За што маглі б пасадзіць Ісуса Хрыста ў сучаснай Беларусі?

sud-saushenuya-600

«Што б зрабіў Ісус?» — такое пытанне часта прапануюць задаваць людзям у складаных жыццёвых сітуацыях, каб дапамагчы ім прыняць правільнае рашэнне. Мы ж напярэдадні свята Хрыстовага ўваскрасення вырашылі некалькі перайначыць пытанне на «Што б зрабілі з Ісусам?» І параўнаць, як маглі б расцаніць зямное жыццё Бога-Сына з пункту гледжання сучаснага беларускага заканадаўства.

Мы не будзем закранаць багаслоўскія аспекты Яго дзейнасці, а толькі паспрабуем паглядзець, як грамадскую актыўнасць Хрыста можна было б трактаваць у беларускіх рэаліях, пра якія мы рэгулярна даведаемся з паведамленняў СМІ і праваабаронцаў. Ацэнка, безумоўна, не прэтэндуе на статус ісціны ў апошняй інстанцыі, а з’яўляецца толькі спробай параўнаць, як было тады і як стала зараз.

Пачнем з удзелу Ісуса Хрыста ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — хрышчэнні, арганізаваным Янам Хрысціцелем у рацэ Ярдан (Мц 3:5-13). Наўрадці, апошні прарок Старога Запавету, які актыўна крытыкаваў улады краіны, за што пасля быў заключаны ў вязніцу і пакараны смерцю, браў дазвол на акцыю ў Ерусалімскім гарвыканкаме, заключаў пагадненне з мытнікамі, гвардыяй цара Ірада або з рымскімі легіянерамі.

Далей больш — Ісус сам прыступае да арганізацыі масавых мерапрыемстваў, колькасць удзельнікаў якіх ішла на тысячы (напрыклад, Мц. 4:25, Мц. 5-7, Мц. 13:1-2, Мц. 14:14, Мц. 18:30, Мц. 21 і іншыя). Пры гэтым Ён актыўна выступае перад прысутнымі, напрыклад, з Нагорнай пропаведдзю.

У Беларусі ж удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах караецца па арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, якая прадугледжвае арышт ці вялікі штраф. За іх арганізацыю або паўторны ўдзел у падобных мерапрыемствах пакаранне толькі павялічваецца. Мяркуючы з практыкі беларускіх сілавікоў, легіянеры павінны былі б затрымаць апосталаў яшчэ на падыходах да прывязанага аслу, а на месцы Нагорнай пропаведзі ў лепшым выпадку стаялі б турнікеты, у горшым — калясніцы для перавозкі затрыманых.

Больш за тое, услед за масавымі акцыямі Хрыстос бярэ і стварае сваю арганізацыю — 12 апосталаў, якіх адразу ж пасылае з місіяй у іншыя гарады (Мц. 10:1-5). Пры гэтым згадак пра тое, што Ён перад гэтым звярнуўся па рэгістрацыю РГА «12 апосталаў» ва ўпраўленне юстыцыі Юдэйскага аблвыканкама або Мінюст Рымскай імперыі, у Бібліі няма. А за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, у тым ліку і рэлігійнай, артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса Беларусі прадугледжвае ні многа, ні мала, а да двух гадоў пазбаўлення волі.

За разгон гандляроў і перавернутыя сталы ў Ерусалімскім храме Хрысту прыйшлося б адказваць па артыкуле 17.1 КаАП (штраф ці арышт) або частцы 1 артыкула 339 КК (да трох гадоў пазбаўлення волі), а то і за масавыя беспарадкі (арт. 293 КК), як гэта было пасля падзеяў 19 снежня 2010 года. Тады, нагадаем, тэрміны дасягалі 6,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Калі па Ісуса прыйшлі ў Гефсіманскі сад, апостал Пятро ўдарам нажа адсек вуха аднаму з ваяроў (Ян 18:10). Як тут не ўзгадаць выпадак са Святаславам Барановічам, які 15 сакавіка 2017 года, абараняючы ўдзельнікаў санкцыянаванай акцыі пратэсту ў Мінску, паваліў на зямлю нападніка ў касцюме «гопнікаў». А той апынуўся супрацоўнікам міліцыі, за што Барановіча асудзілі на тры гады пазбаўлення волі. А ў апостала Пятра абцяжарваючых абставін было відавочна больш.

У першасвятара затрыманы і збіты Ісус, на думку ўдзельнікаў працэсу, праявіў непавагу да суду (Ян 18: 19-22), а гэта — штраф або адміністрацыйны арышт (артыкул 24.1 КаАП).

Таксама Хрысту ўзгадалі словы пра разбурэнне храма (Мк. 13:1-4 і Мк. 14:58), што расцанілі ледзь не як пагрозу тэрактамі (арт. 290 КК — да пяці гадоў пазбаўлення волі).

Фінальнай кропкай у Яго прысудзе стала нібыта падрыхтоўка да бунту (Лк. 23:2-5). Узровень абгрунтаванасці абвінавачання, дарэчы, чымсьці нагадвае леташнюю справу «Белага легіёну», якая развалілася ў пух і прах. Нагадаем, што яго фігурантам інкрымінавалі тады частку 3 артыкула 293 КК, а гэта да трох гадоў пазбаўлення волі.

Так што, ва ўмовах беларускай рэчаіснасці Ісуса Хрыста калі і не расстралялі б, то падстаў надоўга схаваць за краты знайшлі б плойму. Пры гэтым названыя практыкі беларускіх уладаў не з’яўляюцца агульнапрызнанымі ў свеце і часта крытыкуюцца сусветнымі праваабарончымі арганізацыямі, кіраўніцтвам дэмакратычных краін і наднацыянальных асацыяцый.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі