўся сын Стэфан.

Хлопец быў здольны і пасля заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі быў накіраваны на далейшае навучання ў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію, якую скончыў у 1904 годзе са ступенню кандыдата багаслоўя. 11 чэрвеня таго ж 1904 года Стэфан Кульчыцкі атрымлівае іерэйскую хіратонію і скіроўваецца ў вёску Парычы Бабруйскага павету Мінскай губерні ў якасці выкладчыка Закону Божага Жаночага духоўнага вучылішча. Адначасна ён служыць у храме святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны на Старажоўцы, які быў акадэмічным храмам гэтай установы. Пасля трох гадоў служэння маладога святара пераводзяць у Менск, дзе ён выкладае ў Духоўнай семінарыі (да 1914 года)  ды служыць ключарам Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабору.

4(4)

Айцец Стэфан яўна карыстаўся павагай і даверам субратоў-святароў, быў абраны сябрам Менскага епархіяльнага рэвізійнага камітэту. Афіцыйныя крыніцы нават падаюць, што ў 1914 годзе ён быў паднесены да сану протаіерэя. Аднак, па нашым меркаванні, протаіерэям ён стаў не раней 1918 года, бо ў матэрыялах Памеснага сабору РПЦ 1917-1918 гадоў двойчы ўказаны як іерэй.

Падзенне Расійскага самаўладдзя дае магчымасць а. Стэфану Кульчыцкаму плённа паслужыць беларускаму народу. Ужо вясной 1917 года ён абіраецца дэлегатам Усерасійскага з’езду духавенства і міран, які адбываўся ў Маскве з 1 па 13 чэрвеня 1917 года. Менавіта там разам з іншым беларускім святаром, прат. Іванам Карчынскім, гуртуе святароў-беларусаў ды праводзіць З’езд беларускага праваслаўнага духавенства. Таксама прадстаўляе Менскую епархію на Памесным саборы РПЦ.

Пасля стварэння Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ды абвяшчэння Незалежнасці Беларусі прат. Стэфан Кульчыцкі звяртаецца да епіскапа Георгія (Ярашэўскага) з прашэннем дабраславіць удзел у Радзе БНР, куды яго запрасілі як свядомага беларускага праваслаўнага святара. Атрымаўшы дабраслаўленне, з красавіка 1918 года плённа працуе у Камісіі міжнародных спраў ды абіраецца ў выканаўчы камітэт Менскага беларускага прадстаўніцтва.

Пад час бальшавіцкага наступу адмаўляецца пакінуць месца святарскага служэння, Менскі Петра-Паўлаўскі сабор, ды застаецца пад савецкай акупацыяй. Але і тут не кідае беларускай справы, гуртуе праваслаўных беларусаў, кажа патрыятычныя казанні…

У 1919 годзе замест архіепіскапа Георгія (Ярашэўскага), які эміграваў у Варшаву, епіскапам-вікарыем у Мінскую і Тураўскую епархію з тытулам епіскап Слуцкі, часова кіруючы Мінскай епархіяй, пераведзены ўладыка Мелхіседэк (Паеўскі), таксама перакананы беларус, аднагодак а. Стэфана, які робіцца адным з найбольш блізкіх аднадумцаў новага беларускага архірэя.

Разам з уладыкам Мелхіседэкам (Паеўскім), групай беларускіх праваслаўных святароў распачынаецца праца над ідэяй аўтакефаліі Беларускага Праваслаўя. У гэтую групу, апрача прат. Стэфана Кульчыцкага, уваходзіла некалькі свядомых беларускіх святароў: Уладзімір Касцючэнка, Уладзімір Біруля, Уладзімір Хіраска. Ідэю Беларускай Праваслаўнай Аўтакефаліі падтрымлівалі такія вядомыя дзеячы беларускага адраджэння, як Уладзімір Пічэта, Сцяпан Некрашэвіч ды Аляксандр Савіч. Пры гэтым, па дадзеных ДПУ БССР, “фактычна гэта была ідэя беларускіх нацыяналістаў, якія карысталіся падтрымкай духавенства”.

Melhisedek
Мелхіседэк (Паеўскі)

23 ліпеня 1922 года ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы адбыўся з’езд духавенства Менскай епархіі. Ён абвясціў аўтаномію (па некаторых дадзеных – аўтакефалію) Беларускай Праваслаўнай Царквы. З’езд прыняў рашэнне пра ўзвядзенне ўладыкі Мелхіседэка ў сан мітрапаліта з тытулам “Менскі і Беларускі”. У сувязі з тым, што на той час Кіеўская мітраполія падпарадкоўвалася Маскоўскаму Патрыярхату, была накіраваная адпаведная дэлегацыя да Патрыярха Ціхана з просьбай падтрымаць рашэнне беларускага праваслаўнага духавенства. Аднак Маскоўская Патрыярхія выступіла супраць гэтага рашэння беларускага праваслаўнага духавенства, а 11 верасня 1923 года на пашыраным пасяджэнні Святога Сінода ў Данскім манастыры патрыярх Ціхан спрабаваў пераканаць уладыку Мелхіседэка адмовіцца ад самавольна прынятага сану мітрапаліта. Адным з тых, хто падтрымліваў нашага беларускага мітрапаліта ў непахіснасці ягонага служэння Беларусі, быў а. Стэфан.

Пасля Канстанцінопальскага Томасу аб аўтакефаліі Польскай Праваслаўнай Царквы 1924 года, патрыятычнае беларускае духавенства разам з мітрапалітам Мелхіседэкам распачало падрыхтоўку да новага сабору, які мусіў кананічна ўзаконіць аўтакефалію Беларускага Праваслаўя. Гэты сабор адбыўся 9-12 жніўня 1927 года ды абвясціў стварэнне Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Адным з яе дзейных стваральнікаў быў протаіерэй Стэфан Кульчыцкі.

Па наказе ДПУ ды з ягонай дапамогай мітрапаліт Сяргей (Старагародскі) ужо ў верасні 1928 года пераводзіць уладыку Мелхіседэка ў Краснаярск, а ў 1931 года зноў жа праз чэкістаў  выклікае ў Маскву, дзе той памірае пры вельмі цьмяных абставінах…

Протаіерэй Стэфан Кульчыцкі працягваў несці служэнне ў Петра-Паўлаўскім саборы Менска ды робіцца адным з найбольш актыўных прыхільнікаў епіскапа Бабруйскага Філарэта (Раменскага) у барацьбе з навязанымі бальшавікамі абнаўленцамі, адмаўляецца адмовіцца ад служэння ды Беларускай Аўтакефаліі…

Да канца адданы служэнню Богу і Беларусі, сябра Рады БНР, протаіерэй Стэфан Кульчыцкі быў арыштаваны НКУС 28 ліпеня 1937 года, а 25 кастрычніка таго ж году яго прыгаварылі да расстрэлу… 1 лістапада 1937 года ён закончыў свой зямны шлях у Курапатах.

Выкарыстаная літаратура

1. Новомученики и Исповедники Русской Православной Церкви XX века // http://kuz3.pstbі.ccas.ru/bіn/nkws.exe/ans/nm/?HYZ9EJxGHoxІTYZCF2JMTcmZsS8іYOmZsC8cTcmcfS4eTcGZeu-yPqol9XAqTXoyTaxhAGsnBU*

2. Священный собор Российской Православной Церкви. Деяния. Кн.1, вып. 1. М., 1918.

3. Даступныя спасылкі з “Уладзімір навіцкі. Палітыка расколу Рускай Праваслаўнай Царква ў Беларусі (1920-я гг.) // Адукацыя і выхаванне. – 2003. – № 2, 3.”

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі