Мітрапаліт Кандрусевіч: Жыве Беларусь! Жыве Беларусь! Жыве Беларусь! (фотарэпартаж)

25 сакавіка, у дзень, калі па грыгарыянскім календары выпадае Пальмовая нядзеля, а ў Беларусі святкуецца 100-годдзе незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў адмысловую Імшу за Айчыну. Таксама 25 сакавіка традыцыйна каталікі святкуюць Звеставанне (Дабравешчанне), але сёлета свята перанесенае на 9 красавіка.

Імшы папярэднічала ўрачыстая інсцэніраваная працэсія з вербамі і вослікам на ўспамін уваходу Ісуса Хрыста ў Ерусалім. У казанні мітрапаліт нагадаў, як 2000 гадоў таму людзі спачатку радасна віталі Хрыста, а потым асудзілі Яго на смерць.

«Мы павінны спытаць у саміх сябе, да якога тыпу людзей адносімся: да тых, хто заўсёды застаецца верным Богу і Яго закону, ці тых, хто вагаецца, як галінкі дрэва на вятры, паддаючыся тэндэнцыям часу і плывучы па цячэнні сучаснага секулярнага свету», — падкрэсліў ён.

Арцыбіскуп назваў вельмі сімвалічным, што 25 сакавіка, у свята Звеставання Пана, была прынятая Устаўная грамата аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. “Гэтым самым тыя, хто яе падпісаў, абвясцілі свету аб заснаванні новай дзяржавы. Хоць яе далейшы лёс быў вельмі складаным і не прывёў да чаканага выніку, тым не менш сам факт з’яўляецца вельмі красамоўным, бо паказвае імкненне беларускага народа да незалежнасці. Таму сённяшняе свята 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі – гэта свята «звеставання» беларускай незалежнасці і дзяржаўнасці», — сказаў ён.

Паводле яго, «ужо сёння з поўнай упэўненасцю можна сцвярджаць, што яна (БНР – Крыніца) стала паваротным момантам у гісторыі нашай Бацькаўшчыны». Пры гэтым іерарх заклікаў, каб “нашы рашэнні і інтэнцыі абапіраліся не толькі на рацыянальны чалавечы розум, але і на нязменны і заўсёды актуальны Божы закон”, каб мы адчувалі “сваю адказнасць перад Богам і будучымі пакаленнямі за нашу Бацькаўшчыну, за яе законы, за сацыяльную справядлівасць, за выхаванне маладога пакалення, за будучыню сям’і і кожнага асобнага чалавека”.

«Якой Бог хоча бачыць Беларусь? Найперш Ён хоча бачыць яе як краіну, пра насельнікаў якой будуць казаць: “Паглядзіце, як яны любяць адзін аднаго”, — любяць, каб на духоўных каштоўнасцях будаваць адзіную дэмакратычную Беларусь», — падкрэсліў мітрапаліт, дадаўшы, што, святкуючы юбілей 100-годдзя БНР, мы не толькі ўспамінаем мінулыя падзеі, але з надзеяй глядзім у будучыню.

“Беларусь – гэта зямля мучанікаў, вызнаўцаў і сведкаў веры, дзякуючы якім яна была не толькі захавана ў часы ганенняў, але і перададзена маладым пакаленням. Гэта зямля сумленных працаўнікоў, якія заўсёды адраджалі яе пасля шматлікіх ваенных разрух і катастрофаў, як, напрыклад, Чарнобыльская, і працягваюць гэта чыніць далей. Гэта зямля выдатных вучоных, медыкаў, архітэктараў, мастакоў, літаратараў, артыстаў і г.д., якія развівалі і далей развіваюць яе эканамічны, навуковы і культурны патэнцыял. Беларусь — гэта ўсеяная крыжамі, капліцамі і касцёламі зямля, якая духоўна адраджаецца пасля трох пакаленняў ганенняў на веру”, — сказаў арцыбіскуп.

Тадэвуш Кандрусевіч таксама звярнуўся да Багародзіцы Марыі і архангела Міхала з просьбай аб заступніцтва за беларусаў і за Беларусь, каб  “мы выбіралі сваю будучыню згодна з Яго воляю і ўсім сваім жыццём праслаўлялі прыходзячага ў наш беларускі Ерузалем Хрыста словамі сённяшняга Евангелля: “Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана””, каб Хрыстос заўсёды прысутнічаў у нашым жыцці і дапамагаў будаваць Беларусь на евангельскіх каштоўнасцях.

Скончылася Імша адмысловай малітвай за Беларусь, тэкст якой прапанавалі беларускія каталіцкія біскупы. “Жыве Беларусь! Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!” – завершыў набажэнства традыцыйным вітаннем мітрапаліт.

Фота Надзеі Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі