Арцыбіскуп Кандрусевіч: Крыж Хрыста дазваляе бачыць цярпенні і смерць у святле ўваскрасення

2018-03-31-2-30-03-2018

30 сакавіка вечарам Вялікай пятніцы у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі Літургію Мукі Пана з адарацыяй Святога Крыжа ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, паведамляе Catholic.by.

Крыж, які ва ўсе часы быў і застаецца знакам спакусы, бо спалучае ў сабе на першы погляд неспалучальныя рэчы, стаў праводнаю думкаю ў гаміліі, з якой звярнуўся да вернікаў іерарх. Ён  перадусім звярнуў увагу на тое, што ў англамоўным свеце Вялікая пятніца называецца Добрай пятніцай (Good Friday). Разам з тым, у іншых мовах гэты ж дзень называецца таксама Сумнай пятніцай (напрыклад, Страстная пятница на рускай мове).

«Як трагічны і сумны дзень у той жа час можа быць добрым і прыгожым?» — задаўся пытаннем арцыбіскуп, падкрэсліўшы, што такую супярэчнасць можна растлумачыць толькі пэўным парадоксам гэтага незвычайнага дня.

«Кожны парадокс мае два твары. Гэта тая самая рэчаіснасць у дзвюх розных праявах. Абедзве яны праўдзівыя і не могуць быць аддзелены адна ад адной, падобна як не могуць быць аддзелены два бакі адной манеты. Вялікая пятніца таксама мае два твары: адзін як быццам глядзіць назад, другі — наперад. Адзін увасабляе цярпенні і крыжовую смерць Езуса, другі — радасць уваскрасення. Гэтыя два аспекты разам складаюць адзіную Пасхальную таямніцу. Каб лепш зразумець сэнс гэтай таямніцы, Касцёл цэлебруе Пасхальны Трыдуум, які вядзе нас шляхам ад смерці Хрыста да Яго ўваскрасення. На гэтым шляху ключавое месца займае Вялікая пятніца, калі смерць і жыццё сустракаюцца. Штосьці падобнае мы перажываем апоўначы, калі сустракаюцца канец мінулага дня і пачатак новага».

Пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі падкрэсліў, што ў Вялікую пятніцу ва ўсёй паўнаце раскрываецца сэнс Крыжа Езуса Хрыста: «Крыж — гэта ўнікальны знак, які дае нам магчымасць зазірнуць у сэнс Пасхальнай таямніцы. Толькі крыж можа паказаць нам, як кантрастныя моманты смерці і ўваскрасення, знявагі і славы „прыміраюцца“ паміж сабой. Крыж Хрыста дазваляе нам бачыць цярпенні і смерць, а таксама цяжкасці штодзённага жыцця ў святле ўваскрасення».

Заключныя словы арцыбіскупа прагучалі як пажаданне і заахвочванне вернікам: «Няхай Вялікая пятніца пазначыць нашыя сэрцы знакам крыжа, які заўсёды будзе нагадваць нам пра выклікі жыцця з мэтай верна следаваць за Хрыстом».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі