Протаіерэй Сергій Лепін: Любіце Беларусь у сваім бліжнім
25 сакавіка 2018 года на плошчы перад мінскім Оперным тэатрам (на гістарычнай Траецкай гары) адбылося святкаванне 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Сход і канцэрт, прысвечаныя юбілею, наведаў старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы, доктар тэалогіі протаіерэй Сергій Лепін. Святар звярнуўся да ўдзельнікаў святочнай акцыі з пастырскім словам:
— Дарагія браты і сёстры!
Сто гадоў таму беларусы прадпрынялі спробу стварэння сваёй першай нацыянальнай дзяржавы. Напэўна, гісторыкі яшчэ доўга будуць спрачацца наконт вынікаў гэтага кроку ў цэлым, але мы ўжо сёння добра ведаем, што кіраўнікі БНР сваімі ініцыятывамі змагаліся супраць акупантаў і патрабавалі свабоды для многіх тысяч беларусаў, якія пакутавалі ў турмах. Яны хацелі палажыць канец дзяльбе зямель з пераважным беларускім насельніцтвам паміж сумежнымі дзяржавамі, спрабавалі спыніць падзел і асіміляцыю беларусаў, выказваліся супраць прыгнёту праваслаўных. У вытокаў БНР стаялі энтузіясты, якія імкнуліся да адраджэння беларускай гісторыі і культуры, бачылі беларускую дзяржаву і як прадаўжальніцу традыцый старажытнарускай дзяржаўнасці, і як спадчынніцу Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта дзякуючыабвяшчэнню БНР у будучыні стала магчымым з’яўленне БССР — у межах якой пасля распаду Савецкага Саюза і была створана незалежная Рэспубліка Беларусь. Як мы бачым, абвяшчэнне БНР з’яўляецца важным эпізодам у гісторыі фарміравання ідэі беларускай дзяржавы, а таму не павінна застацца без увагі — асабліва ў такую значную юбілейную дату.
Мы шчыра віншуем усіх, хто адзначае 100-годдзе абвяшчэння БНР і хто проста неабыякавы да гісторыі сваёй краіны. Мы малітоўна жадаем дапамогі Божай ураду Беларусі, яе войску, урачам, настаўнікам, навукощцам, дзеячам культуры, рабочым фабрык і заводаў, сельскім працаўнікам і ўсім тым, хто сваёй верай і справамі стаіць на варце нашай незалежнасці і робіць свой рэальны ўнёсак у будучыню нашай краіны.
Разам з тым мы лічым важным нагадаць, што сапраўдны патрыятызм — гэта любоў да свайго народа, а не нянавісць да яго суседзяў. Калі наш патрыятызм уяўляе толькінабор нейкіх ідэалагічных схем і інтэрпрэтацый, то гэта ілжэпатрыятызм. Не бывае сапраўднай любові да Радзімы без любові да народа. А любоў да народа — гэта не любоў да нейкай ідэальнай выдуманай існасці, якую кожны інтэрпрэтуе на свой уласнылад. Гэта любоў да бліжняга — да сукупнасці людзей, якія рэальна акружаюць нас! Ва ўсёй разнастайнасці іх канфесійнай прыналежнасці, нацыянальнасцей, палітычных поглядаў, матэрыяльнага дабрабыту і сацыяльнага статусу, узроўню адукацыі, культуры і нават маральных вартасцей. Шануйце Вобраз Божы ў кожным чалавеку і любіце Беларусь перадусім у сваім бліжнім.
І, канешне ж, мы не можам не нагадаць пра тое, што тэма свабоды і незалежнасці — гэта не толькі палітыка-адміністратыўнае пытанне. Мяжа паміж свабодай і несвабодай праходзіць па сэрцу кожнага чалавека. Не шмат карысці са знешняй свабоды здолее здабыць той, хто з’яўляецца рабом сваіх страстцей, чыя душа поўная нянавісці, ілжы, паклёпу, зайздрасці, сквапнасці, злосці і прагі разбурэння. У дні Вялікага посту будзе дарэчы ўспомніць аб двух фрагментах Свяшчэннага Пісання. Першы — гэта словы Госпада нашага Іісуса Хрыста: “Калі застаняцеся ў слове Маім, то — кажа Гасподзь, — спазнаеце ісціну, і ісціна вызваліць вас” (Ін. 8: 31-33). А другі фрагмент — словы апостала Паўла: “Дзе Дух Гасподні, там свабода” (2 Кар. 3: 17).
Няхай благаславіць Гасподзь Беларусь і няхай даруе ўсім нам мір, любоў, цяпло і пазнанне ісціны.
Слава Хрысту! Жыве Беларусь!
Нагадаем, што 21 студзеня 1921 года урад БНР накіраваў Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму Ціхану зварот («Мемарыял»), у якім выказвалася надзея на прызначэнне ў Беларусь епіскапаў-беларусаў, выкарыстанне беларускай мовы ў пропаведзі, выданне Новага Запавету і малітваў на беларускай мове. У сваім адказе свяціцель Ціхан, ухваліўшы ў цэлым ініцыятыву лідэраў БНР, заклікаў благаславенне Божае на ўвесь беларускі народ і на дзейнасць урада Беларускай Народнай Рэспублікі.
Фота: БелаПАН
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Гродзенская радзільня перастала рабіць аборты 14.12.2019 03:55
- Пратэсты ў Мінску: хрысціяне і незалежнасць 10.12.2019 00:26
- Літургіі на беларускай мове ў праваслаўных храмах Беларусі ў снежні 04.12.2019 00:21
- Севярынец: 7 снежня — плошча Каліноўскага 03.12.2019 22:13
- У чаканні не стаць “пачакунамі” 02.12.2019 09:24
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)
- Біскуп Віцебскі: Мастацтва не дазваляе чалавеку стацца звыклым да прыгажосці наваколля (фотарэпартаж)
- «Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку (фотарэпартаж)
- Будслаў-2018: знічкі пад дажджом (фотарэпартаж)
- У Мінску больш за 100 дзяцей прынялі першую камунію ў Чырвоным касцёле (фотарэпартаж)